Сінгапур — мадэль для Беларусі

Візіт Лукашэнкі ў Сінгапур, як і можна было прадбачыць, не прыцягнуў увагі і практычна не асвятляўся ў мясцовых і рэгіянальных СМІ. Мінімум навін. Усяго два матэрыялы ў рэгіянальнай прэсе.



1_.jpg

Звычайная справаздача. Тым не менш, наўрад ці можна аднесці яго да выключна турыстычных. У пэўным сэнсе, гэта знакавы візіт.

З афіцыйных колаў ужо здаўна раз-пораз прарываліся сігналы, хаця і вельмі асцярожныя, што кіроўная эліта ўважліва прыглядаецца да сінгапурскага варыянту мадэрнізацыі, які дазваляе і дыктатуру захаваць, і эканоміку з прорвы выцягнуць.

Падобна на тое, што пад уплывам свайго атачэння А. Лукашэнка таксама пачынае ўсведамляць, як працуе азіяцкая мадэль і мае ўжо сур’ёзныя намеры спрыяць іх інвестыцыям у Беларусь, прасоўванню прадукцыі беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў на азіяцкія рынкі.

Бальзам да яго душы: сінгапурскія бізнэсмэны і палітыкі не будуць пытацца ў яго пра правы чалавека. Але і бясплатныя субсідыі таксама не дадуць. Неабходна будзе гуляць па сусветных правілах — без хітрыкаў гарантаваць бяспеку ўкладаў, без дурняў улічваць іх інтарэсы, пастаўляць якасны тавар.

Гэтыя чырвоныя сцяжкі былі дастаткова выразна расстаўленыя ўжо ў прывітальнай прамове прэзідэнта СінгапураТоні Тана на дзяржаўным банкеце. Па ўсходняму ветлівай, але і па дзелавому акрэсленай.

Паміж Сінгапурам і Беларуссю існуюць сяброўскія адносіны, — адзначыў Тоні Тан. — З таго часу, як у 1992 годзе былі ўсталяваны дыпламатычныя стасункі, сувязі паміж нашымі краінамі добра развіліся. У нас — маленькіх краін, абкружаных буйнымі суседзямі, — шмат агульных інтарэсаў”. Але, увага: “Мы высока цэнім значэнне міждзяржаўных форумаў і міжнародных арганізацый…

І ўжо зусім празрыста пра факт з мінулага як знак на будучыню: “Наша эканамічнае супрацоўніцтва вырасла пасля таго, як у траўні 2000 года было падпісана і ўступіла ў сілу “Пагадненне аб садзейнічанні і абароне інвестыцый”. Падпісанне пагаднення аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання дазволіць стварыць лепшыя ўмовы для эканамічнага супрацоўніцтва і будзе спрыяць пашырэнню гандлю і інвестыцый паміж нашымі краінамі. Падпісанне пагаднення аб узаемнай адмове ад візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў — гэта добры першы крок па садзейнічанні больш частым абменам паміж нашымі чыноўнікамі і народамі”.

2.jpg

Мне падаецца, што кабінет Лукашэнкі пачынае рэальна разумець механізм сінгапурызацыі, асабліва пасля таго, як члены дэлегацыі на свае вочы ўбачылі, што за цуд уяўляе сабою горад Сінгапур. Вялікі эскорт з высокапастаўленых чыноўнікаў і гаспадарнікаў, які суправаджаў Лукашэнку, гэтым разам выглядае апраўданым.

Паміж Сінгапурам і Беларуссю, на мой погляд, сапраўды многа агульнага. Абедзве краіны параўнальна невялікія, размешчаныя на самых стратэгічна важных маршрутах — адпаведна, на моры і на сушы. Сінгапур — на шляху з Індыйскага ў Ціхі акіян, Беларусь — з Еўропы ў Азію. Насельніцтва абодвух краін мае падобны профіль па так званых культурных вымярэннях — аддае перавагу кіруемай і ўладкаванай сістэме, валодае здольнасцю ствараць і высока цэніць прадметы паўсядзённай культуры, гатовае ахвяраваць значнай часткай свабоды ў абмен на бяспеку і адносна невысокі, але ўстойлівы дабрабыт, дрэнна ставіцца да карупцыі, не любіць рызыкі, але схільнае да творчых навацый і вынаходніцтва, без напругі прымае тэхналагічныя мадэрнізацыі, з ахвотай вучыцца. Прычым, усё гэта ў спалучэнні з легендарнай працавітасцю.

Цікавы факт, як бы ў пацвярджэнне творчых здольнасцяў і ініцыятыўнасці беларусаў, прывёў у сваёй прамове прэзідэнт Сінгапура. Прамаўляючы пра высокі патэнцыял для культурніцкіх стасункаў “дзякуючы багатым культурным і мастацкім традыцыям Беларусі, асабліва ў музыцы і танцах”, Тоні Тан згадаў аб адкрыцці Малой танцавальнай акадэміі былымі беларускімі балерынамі ў лютым мінулага года, якое “ўзбагаціла мастацкую сцэну Сінгапура”. Удакладню, гэта Алена Канеўская (http://littledanceacademy.com/founders), выпускніца Мінскай харэаграфічнай вучэльні. Шкада толькі, што дзеля прафесійнай рэалізацыі і сацыяльнага камфорту таленавітым беларусам даводзіцца ехаць у блізкае і далёкае замежжа. Зусім не па праграмах абмену.

Зыходзячы з ацэнкі падабенства беларускага і сінгапурскага профіляў, я заўсёды быў упэўнены, што сінгапурская мадэль дзяржаўнага навукаёмістага капіталізму натуральна падыходзіць для Беларусі. Цяпер, калі я правожу ў дзелавых колах Сінгапура некалькі дзён на месяц, упэўніўся ў тым яшчэ болей.

Перашкодай да разумення гэтага варыянту беларускім кіраўніцтвам былі савецкія шаблоны мышлення. Факт гэтага візіту дае падставы, пакуль яшчэ дастаткова прывідныя, меркаваць, што яно пачынае іх паступова пераадольваць і вучыцца ў глабальна арыентаваных, эканамічна адукаваных дыктатур ціхаакіянскага рэгіёна. Найлепшай, зразумела, была б нармальная дэмакратычная трансфармацыя, як эканамічнай, так і палітычнай сістэмы, але рэальнасць пакуль такая, якая ёсць.

Фота аўтара