Карміць трэба, каб не зляцелі…

Аляксандр Лукашэнка не атрымаў ад Расіі крэдыт у памеры 2 мільярды долараў і з’ехаў з заснежанай Беларусі ў цёплыя краіны. Пэўна, ад расчаравання. Таму што беларускія эканамічныя паказчыкі нікога не ўзрадуюць.  



30c0a496a57bcc2c7c6c481342526729.jpg

У гэтым годзе Беларусь па ўзроўні інфляцыі апярэдзіла ўсю Еўропу. Наша інфляцыя падыходзіць пад азначэнне «гіперінфляцыі». Гэта рост цэн больш чым на 100% за тры гады. Афіцыйная статыстыка сведчыць, што інфляцыя ў Беларусі па стане на люты 2013 года складае 4,3%. Лічба невысокая, але яна дасягаецца толькі таму, што па методыцы Белстата штогод 1 студзеня адбываецца «абнуленне» інфляцыі.

А вось у заходняй традыцыі — публікацыя гадавой інфляцыі. Гэта значыць, цэны ў лютым гэтага года параўноўваюцца з цэнамі ў лютым мінулага года. Па такой методыцы падліку інфляцыя ў Беларусі складае 22,7%.

Гэта найбольшы паказчык сярод еўрапейскіх дзяржаў. У наступнай краіне з нестабільнай эканомікай, Сербіі, цэны выраслі на 12,4%. Яшчэ чатыры краіны — Турцыя, Расія, Ісландыя і Венгрыя — маюць гадавую інфляцыю вышэй за 5%. У Еўрасаюзе ў сярэднім цэны за год выраслі на 2%. А ў суседняй Украіне цэны нават зменшыліся. Ну як тут не расчаравацца?

Можна было б казаць пра тое, што нашая інфляцыя кампенсуецца за кошт росту заробкаў, і мы добранадзейна выканалі і перавыканалі гэты паказчык, дасягнуўшы «дакрызіснага» ўзроўню і нават пераўзышлі яго, забяспечыўшы сярэдні заробак у 500 долараў. Пра гэта распавядалі на кожным скрыжаванні напрыканцы мінулага года. Ала распавядалі дарма.

Як паведаміла начальнік упраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследавання хатніх гаспадарак Белстата Іна Канашонак 19 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску, у 2012 годзе сярэднямесячная зарплата ў Беларусі складала 447 долараў у эквіваленце. Абагналі Беларусь па гэтым паказчыку Расія (859 долараў), Казахстан (678) і Азербайджан (504).

Паводле інфармацыі Канашонак, сярэднямесячная зарплата работнікаў (без уліку работнікаў малых і мікраарганізацый) летась скала 3,7 мільёна рублёў. Найбольшымі тэмпамі рэальная зарплата расла ў сельскай гаспадарцы (за год яна павялічылася на 32%), будаўніцтве (на 27,1%), на транспарце і сувязі (на 26,8%). «Нягледзячы на высокі тэмп росту зарплаты ў сельскай гаспадарцы яе намінальнае значэнне ў 2012 годзе было на 27% ніжэйшым за сярэднерэспубліканскі ўзровень», — заўважыла Канашонак.

У бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў 2012 годзе склала 2,7 мільёна рублёў. І як мы пражылі на такія грошы?

А тым не менш, беларускі бюджэт чакаюць новыя выпрабаванні. Дзякуй Богу, надвор’е пакуль адклала пасяўную, але ад яе мы нікуды не падзенемся. А потым будзе не толькі «бітва за ўраджай», але і падвядзенне вынікаў гэтай бітвы.

Для падрыхтоўкі да рэспубліканскіх «Дажынак» спатрэбіцца каля трыльёна рублёў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 сакавіка старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Сёлета «Дажынкі» пройдуць у Жлобіне Гомельскай вобласці.

Гэтая сума спатрэбіцца для прывядзення ў парадак усёй інфраструктуры Жлобіна і раёна, а таксама для заканчэння будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. «У прынцыпе, Жлобін не абдзелены аб’ектамі інфраструктуры — там ёсць усё, што неабходна для нармальнага жыцця, — адзначыў Дворнік. — Таму галоўная задача — зрабіць гэты горад па-сапраўднаму камфортным».

Асноўная частка сродкаў будзе выдзеленая з абласнога бюджэту, заявіў губернатар, бо Гомельскі рэгіён больш за ўсё зацікаўлены ў стварэнні на яго тэрыторыі горада, прывабнага па ўсіх крытэрах. У Жлобіне да «Дажынак» будуць уведзеныя новыя аб’екты — гатэль на 114 месцаў, дзіцячы сад, універсальная зала гульнявых відаў спорту. Будуць добраўпарадкаваныя прывакзальная плошча і аўтавакзал, шэраг вуліц, сацыяльных аб’ектаў і зон адпачынку. Мясцовы краязнаўчы музей перабярэцца ў новы будынак.

Гэта ж проста жах! Мільярд рублёў, каб зрабіць горад камфортным! А калі б Жлобін «быў абдзелены аб’ектамі інфраструктуры», колькі б гэта каштавала падаткаплатнікам? У два, у тры разы больш? Навошта нам такія «Дажынкі» пры такім заробку?

Можа, таму беларусы і імкнуцца з’ездзіць набыць што-небудзь за мяжу?

Як паведамляе Еўракамісія, Беларусь з’яўляецца сусветным лідарам па атрыманні яе грамадзянамі шэнгенскіх візаў. Паводле апублікаванай статыстыкі, на 1000 беларусаў было выдадзена 73 шэнгенскія візы. Гэта самы высокі паказчык у свеце. Колькасць шэнгенскіх візаў, атрыманых грамадзянамі нашай краіны ў 2012 годзе, склала амаль 700 тысяч. А дакладней, 693 425 шэнгенскіх віз катэгорыі «С» і 10 054 віз з абмежаваным тэрытарыяльным дзеяннем.

Па колькасці ўязных дакументаў, выдадзеных грамадзянам нашай краіны, лідзіруе Польшча. У мінулым годзе гэтая краіна забяспечыла візамі 291 827 беларусаў. Літва выдала 193 219 віз, Германія — 65 809. Нізкай з’яўляецца колькасць адмоў, атрыманых пры падачы дакументаў для афармлення візы. У мінулым годзе толькі 0,5 адсоткам грамадзян Беларусі, якія звярнуліся ў пасольства і консульства шэнгенскіх краін, было адмоўлена ў выдачы віз.

Што гэта значыць? Можа, карміць беларусаў трэба лепш, каб яны не «зляталі» ў цёплыя замежныя краіны?

А пакуль беларускія ўлады спрабуюць адміністрацыйна абмежаваць беларусам выезд, альбо, прынамсі, не даваць ходу прапановам зрабіць яго больш вольным.

У Брусэлі быў распаўсюджаны даклад пра гадавыя вынікі праграмы Еўрапейскай палітыкі суседства. У ім адзначаецца, што ў чэрвені 2011 года камісія ЕС прапанавала Беларусі пачаць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і пагадненні аб рэадмісіі ў інтарэсах насельніцтва ў цэлым. Беларускія ўлады не адгукнуліся на прапанову.

Зразумела, што ўлады не далі адказу. Інакш бы зараз у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» вісела заўважная аб’ява: «Хто будзе адлятаць апошнім — не забудзьцеся выключыць тут святло