Пракаповіч: мы бярэм новыя крэдыты, каб выплаціць старыя

Беларускія ўлады прыцягваюць знешнія крэдыты, каб забяспечыць стабільнасць эканомікі, у тым ліку і з пункту гледжання рэструктурызацыі знешняй запазычанасці. Пра гэта 22 сакавіка заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Пётр Пракаповіч. "На гэты год і наступны прыпадаюць пікавыя выплаты па знешняй запазычанасці. І стаіць задача правесці рэструктурызацыю гэтай запазычанасці", — сказаў ён.



p2edas_w465h262.jpg

Пётр Пракаповіч адзначыў, што знешні доўг Беларусі на 1 студзеня 2013 года склаў 12 млрд долараў, і, каб іх выплаціць, неабходна частку сродкаў пазычаць, у тым ліку за кошт крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, перадае БелТА.
 

Віцэ-прэм'ер паведаміў, што няма і прынцыповых пярэчанняў з боку расійскіх калегаў па вылучэнні Мінску 2 млрд крэдытаў, засталося толькі адпрацаваць тэхніку гэтага пытання. Тым не менш, сказаў ён, Мінфін РФ пакуль не вызначыўся з гэтым, паколькі ў іхным бюджэце на 2013 год гэтая сума не прадугледжаная. "Таму мы цяпер разам з імі вырашаем, як тэхнічна вырашыць гэтую задачу", — заявіў Пётр Пракаповіч.
 

Акрамя таго, беларускія ўлады маюць намер выкарыстоўваць унутраныя магчымасці для пазык шляхам выпуску каштоўных папер для насельніцтва. "Будзем выпускаць каштоўныя паперы для юрыдычных асобаў, выкарыстоўваць іншыя нашы інструменты, каб максімальна скарыстаць выгоды такога пазычання", — адзначыў віцэ-прэм'ер.
 

Як паведамляў Тэлеграф, на перамовах 15 сакавіка прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвалі, з удзелам прэм'ераў дзвюх краін Дзмітрыя Мядзведзева і Міхаіла Мясніковіча, перш за ўсё крэдыт, пра які просіць Беларусь. Перамовы аб выдзяленні Расіяй новага крэдыту Беларусі ў памеры 2 млрд долараў "не прасунуліся ні на крок наперад", хоць і не адышлі "ні на крок назад таксама".

telegraf.by