«Скарачэнне дыппрадстаўніцтваў за мяжой — гэта капітуляцыя»

Нават калі беларускія ўлады паўтораць «катынскую трагедыю», ад гэтага Польшча ніяк не стане прабеларускай, а ўлады наклічуць праблемы на сваю галаву.

egr1yxzwsaeoj3d.jpg


Лукашэнка на нарадзе 6 красавіка заявіў аб магчымым скарачэнні беларускай дыпламатычнай прысутнасці за мяжой. А па сутнасці — закрыцці пасольстваў у асобных краінах. Асабліва дасталася ад Лукашэнкі Польшчы, якой ён паабяцаў «даць па мордзе».

Пра новыя тэндэнцыі ў беларускай знешняй палітыцы «Беларускі партызан» распытаў аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзіма Мажэйку.

— Лукашэнка паабяцаў «даць па мордзе» Польшчы. Беларуская замежная палітыка выходзіць на новы ўзровень — узровень падваротні?

— Рыторыка можа гучаць розная. А па-сутнасці мы чуем старадаўнія наратывы, што вакол ворагі і перш за ўсё Літва і Польшча, якія ўяўляюць сабою перадавы атрад дрэннага заходняга свету. І з імі трэба ваяваць, таму што яны хочуць знішчыць усё добрае. Але ўсе гэтыя выразы інакш як бяссільнай злосцю назваць нельга, таму што дэ-факта Беларусь у сілу свайго палітычнага і эканамічнага месца ў сучасным свеце не валодае магчымасцямі ўскладніць жыццё той жа Польшчы. Адсюль ціск на Саюз палякаў, на польскія школы ў Беларусі, арышты польскіх журналістаў. Але ў рэшце рэшт усе дзеянні нагадваюць бамбёжку Валожына, як казаў Чалы, а Польшчы шкодзяць хутчэй сімвалічна.

— У чым сутнасць гэтага канфлікту з Польшчай?

— Мне здаецца, сутнасць канфлікту зводзіцца да банальнай крыўды, што побач знаходзяцца краіны, якія маюць крытычную пазіцыю па Беларусі. Але асабліва беларускую ўладу раздражняе, што яны мелі роўныя, а тое й горшыя стартавыя пазіцыі, а цяпер сталі паспяховымі: Літва, Польшча, краіны Балтыі ў цэлым, дзе робіцца не поўны жах, як сцвярджае беларуская прапаганда, а будуецца дэмакратыя і павышаецца ўзровень жыцця. Беларускую прапаганду раздражняе такое становішча рэчаў, а за немагчымасцю абмяркоўваць рэальныя праблемы Польшчы і Літвы даводзіцца, услед за Лукашэнкам, прыдумляць гісторыі пра прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі і да таго падобнае.

Чаму Польшча выклікае раздражненне ў беларускай улады? Беларусь не можа ўвесці санкцыі супраць Польшчы, не можа балюча ўдарыць ні эканамічна, ні палітычна.

— Чаго хоча дамагчыся афіцыйны Мінск дробнай помстай?

— Рацыянальныя матывы дзеянняў беларускай улады тут не праглядаюцца, бо нічога іншага, акрамя як сапсаваць сабе самой жыццё, не атрымаецца. Лукашэнка не можа распачаць такія дзеянні супраць палякаў у Беларусі, пасля чаго Польшча вымушаная была б выдаць Латушку і Сцяпана Пуцілу. Нават калі беларускія ўлады паўтораць «катынскую трагедыю» , ад гэтага Польшча ніяк не стане прабеларускай, але ўлада наклікае праблемы на ўласную галаву. Так заўсёды бывае пры дробнай помсце. Але трэба не зайздросціць іншым, а вырашаць свае праблемы. Але, паколькі вырашаць уласныя праблемы і не хочацца, і не можацца, то даводзіцца займацца вось такім глупствам.

— Польшча, Літва, Латвія пасля 9 жніўня 2020 года занялі жорсткую пазіцыю ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Пасля крывавай нядзелі 2010 года Захад таксама займаў жорсткую пазіцыю ў дачыненні да беларускіх улад, але ў выніку пайшоў назад. Цяпер нашы суседзі могуць пераглядзець сваю пазіцыю?

— Як паказвае жыццё, няма нічога немагчымага. Пытанне: што для гэтага павінна здарыцца? Папярэдні раз для нармалізацыі міжнародных стасункаў спатрэбіўся такі моцны «чорны лебедзь», як Крым, як Мінскія перамовы аб Данбасе. Тэарэтычна могуць адбыцца крытычныя падзеі, якія вымусяць Захад аднавіць справы з Беларуссю. Але пакуль у бліжэйшай рэальнасці падобных узрушэнняў нават блізка не праглядаецца. Праблемы ў адносінах з Польшчай утварыліся вельмі сур’ёзныя, таму для іх вырашэння спатрэбяцца не менш сур’ёзныя перамены, прычым не ў Польшчы, а ў самой Беларусі. Прычым, спыненне гвалту, простае вызваленне палітвязняў, што магло б стаць добрым знакам само па сабе, праблемы не вырашаць.

Пакуль мы бачым, што беларускія ўлады фактычна змірыліся з паразай беларускай дыпламатыі, а заява Макея пра магчымае скарачэнне дыпламатычнай прысутнасці за мяжой — фактычна прызнанне, што ў некаторых краінах беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы не здольныя дамагчыся выніку. Па сутнасці, гэта капітуляцыя.