Следчы камітэт Беларусі завёў 23 крымінальныя справы па факце пагроз дзяржслужбоўцам
Следчы камітэт Беларусі распачаў 23 крымінальныя справы па факце пагроз прымянення гвалту на адрас дзяржслужбоўцаў. Пра гэта паведамляе телеграм-канал СК ведамства.

"Большасць пагроз дзяржслужбоўцам, дэпутатам, настаўнікам, сябрам выбарчых камісій паступае на службовыя і асабістыя тэлефоны, размешчаныя ў вольным доступе ў сетцы інтэрнэт", — гаворыцца ў паведамленні.
Усяго ў міліцыю паступілі 30 заяваў, па астатніх сямі матэрыялах праводзіцца праверка. СК папярэджвае, што ў іх дастаткова рэсурсаў для ўстанаўлення ананімных асобаў, якія нібыта пагражаюць дзяржслужбоўцам.
"Аналіз дазваляе сцвярджаць, што асноўная маса правапарушальнікаў — гэта моладзь, якая да выбараў палітыкай не цікавілася. Аднак некаторыя тэлеграм-каналы мабілізавалі "канапавае войска", і яно, упэўненае ў беспакаранасці, прынялося атакаваць словам, а часам і дзеяннем. І абсалютна не задумваецца пра наступствы", — палохае СК. І нагадвае, што артыкул 366 КК Беларусі — за гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службоўцаў — прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.
Між тым, за гвалт, здзекі, збіццё, катаванні, нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ізалятарах затрыманых падчас акцый пратэсту, нягледзячы на сотні заяваў пацярпелых, пакуль не заведзена ніводнай крымінальнай справы.
А памочнік дзейнага кіраўніка Беларусі Мікалай Латышонак раней на пытанне пра тое, чаму дагэтуль не распачата ніводнай крымінальнай справы аб збіцці і гібелі пратэстоўцаў, адказаў: "Усё, што вы робіце, — гэта рэвалюцыйны працэс, а рэвалюцыйны працэс заўсёды караецца".
Паводле www.currenttime.tv