Справа не ў народзе, а ва ўладзе
Колькі часу існуе цяперашні рэжым, столькі выказваецца думка, што праблема Беларусі — не ў Лукашэнку, а ў народзе. Маўляў, беларускае грамадства адрынае дэмакратычныя каштоўнасці. Народу патрэбна не свабода, а
«моцная рука». На такія настроі электарату і абапіраецца Аляксандр
Лукашэнка ў сваёй палітыцы.
Вось толькі некалькі найбольш характэрных прыкладаў. Прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта (ЗША) Грыгорый Ёфэ ў 2014 годзе апублікаваў кнігу «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксце», у якой вельмі станоўча ацэньвае дзейнасць беларускага лідара. Галоўны аргумент, які вылучае Ёфэ, ствараючы станоўчы вобраз кіраўніка Беларусі, палягае ў тым, што той адлюстроўвае памкненні, настроі, жаданні, думкі свайго грамадства. Маўляў, іншай палітыкі ён і не мог праводзіць, і калі ў нечым і памыляецца, дык разам з народам.
Падобную думку рэгулярна выказвае ў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ доктар філасофскіх навук Вячаслаў Оргіш. Спасылаючыся на даследаванні НІСЭПД, ён сцвярджае, што «чалавек савецкі» па-ранейшаму пераважае ў беларускім грамадстве, служыць электаральнай апорай аўтарытарызму.
Былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды ў нядаўнім артыкуле піша: «Нам трэба раскадаваць грамадства. У нас ёсць культурныя бар’еры, якія тармозяць эканоміку: спажывецкае стаўленне да інвестараў, да дзяржавы і адзін да аднаго, прыярытэт роўнасці над багаццем, арыентацыя на савецкае мінулае, гігантаманія, матывацыя пагрозамі (заклік да інстынктаў, а не да здаровага сэнсу), ухіленне ад адказнасці і балючых рашэнняў».
Безумоўна, нельга адмаўляць прыхільнасць значнай часткі беларусаў да недэмакратычных, патэрналісцкіх каштоўнасцяў. Сапраўды, існуюць пэўныя культурныя бар’еры на шляху пераходу да рынку і дэмакратыі. І «праект Лукашэнкі» — гэта кансерватыўная рэакцыя беларускага грамадства на выклікі мадэрнізацыі і глабалізацыі, бунт супраць дэмакратычных каштоўнасцяў. Можна пагадзіцца, што ў рамках гэтай сацыяльнай мадэлі значная частка насельніцтва адчувала, дый цяпер адчувае, псіхалагічны камфорт.
Тым не менш, праблема больш складаная.
Па-першае, спасылка на народ — не ёсць гістарычным апраўданнем. Мы ведаем шмат прыкладаў, калі дыктары, якія прыводзілі свае народы да трагедыі, былі дэмакратычна выбраныя і шмат гадоў мелі шырокую падтрымку насельніцтва, адлюстроўвалі яго настроі.
Калі казаць пра Беларусь, то беларуская сацыяльная мадэль, у свой час падтрыманая народам, прывяла да відавочнага крызісу. Атрымалася, што лідар, няхай сабе і абапіраючыся на большасць насельніцтва, прывёў краіну ў гістарычны тупік.
Лідар нацыі, асабліва той, які кіруе краінай больш за 20 гадоў, і ўжо адным гэтым фактам прэтэндуючы на адметнае месца ў гісторыі сваёй краіны, павінен мець больш шырокі гарызонт, перспектыўнае бачанне будучыні соцыуму. Ён мусіць быць хоць бы ледзь-ледзь разумнейшы за сярэднестатыстычнага грамадзяніна, умець вызначаць дамінуючую грамадскую тэндэнцыю, пралічваць сітуацыю хаця б на адзін ход наперад, бачыць карэнныя, доўгатэрміновыя, а не толькі імгненныя інтарэсы дзяржавы і грамадства. Калі палітык па прастаце душэўнай літаральна паўтарае тое, што думае шараговы абывацель, падкрэсліваючы пры гэтым, што ён кажа ад імя народа, — дык гора таму народу.
У апошнія дзесяцігоддзі рынак і дэмакратыя паспяхова зацвердзіліся ў шмат якіх рэгіёнах свету: у Лацінскай Амерыцы, Азіі. Вельмі паказальнай з’яўляецца гісторыя развіцця дзвюх Карэй. Паўднёвая Карэя — устойлівая і квітнеючая краіна з рынкавай эканомікай і дэмакратый. Паўночная Карэя — убогая, карыкатурная, але праз гэта не менш жудасная дыктатура, дзе людзі паміраюць з голаду. А гэта ж адзін народ, з адны менталітэтам.
Гэты прыклад падштурхоўвае да простай высновы: з адным і тым жа народам можна рэалізаваць розныя мадэлі развіцця. І дыктатарскі рэжым валодае вялікімі магчымасцямі зацвердзіць той лад, які выгадны яму.
І, дарэчы, дзяржаўны патэрналізм любяць не толькі ў Беларусі, але, напрыклад, у дэмакратычнай Еўропе. Там сёння так шмат сацыялізму, то бок элементаў сацыяльнай дзяржавы, што гэта ўжо пачало перашкаджаць развіццю эканомікі. Але любыя спробы ўрадаў па лібералізацыі эканамічнага жыцця натыкаюцца на пратэсты насельніцтва.
Напрыклад, у Францыі дасюль працоўнае заканадаўства фактычна забараняла звальненне наёмнага работніка без яго згоды. Гэта моцна перашкаджала развіццю бізнесу. Розныя ўрады некалькі разоў спрабавалі лібералізаваць працоўнае заканадаўства, але прафсаюзы выводзілі на вуліцы з пратэстам сотні тысяч людзей — і кожны раз урад адступаў. Толькі папярэдні прэзідэнт Франсуа Аланд праявіў настойлівасць і, нягледзячы на пратэсты, страйкі нават падчас мінулагодняга Чэмпіянату Еўропы па футболе, змог давесці справу да канца. Праўда, гэта каштавала Аланду пасады прэзідэнта, бо ягоны рэйтынг упаў настолькі нізка, што ён вырашыў не балатавацца на новы тэрмін.
То бок, халяву любяць усе. Таму Беларусь — не такі ўжо вялікі эксклюзіў.
Па-другое, беларускае грамадства вельмі неаднароднае, глыбока расколатае. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што каля траціны беларусаў прытрымліваюцца ўстойлівых дэмакратычных каштоўнасцяў. Але Лукашэнка абапіраецца не на гэту частку электарату. Наадварот, якраз з такімі сацыяльнымі слаямі ўлады ўпарта змагаюцца, іх ізалююць, заганяюць у гета. Існы рэжым абапіраецца на людзей з недэмакратычнымі каштоўнасцямі. Гэта яго свядомы палітычны выбар. Важным элементам дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца штучная кансервацыя і архаізацыя грамадства, апеляцыя да патрыярхальнай свядомасці, апора на пенсіянераў, людзей з невысокай адукацыяй, нізкай кваліфікацыяй, якія пражываюць у вёсцы, маленькіх гарадах. У гэтым кансерватыўнай мадэлі галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца стабільнасць, а не развіццё.
Па-трэцяе, Лукашэнка выконвае не проста функцыю люстэрка, рупара, ён не адно толькі механічна адлюстроўвае погляды свайго электарату. Прэзідэнт выступае своеасаблівым рэтранслятарам, які адпраўляе назад свайму электарату недэмакратычныя каштоўнасці ва ўзмоцненым выглядзе. А дзяржаўныя СМІ, у першую чаргу тэлебачанне, даводзяць гэты працэс да лагічнага канца.
Па-чацвёртае, узнікае натуральнае пытанне: а ці ёсць цяпер гэтая пралукашэнкаўская, антырынкавая, антыдэмакратычная большасць? Вызначыць гэта можна толькі ва ўмовах дэмакратыі, свабоднай канкурэнцыі ідэй і палітычных сіл, дэмакратычных выбараў. Гэтага ў Беларусі даўно няма.
Грамадскія настроі вельмі пераменлівыя. Чамусьці здаецца, што не пра якую большасць цяпер казаць не даводзіцца. Акцыі «недармаедаў» у лютым-сакавіку па ўсёй краіне выявілі рэальны крызіс даверу грамадства да ўлады. Дазволю сабе сцвярджаць, што рэжым сёння абапіраецца на меншасць насельніцтва. А тое, што народ не гатовы да рэвалюцыі, яшчэ не сведчыць пра яго падтрымку кіруючага рэжыму.
Дарэчы, А. Лукашэнка выступаючы перад дэпутатамі Нацыянальнага сходу 7 кастрычніка 2016 года, прызнаў, што за эканамічныя рэформы выступае і ўрад, і народ («Блукае гэтае пытанне ў розумах людзей»). Атрымліваецца, што супраць рэформаў толькі адзін А. Лукашэнка.
І затым, нават дамінаванне патэрналісцкіх каштоўнасцяў зусім не азначае, што беларусы не хочуць дэмакратыі. Правядзіце сацыялагічнае даследаванне і спытаеце людзей, ці жадаюць яны, каб выбары былі свабоднымі і дэмакратычнымі, каб яны мелі магчымасць выбіраць прэзідэнта і дэпутатаў, каб іх галасы лічылі? Як вы думаеце, ці знойдзецца шмат дзівакоў, якія скажуць: не, мы хочам, каб выбары фальсіфікаваліся? Калі насельніцтва сапраўды хоча дыктатуры, дык чаму ўлады так баяцца свабодных выбараў?
Таму, падводзячы вынікі, трэба казаць, што перашкодай на шляху дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі з’яўляецца не столькі народ, колькі існы палітычны рэжым. Маніпулюючы грамадскімі настроямі, ён узурпаваў права гаварыць ад імя народа, а насамрэч больш заклапочаны захаваннем уласнай улады. Справа не столькі ў народзе, колькі ў тых, хто імі кіруе. Пры іншай уладзе, але з гэтым самым насельніцтвам, Беларусь магла б стаць рынкавай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай.