Справа Regnum жыве і перамагае

Наўрад ці «пасадкай» трох чалавек можна істотна ўмацаваць нацыянальную медыйную бяспеку краіны.

1441239782_economist1.jpg

Апеляцыйная скарга на прысуд беларускім аўтарам расійскага шавіністычнага агенцтва Regnum разглядалася аж у Вярхоўным Судзе Беларусі. Прысуд пакінулі без зменаў. Раней Мінгарсуд прысудзіў Юрыя Паўлаўца, Сяргея Шыпценку і Дзмітрыя Алімкіна да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на тры гады.

Яны былі прызнаныя вінаватымі ў распальванні нацыянальнай варожасці. Паўлавец і Шыпценка ў суд прыйшлі, Алімкін — не з’явіўся.

У прынцыпе, не так важна, што вырашыць апеляцыйная інстанцыя. Бо відавочна, што працэс Regnum быў палітычны. Ён быў створаны і прызначаны толькі для аднаго: паказаць апалагетам «рускага міра», што Беларусь — краіна суверэнная. І ніякія «ўкраінскія сцэнары» — ці то Майдан, ці то Крым, — тут не спрацуюць. А за спробу прапагандаваць такія рэчы можна і агрэсці.

Аднак ці дасягнула ўлада працэсам аўтараў Regnum сваёй мэты?

Наўрад ці. Наўрад ці «пасадкай» трох чалавек можна істотна ўмацаваць нацыянальную інфармацыйную бяспеку краіны. Так, гэтым можна некага перасцерагаць, некаму, як кажуць, «пагразіць пальцам», сцішыць антыбеларускі імпэт і прымусіць задумацца. Але гэта — кароткатэрміновы эфект. І з цягам часу ён праходзіць.

А тое, што б сапраўды мела дачыненне да інфармацыйнай бяспекі, у нас не рэалізуецца.

У Беларусі дагэтуль няма збалансаванай інфармацыі. Да халеры ў нас расійскіх тэлеканалаў, а размовы пра доступ у нацыянальную інфармацыйную прастору хаця б аднаго ўкраінскага вядуцца ўжо колькі гадоў — і ўсё безвынікова.

У нас рэгулярна ўсталёўваюцца нейкія квоты. Напрыклад, на «беларускую музыку» ў радыёэфіры, альбо зараз плануюць увесці квоту на «беларускія перадачы» на тэлебачанні. Але гэта папросту не спрацуе. Па-першае, таму, што гэта робіцца дырэктыўна, а не папулярызацыйна. А па-другое, «беларускай вытворчасці» — не значыць «беларускамоўны» ці «беларусацэнтрычны». Тут паказальная зацяглая вайна грамадскіх актывістаў супраць беларускага, падавалася б, «Савушкіна прадукта». Гэты брэнд так і не здолелі пераканаць у неабходнасці беларускай мовы на ўпакоўцы іх прадукцыі. У выніку ў грамадстве «Савушкін» перайменавалі ў «Здрадушкін», і на гэтым усё скончылася.

Не факт, што на тэлевізіі таксама разумеюць розніцу паміж беларускімі перадачамі і перадачамі, створанымі ў Беларусі. А гэта — не адно і тое ж.

Дый справа «рэгнумаўцаў» таксама паказала: можна быць беларусам па пашпарце, ствараць тэксты ў Беларусі — але тэксты, якія маюць выключна антыбеларускі змест. І такіх аўтараў у нас насамрэч — вагон.

Паводле дадзеных дзяржаўнага статыстычнага ўліку, у 2017 годзе літаратура, выдадзеная ў Беларусі на беларускай мове, зай­мае 13,7% у агульнай колькасці выпушчанай у рэспубліцы выдавецкай прадукцыі і 18,8% у яе сукупным накладзе. Пры гэтым на рускай мове ў рэспубліцы выдадзена 77,5% ад агульнай колькасці кніг, якія па накладзе складаюць 73%.

На пазамінулым тыдні спыніла папяровы выхад «першая беларуская газета з карцінкамі» — «Наша ніва», адроджаная ў 1990-я. Можна шмат спрачацца пра слушнасць ці няслушнасць сыходу выдання з «рэалу» ў інтэрнэт-прастору, аднак адной беларускай назвай у шапіках «Белсаюздруку» паменела. Наўзамен нам абяцаюць гістарычны часопіс, і дай Бог, каб тыя планы здзейсніліся.

У Беларусі даўно блакуюць Хартыю’97. Затое нікуды не падзеўся той самы Regnum, у дачыненні да аўтараў якога быў вынесены прысуд. Ён заставаўся і застаецца ў вольным доступе. Больш за тое, колькасць такіх сайтаў пашыраецца. І стымулюе іх стварэнне, як і стварэнне тэкстаў, якія адмаўляюць беларускую дзяржаўнасць, суседняя «брацкая нам» краіна — пра гэта можна прачытаць, дарэчы, у тым жа апошнім папяровым нумары «Нашай Нівы».

Прысуд аўтарам Regnum, разгляд іх апеляцыі і іншыя юрыдычныя рухі аніяк не вырашаюць галоўнага пытання — нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі. Арышт і тэрміны аўтарам Regnum могуць толькі папярэдзіць асабліва рызыкоўных «пісьменнікаў», але спыніць шэраг антыдзяржаўных і антыбеларускіх матэрыялаў не ў стане.

Можна колькі заўгодна разважаць: ці ёсць працэс Regnum працэсам супраць свабоды слова альбо гэта ёсць працэс адказнасці за свае словы. Але нельга не зазначыць, што ў дзяржаве, якая б сапраўды клапацілася пра сваю інфармацыйную бяспеку, пра сапраўднае патрыятычнае выхаванне, і не пра «сацыяльную абарону», а пра сапраўдны дабрабыт грамадзян (фінансавы складнік для тых, хто працаваў на Regnum, быў зусім не на апошнім месцы), такога б працэсу папросту не было. Таму што не было б каму ў Беларусі пісаць на той Regnum.

Але ў стварэнні такой агульнадзяржаўнай сістэмы мы марудзім. І гэтае прамаруджванне можа нам занадта дорага каштаваць — як яно каштавала Украіне. Там таксама на «рускую вясну» глядзелі як на недарэчнасць і блазнаў. А ў выніку пазбавіліся Крыму і ледзь не страцілі Данбас.