Спроба аб’яднання нумар…?

Чарговы Кангрэс дэмсілаў, зладжаны ў скверы Янкі Купалы Міколам Статкевічам і Уладзімірам Някляевым, павінен падштурхнуць апазіцыю да яднання. Але гэтым разам гэта спроба яднання «знізу». Прынамсі, так думаюць яго арганізатары.  

img_0273_logo.jpg


Нагадаем, што ў Мінску не знайшлося памяшкання, каб правесці гэтае мерапрыемства пад дахам. Таму арганізатары Кангрэсу прынялі рашэнне праводзіць яго пад адкрытым небам. Гэта, канешне, паўплывала і на ягоную хаду, і на колькасць дэлегатаў, і, безумоўна, адкарэктавала дзеянні ўлады. Прынамсі, гэта быў хіба не самы хуткі кангрэс па часе яго правядзення — усё дзейства заняло крыху больш за гадзіну.


Тым не менш, ягоны фармальны бок быў выкананыя. Насуперак чаканням скептыкаў, ніхто не запісваў прысутных «агулам» у дэлегаты. Працавала мандатная камісія, па падліках якой ў сходзе прысутнічала 300 дэлегатаў. Недзе такая колькасць на пляцоўцы перад помнікам песняру і была.


Спачатку Мікола Статкевіч заклікаў дэлегатаў атрымліваць мандаты праз адзін мегафон. Але далей арганізатары вырашылі старую праблему гукаўзмацнення, калі тэхніка затрымлівалася міліцыяй на пад’ездзе да пляцоўкі. І вырашылі гэтую праблему вельмі арыгінальным чынам.

img_0309_logo.jpg


Гэта, падаецца, была хіба першая вулічная акцыя за шмат год, калі выступоўцаў чулі не толькі першыя шэрагі, але і апошнія.

Канешне, міліцыя хадзіла ў шэрагах дэлегатаў, намагаючыся скласці на «асабліва буйных» адміністрацыйныя пратаколы. Гэта, непазбежна, выклікала агрэсію. Аднак Станіслаў Шушкевіч, адкрываючы Кангрэс. Зазначыў, што міліцыянтаў трэба не ганьбіць, а шкадаваць. Прынамсі, выказаць ім спачуванне, бо іх прымушаюць дзейнічаць насуперак Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду мірных сходаў і свабоду меркаванняў.

 

Выступалі кіраўнік прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, лідар аргкамітэту па стварэнні руха салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, і, канешне ж, Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў. Выступы былі кароткімі і лозунгавымі, пасля чаго дэлегаты ўхвалілі рэзалюцыі Кангрэсу, надрукаваныя ў «Народнай волі» і апрылюдненыя ў інтэрнэце. Галоўнае, за што выступілі дэлегаты — гэта за стварэнне Кангрэсу як стала дзеючага аб’яднання апазіцыі і падтрымалі стратэгію стварэння адзінага спісу кандыдатаў у дэпутаты парламента на маючых адбыцца восенню парламенцкіх выбарах.

img_0315_1_logo.jpg

 

img_0329_logo.jpg


Зараз, як паведаміў журналістам Уладзімір Някляеў, аргкамітэт Кангрэсу будзе перадаваць паўнамоцтвы сталай Радзе Кангрэсу, якая будзе складацца з прадстаўнікоў рэгіёнаў і палітычных структур. Прынамсі, у гэтую раду уваходзяць ужо восем рэгіянальных дэмакратычных кааліцый і сем лідараў палітструктур. Мяркуецца, што ўсе яны будуць мець роўны голас. Што, прынамсі, збівае градус напружанасці ў пытанні наконт выбара Кангрэсам чарговага «лідара апазіцыі».

 

А першым крокам Рады Кангрэсу павінны стаць паездкі па рэгіёнах і перамовы з іншымі мясцовымі дэмакратычнымі кааліцыямі, каб далучыць іх да працы і давесці колькасць сябраў Рады да 30-ці. Так мяркуе Мікалай Статкевіч.

 

Што тычыцца выбараў, то, па меркаванні таго ж Статкевіча. Зараз ужо запозна абвяшчаць ім недавер ці байкот, бо большасць палітычных партый прынялі рашэнне ў іх удзельнічаць. Таму, напэўна, самай складанай задачай будзе абранне аднаго «самага дэмакратычнага» сярод высунутых дэмакратычных кандыдатаў. Калі Рада не здолее зрабіць гэтую працу, то ёй прыйдзецца хіба што ўзяць спіс зарэгістраваных ў якасці кандыдатаў дэмакратаў і некага падтрымаць, а некага выкрасліць.

 

Вядома, што Кангрэс сутыкнецца са шматлікімі складанасцямі. Па-першае, гэта будзе аб’яднанне невядома каго невядома з кім. Нягледзячы на наяўнасць у ягоным аргкамітэце яскравых лідараў (Статкевіч, Някляеў, Сіўчык), ніводны лідар палітычнай партыі, якія маюць актыў, на Устаноўчым сходзе Кангрэсу не прысутнічаў. Нягледзчы нават на заклік падтрымаць сваёю прысутнасцю хаця б не сам Кангрэс, а той фармат, у якім ён праводзіцца — фармат мірнай масавай акцыі.

 

Гэта значыць, што дэмакраты будуць працаваць у межах створанай імі рады апазіцыйных палітычных партый.

 

Па-другое, абіраць са спісу дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты «самых дэмакратычных» — гэта неяк не па-дэмакратычнаму. Можа быць, гэта нават пасварыць некаторых «саюзнікаў», якія б сутыкнуліся на адной акрузе. Асабліва ў той сітуацыі, калі тая ж рада апазіцыйных партый амаль выпрацавала механізмы ўзаемадзеяння паміж дэмакратычнымі кандыдатамі ад розных партый.

 

І па-трэцяе, ідэя стала дзеючага Кангрэсу — не новая. У краіне адзін такі Кангрэс ужо дзейнічае — гэта Кангрэс за незалежнасць, арганізаваны ў свой час Алегам Трусавым. Зразумела, мэты і задачы абедзвюх структураў розныя. Але дасягненні Кангрэсу за незалежнасць надзвычай сціплыя. Прынамсі, пра мільён подпісаў за незалежнасць краіны ўсе забыліся.

 

Ці не паўторыць новы «стала дзеючы» Кангрэс лёс старога такога ж? Пакуль што, улічваючы ўсе пытанні і выклікі, на гэта больш шанцаў, чым на пазітыўны вынік чарговай спробы аб’яднання беларускай апазіцыі.