Стэфановіч: «Я прапаную ў прынцыпе адмяніць выбары»

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што рэферэндум аб павелічэнні тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта Беларусі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч


У інтэрв’ю БелаПАН Лідзія Ярмошына сказала: «Сама прапанова ні ў чым не супярэчыць міжнароднай практыцы. І яе рэалізацыя ў пэўным плане магла б спрыяць стабільнасці грамадства і некаторай эканоміі выдаткаў на выбары».

 

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч заявіў, што мае сустрэчную прапанову.

 

«У мяне ёсць сустрэчная прапанова для Лідзіі Ярмошынай. Я з ёй абсалютна згодны, што павелічэнне тэрміну прэзідэнцтва з пяці да сямі гадоў прывядзе да пэўнай эканоміі сродкаў, якія трацяцца на выбары, і дасць больш стабільнасці для нашага грамадства. Я цалкам з гэтым згодны. Я нават прапаную больш. Я прапаную ў прынцыпе адмяніць выбары. Гэта будзе яшчэ больш спрыяць стабільнасці ў грамадстве. Не трэба будзе штораз зганяць студэнтаў на выбары, адцягваць ад працы дырэктараў прадпрыемстваў, каб арганізоўваць гэтую яўку і зноў заганяць гэтых рабочых на выбары. Будзе вельмі добрая эканомія сродкаў. Толькі трэба на рэферэндуме спытацца, ці згодныя вы, каб прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пажыццёва быў Аляксандр Лукашэнка. І ўнесці ў бюлетэні два варыянты адказаў: “так, не супраць” і “не, не супраць”. І я думаю, што гэта будзе значна спрыяць стабільнасці ў грамадстве».

 

На пытанне, ці мае рацыю Ярмошына, калі кажа, што гэта не супярэчыць міжнароднай практыцы, Стэфановіч адказаў так: «Сама прапанова, можа, і не супярэчыць сусветнай практыцы. Але пры наяўнасці адной і той жа асобы пажыццёва пры ўладзе адназначна дэмакратыяй назваць такое складана. І з гэтага пункту гледжання я не бачу сэнсу — пяць гадоў, сем гадоў ці дваццаць адна і тая ж асоба знаходзіцца пры ўладзе. У гэтым сэнсе гэта нейкая бессэнсоўная прапанова. Таму я і прапаную выбары адмяніць, таму што гэта будзе вельмі значнай эканоміяй сродкаў у краіне. І зробіць грамадства стабільным — канчаткова».

 

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч


Каментуючы карэспандэнту “Радыё Свабода” гэтую заяву, былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў:

 

«Я не лічу спадарыню Ярмошыну старшынёй нармальнага Цэнтравыбаркаму. Я не лічу гэтую інстытуцыю сапраўднай выбарчай камісіяй, як не лічу беларускія выбары сапраўднымі выбарамі. Адпаведнае і стаўленне да спадарыні Ярмошынай. Я лічу, што на знак удзячнасці за атрыманыя месцы ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі кіраўніцтва ЛДПБ вырашыла дагадзіць і выступіла з гэтай прапановай. Магчыма, гэта таксама і зандаж. Я не веру, што гэтае пытанне будзе вынесена на рэферэндум, таму што цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкім эканамічным становішчы, расце сацыяльная напружанасць. І палітызаваць грамадства ў гэты час, тым больш прасоўваючы ідэю аб павелічэнні тэрміну паўнамоцтваў цяпер ужо відавочна непапулярнага кіраўніка дзяржавы, якога большасць ужо ненавідзіць, — гэта варʼяцтва. Яны на гэта не пойдуць. А калі пойдуць, то тут наступствы малапрадказальныя. Гэтая палітызацыя можа прывесці да вельмі шырокіх публічных праяваў незадаволенасці з невядомым канцом».

 

Ліберальна-дэмакратычная партыя прапанавала адначасова з выбарамі ў мясцовыя саветы ў 2018 годзе правесці рэферэндум па змене Канстытуцыі. ЛДП прапануе перайсці на прапарцыйна-мажарытарную сістэму выбараў, а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў чальцоў Савету Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых саветаў з чатырох да пяці гадоў, а прэзідэнта — з пяці да сямі гадоў.


www.svaboda.org