Лукашэнка павіншаваў Аліева з удала праведзеным рэферэндумам
Лукашэнка павіншаваў Аліева з падтрымкай грамадзянамі Азербайджана канстытуцыйных змяненняў аб павелічэнні прэзідэнцкага тэрміну да сямі гадоў
Азербайджан можа разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лістапада ў Баку на перамовах з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце "сам-насам".
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, перамовам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Ільхамам Аліевым у рэзідэнцыі прэзідэнта Азербайджана "Загульба". Пасля выканання гімнаў дзвюх краін і цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты прэзідэнты пачалі перамовы спачатку ў фармаце "сам-насам", а затым у пашыраным складзе.
"Вы можаце на нас разлічваць як на самых блізкіх сяброў. Калі мы чымсьці можам быць карысныя вам у Азербайджане, мы заўсёды гэта зробім. Нашы магчымасці вы добра ведаеце, вы вялікі сябар Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — У нас няма закрытых тэм, мы супрацоўнічаем па ўсіх напрамках і будзем супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Мы нікому не шкодзім нашым супрацоўніцтвам, мы адкрытыя і далей будзем адкрытыя, публічныя пры абмеркаванні самых надзённых пытанняў нашай рэчаіснасці".
Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Ільхама Аліева "з пераканаўчай падтрымкай грамадзянамі Азербайджана прапанаваных канстытуцыйных змяненняў, звязаных з павелічэннем прэзідэнцкага тэрміну да сямі гадоў", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы.
У Азербайджане ў верасні гэтага года прайшоў рэферэндум аб працягу паўнамоцтваў прэзідэнта краіны з пяці да сямі гадоў, памяншэнні ўзросту для кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, а таксама ўвядзенні пасады віцэ-прэзідэнта.
У Беларусі з ініцыятывай аб правядзенні рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі выступіла на мінулым тыдні Ліберальна-дэмакратычная партыя. ЛДП прапаноўвае перайсці на прапарцыянальна-мажарытарную сістэму выбараў, а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дэпутатаў мясцовых саветаў з чатырох да пяці гадоў, а прэзідэнта — з пяці да сямі гадоў.