Шэрыя кардыналы сусветнай палітыкі

Арганізацыя, якая аб’ядноўвае 120 дзяржаваў – «Рух недалучэння», створаная ў 1961 годзе. Кіраўнікамі ў розныя гады былі Фідэль Кастра, Ёсіп Броз Ціта, Робэрт Мугабэ, Сухарта, Махмут Ахмадзінежад і іншыя лідары з альтэрнатыўнымі поглядамі на жыццё. На сёння 62% удзельнікаў ААН уваходзяць у «Рух недалучэння». Сярод іх толькі адна краіна з Еўропы – Беларусь.

Бацькі-заснавальнікі

Бацькі-заснавальнікі

Рух недалучэньня (РН) быў створаны на фоне халоднай вайны, у эпоху, калі ў сусьветнай палітыцы дамінавалі ЗША і СССР. Першапачаткова РН зьявіўся на Азіяцка-Афрыканскай канферэнцыі, якая адбылася ў Бандунгу, што ў Інданэзіі, у 1955 годзе. На гэтым сходзе лідэры з 29 краінаў прыдумалі рух, які будзе трымацца далей ад біпалярнай барацьбы за ўладу. Такія асобы, як Джавахарлал Нэру, Сукарна і Гамаль Абдэль Насэр, Хо Шы Мін, узначалілі ініцыятыву. Іх мэтай было стварыць плятформу для новых незалежных краінаў, якія тэарэтычна маглі б захаваць свой суверэнітэт і супрацьстаяць трапленьню пад уплыў NATO альбо чырвонага Варшаўскага блёку.

Дэкалянізацыя, захаваньне нацыянальнага суверэнітэту і разьвіцьцё эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва – такімі былі высокія мэты арганізацыі. Разам з тым, нагадаем, усе яны ўваходзілі і ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, якой было чамусьці недастаткова для вырашэньня пытаньняў.

Праз 6 гадоў пасьля канферэнцыі ў Інданэзіі ініцыятыва прэзідэнта Югаславіі Ёсіпа Броз Ціта прывяла да інаўгурацыйнай канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў недалучаных краінаў, скліканай у верасьні 1961 года ў Бялградзе. Менавіта ў гэты момант ва ўжытак увайшоў тэрмін «Рух Недалучэньня».

Першы саміт 1961 года

Першы саміт 1961 года

Шматлікія краіны далучаліся да РН з надзеяй атрымаць эканамічную, тэхнічную дапамогу і рэсурсы для разьвіцьця. Звышдзяржавы, якія імкнуліся заваяваць хаўрусьнікаў у халоднай вайне, часта былі гатовыя аказаць падтрымку чальцам РН, асабліва ў форме эканамічнай дапамогі. Розныя дзяржавы далучыліся да Рух недалучэньня праз ідэалягічны заклік, які прытрымліваўся прынцыпаў руху антыімпэрыялізму і антыкаланіялізму.

Прынцып неўмяшаньня ва ўнутраныя справы дзяржаў-чальцоў РН быў прывабны для краінаў з рэпрэсіўнымі рэжымамі, паколькі забясьпечваў ім дыпляматычнае прыкрыцьцё і абараняў ад міжнароднага кантролю.

Уплыў на рэзалюцыі ААН

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый дзейнічае на аснове прынцыпу суверэннай роўнасьці, што азначае, што кожная дзяржава-чалец, незалежна ад яе памеру або магутнасьці, мае роўны голас у Генэральнай Асамблеі ААН.

Рух Недалучэньня, дзяржавы якога складаюць на сёньня 62% ад усіх удзельнікаў ААН, мае такім чынам цікавыя магчымасьці. Краіны РН часта імкнуцца да кансэнсусу ўсярэдзіне руху па розных пытаньнях. Такім чынам яны могуць калектыўна адстойваць гэтыя пазыцыі ў межах Генэральнай Асамблеі.

Краіны РН могуць быць суаўтарамі рэзалюцыяў і ініцыятываў, што ў сваю чаргу можа дапамагчы ім сфармаваць парадак дня Генэральнай асамблеі ААН.

Фідэль Кастра ў свой час узначальваў Рух Недалучэньня

Фідэль Кастра ў свой час узначальваў Рух Недалучэньня

Як туды трапіла Беларусь?

Гэтае пытаньне адносіцца да геапалітычнага выбару, які робіць рэжым Лукашэнкі. Афіцыйна Беларусь далучылася да гэтай арганізацыі ў 1998 годзе. Са 120 дзяржаваў у сьпісе прысутнічае толькі адна эўрапейская.

І ведаеце што, нават тут атрымліваецца канфуз. Рух Недалучэньня так называецца, бо ўдзельнікі не далучаюцца да ваенных хаўрусаў. Удзельнікаў NATO у ім няма, напрыклад, як і іншых ваенных аб’яднаньняў. Але ёсьць адно сінявокае выключэньне: Беларусь уваходзіць у ваенную арганізацыю АДКБ.

І як жа зручна некаторым іншым сусьветным арганізацыям спасылацца адно на аднаго, глядзіце.

Міжнародны алімпійскі камітэт у ліпені 2023 года спасылаецца на падтрымку 120 краінамі сваіх крокаў, каб дазволіць некаторым расейскім і беларускім спартоўцам кваліфікавацца на Алімпійскія гульні ў Парыжы 2024.

У дэклярацыі Руху недалучэньня пад старшынствам Азэрбайджана (той самы, што толькі што вырашыў пытаньне Нагорнага Карабаху і пагражае ўварваньнем у Армэнію) гаворыцца, што «будзе моцным сымбалем адзінства чалавецтва», калі ўсе 206 нацыянальных алімпійскіх каманды выступяць у Парыжы ў наступным годзе. У дэклярацыі «падкрэсьліваецца, што спорт не павінен быць палітызаваны».

«Дзякуй прэзідэнту Азэрбайджана Ільхаму Аліеву за ініцыятыву гэтай істотнай рэзалюцыі», — сказаў прэзідэнт МАК Томас Бах у заяве.

Ільхам Аліеў, сёньняшні кіраўнік РН

Ільхам Аліеў, сёньняшні кіраўнік РН

Пра Ізраіль і палестынцаў

Інданэзія ў 2021 годзе заклікала Рух Недалучэньня прызнаць дзяржаву Палестына. Як адзначыла міністар замежных справаў Інданэзіі, Палестына - адзіная краіна, якая прыняла ўдзел у Азіяцка-Афрыканскай канферэнцыі 1955 года ў Інданэзіі (міністар, напэўна, тады яшчэ не нарадзілася і не памятае – у 1955 годзе тыя тэрыторыі, якія яна называе “Палестына”, былі пад акупацыяй Эгіпту (Сектар Газа) і Ярданіі (Заходні Бераг)), якая за больш чым 60 гадоў з таго часу яшчэ не атрымала сваёй незалежнасьці, - працягнула міністар замежных справаў Рэтна Марсудзі.

«Усе чальцы РН павінны прызнаць дзяржаву Палестына, падтрымаць аднаўленьне надзейных шматбаковых перамоваў і забясьпечыць гуманітарны доступ, каб палегчыць пакуты палестынцаў», — сказала яна на прамежкавай канферэнцыі міністраў РН, якую арганізаваў цяперашні старшыня РН Ільхам Аліеў з Азэрбайджану.

І якім чынам, мяркуеце, будзе галасаваць па любога кшталту рэзалюцыях адносна Ізраілю і палестынцаў 62% удзельнікаў ААН? Некалькі адсоткаў сьпішам на непадпарадкаваньне. І ўсё ж, вы разумееце.

Больш за 10 гадоў таму Рух Недалучэньня «рашуча асудзіў дзейнасьць ізраільскіх паселішчаў і меры па ператварэньні Ўсходняга Ерузалема ў чыста габрэйскі горад», — заяўляў прадстаўнік РН Хішам Бадр.

Як паведамляла ў 2014 годзе медыя іншага чальца Руху Недалучэньня – “Радыё Гаваны”, цытуючы спэцыяліста па правах чалавека, Мухамада Хазаі з Ірана, які выступаў у ААН ад імя таго самага РН: «Рух Недалучэньня асудзіў ізраільскія акты агрэсіі супраць палестынцаў, заклікаючы Раду Бясьпекі ААН прыняць меры супраць рэжыму Тэль-Авіва».

Адносіны да ЗША і сусьветнага імпэрыялізму

У апошнія гады гэтая міжнародная арганізацыя выказвала непрыхаваную непрыхільнасьць да асобных аспектаў вонкавай палітыкі Злучаных Штатаў. У цэнтры яе ўвагі было ўварваньне ў Ірак у 2003 годзе, вайна з тэрарызмам, спробы стрымаць ядзерныя амбіцыі Ірана і Паўночнай Карэі (чальцоў Руху Недалучэньня), а таксама шэраг іншых дзеяньняў, якія выклікалі жах сярод чальцоў Руху Недалучэньня.

РН сьцьвярджае, што такія дзеяньні могуць патэнцыйна зьменшыць суверэнітэт меншых краінаў. Падчас аднаго з нядаўніх самітаў РН Кім Ён Нам, які займаў (дай Бог яму здароўя) пасаду старшыні пастаяннага парлямэнцкага камітэта КНДР, рашуча заявіў: «Злучаныя Штаты, падобна, поўныя рашучасьці парушаць неад'емныя правы іншых краінаў на ўдзел у мірнай ядзернай дзейнасьці».

Нядаўні саміт РН у Іране

Нядаўні саміт РН у Іране

Красамоўнай уяўляецца прамова вялікага гуманіста палкоўніка Муамара Кадафі на саміце Руху Недалучэньня ў 1986 годзе. Ен сказаў, што калі «нахабства Злучаных Штатаў» не будзе стрымлівацца, ён разгорне міжнародную армію па ўсім сьвеце, каб «раскласьці агонь пад нагамі Амэрыкі».

Лібійскі лідар раскрытыкаваў як «марыянэтак і шпіёнаў» тых чальцоў Руху Недалучэньня, якія маюць адносіны з ЗША, Ізраілем і Вялікай Брытаніяй, і асабліва асудзіў Эгіпет, Заір, Камерун і Кот-д'Івуар.

Палкоўніка Кадафі тады суправаджалі чатыры жанчыны ў камуфляжнай баявой форме, якія акцэнтавалі яго выступ захопленымі скандаваньнямі «Далоў, далоў, ЗША!» і ваяўнічымі лёзунгамі на арабскай мове.

Вайна ва Ўкраіне і Рух Недалучэньня

Фіёна Хіл, былы сябра Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША, спрабуе патлумачыць тое, што адбываецца з РН, наступным чынам:

«Краіны па ўсім сьвеце шырока прызналі і асудзілі факты агрэсіі Расеі, у тым ліку падчас неаднаразовага галасаваньня ў Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Жорсткія паводзіны і зьверствы Масквы, а таксама яе ваенныя памылкі і няўдачы зьменшылі пазіцыю Расеі. Але тое, як большасьць дзяржаваў (нагадаем пра 62%) ставіцца да Злучаных Штатаў, зьяўляецца іх прызмай для ацэнкі дзеяньняў Расеі.

Хасан Руані, іранскі прэзідэнт і кіраўнік РН у 2013-2016 гадах

Хасан Руані, іранскі прэзідэнт і кіраўнік РН у 2013-2016 гадах

Украіна, па сутнасьці, караецца тымі дзяржавамі праз асацыяцыю з наўпроставай падтрымкай ЗША ў яе намаганьнях абараніць сябе і вызваліць сваю тэрыторыю. Рух Недалучэньня на сёньняшні дзень гэта ня столькі згуртаваны рух, колькі жаданьне дыстанцыявацца, быць убаку ад эўрапейскай валтузьні вакол Украіны. Але гэта таксама вельмі відавочная негатыўная рэакцыя на амэрыканскую схільнасьць вызначаць глябальны парадак».