«ХАМАС» назваў Расію «найбліжэйшым сябрам», а ЦАХАЛ пачаў наземную аперацыю ў сектары Газа
З пачатку новай хвалі ваенных дзеянняў паміж Палесцінай і Ізраілем цяпер адбываюцца самыя інтэнсіўныя абстрэлы сектара Газа з боку Ізраіля, чыя Армія абароны ўжо заявіла пра ліквідацыю аднаго з кіраўнікоў «ХАМАСа».
![У сектары Газа цяпер ідуць самыя інтэнсіўныя баі з пачатку вайны. Ілюстрацыйнае фота: Anadolu Agency У сектары Газа цяпер ідуць самыя інтэнсіўныя баі з пачатку вайны. Ілюстрацыйнае фота: Anadolu Agency](/img/v1/images/d5776ea1_e703_4f52_9c3a_d20bf3de1a88.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У сектары Газа цяпер ідуць самыя інтэнсіўныя баі з пачатку вайны. Ілюстрацыйнае фота: Anadolu Agency
***
Ізраіль паведаміў пра ліквідацыю кіраўніка Паветраных сіл палестынскай тэрарыстычнай групоўкі «ХАМАС», які адказваў за супрацьпаветраную абарону палестынскіх баевікоў і з'яўляўся адным з планіроўшчыкаў маштабнага ўварвання ў Ізраіль 7 кастрычніка. Паводле звестак выведкі, Асім Абу Акаба быў забіты ў выніку прыцэльнага ўдару са знішчальніка, паведаміла ізраільская армія ў Telegram.
У паведамленні адзначаецца, што ў «ХАМАС» Акаба курыраваў пытанні, звязаныя з беспілотнікамі, парапланамі і паветранай выведкай, камандаваў тэрарыстамі, якія ўварваліся ў Ізраіль, і адказваў за ўдары з БПЛА па пастах ізраільскай арміі. Ізраільскія вайскоўцы апублікавалі відэа, на якім бачны выбух дома з паветра.
***
У ноч на суботу Ізраіль правёў адну з самых масіраваных бамбардзіровак сектара Газа з пачатку вайны. Паводле звестак ЦАХАЛ, паражаныя 150 падземных тунэляў, якія выкарыстоўваліся як у баявых мэтах, так і ў якасці дадатковай інфраструктуры.
Карэспандэнт «Бі-бі-сі»Вайнер Дэвіс паведамляе з Ерусаліма, што інтэнсіўнасць ізраільскіх бамбаванняў сектара Газа заўважна ўзрасла. Паводле яго, разбурэнні ў шэрагу раёнаў — апакаліптычнага маштабу.
***
Прадстаўнік арміі абароны Ізраіля Даніэль Хагары на брыфінгу коратка падсумаваў аператыўную абстаноўку на паўднёвым і паўночным франтах.
Паводле яго слоў, у Газе Армія абароны Ізраіля праходзіць этапы сапраўднай вайны.
Хагары пацвердзіў, што ўвечары пятніцы сілы ЦАХАЛа увайшлі на тэрыторыю паўночнай часткі сектара Газа і пашырылі наземную аперацыю з удзелам пяхоты, бранятанкавых, інжынерных і артылерыйскіх частак, якія дзейнічаюць пры магутнай агнявой падтрымцы.
Глядзіце таксама
![Што варта ведаць пра ізраільска-палесцінскі канфлікт? Што такое ХАМАС, сектар Газа і што будзе далей у Ізраілі?](/img/v1/images/d2db3520_668c_11ee_b34c_6dbde9fedf9a.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таксама ЦАХАЛ працягвае масіраваныя атакі з паветра і мора.
«Войскі ўсё яшчэ знаходзяцца ў полі і працягваюць вайну. Мы працуем над дасягненнем мэтаў, якія паставілі перад сабой і якія вызначаны для нас: знішчэнне ХАМАС, бяспека межаў і намаганні па вяртанні выкрадзеных. Усё гэта разам з'яўляецца вызначальным пры ацэнцы сітуацыі і прыняцці рашэнняў Генштабам і штабоў адпаведных родаў войскаў», — заявіў Даніэль Хагары.
У суботу Ізраіль прапусціць у сектар Газа грузы харчавання, вады і медыкаментаў.
***
Радыкальная групоўка «ХАМАС» заявіла, што цяпер спрабуе ўстанавіць месцазнаходжанне закладнікаў з расійскім грамадзянствам, каб іх адпусціць.
«Ад расійскага боку, праз МЗС, мы атрымалі спіс грамадзян, якія маюць падвойнае грамадзянства. Мы да гэтага спісу вельмі ўважліва ставімся і старанна будзем апрацоўваць, таму што мы глядзім на Расію як на нашага найбліжэйшага сябра. Цяпер мы шукаем тых людзей, спіс якіх перадаў расійскі бок. Гэта складана, але мы шукаем. І як толькі знойдзем, то адпусцім. Нягледзячы на складанасці праз сітуацыю, якая цяпер склалася», — цытуе расійскае дзяржагенцтва РІА «Новости» члена Палітбюро «ХАМАС» Абу Марзука.
У спісе, паводле яго, восем імёнаў.
Раней стала вядома, што дэлегацыя «ХАМАС» прыехала з візітам у Маскву і сустрэлася з прадстаўнікамі расійскага МЗС. Абу Марзук быў сярод дэлегатаў і сустракаўся з намеснікам міністра замежных спраў і спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі Міхаілам Багданавым.
Ізраіль раскрытыкаваў Маскву, назваўшы запрашэнне «ХАМАС» «нявартым крокам».
Глядзіце таксама
![Гісторыя ХАМАСа і яго вайны супраць Ізраіля Як сектар Газа стаў логавам тэрарыстаў](/img/v1/images/547378.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
***
У Газе ўсе лініі сувязі, уключаючы сотавую сувязь і інтэрнет, на працягу дзесяці гадзін былі адключаныя ізраільскімі ўладамі. Пра гэта паведаміў карэспандэнт «Бі-бі-сі» Рушдзі Абуалуф з Газы.
Ізраіль працягвае наносіць авіяўдары па горадзе, хоць гэтае месца павінна заставацца бяспечнай часткай.
Палесцінцы адрэзаныя ад знешняга свету, кажа карэспандэнт «Бі-бі-сі».
Сітуацыю ў горадзе Хан-Юніс на поўдні сектара ён апісаў як «стан панікі, страху і хаосу». На вуліцах не так шмат жыхароў горада, але яны знаходзяцца ў паніцы, не ведаючы што рабіць у гэтых абставінах. Гараджане асабліва занепакоеныя тым, якой будзе наступная фаза ізраільскай контратакі.
***
Тым часам Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая «заклікае да неадкладнага пастаяннага і ўстойлівага гуманітарнага спынення агню ў сектары Газа, якое вядзе да спынення баявых дзеянняў». У падтрымку гэтага дакумента прагаласавалі прадстаўнікі 120 з 193 дзяржаў-членаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якія прысутнічалі на пазачарговым пасяджэнні Генасамблеі ў Нью-Ёрку ў пятніцу, 27 кастрычніка. Супраць былі 14 краін, яшчэ 45 — устрымаліся. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце ААН.
Рэзалюцыя была ўнесеная Ярданіяй, якая традыцыйна выступае на баку палесцінцаў у канфлікце з Ізраілем. У яе тэксце не згадваецца тэрарыстычная групоўка «ХАМАС», атака якой на Ізраіль 7 кастрычніка паслужыла пачаткам чарговай эскалацыі палесціна-ізраільскага канфлікту, і адсутнічае патрабаванне вызваліць ізраільскіх вайскоўцаў, узятых баевікамі «ХАМАС» у закладнікі. У той жа час дакумент заклікае да «неадкладнага і безумоўнага вызвалення» ўсіх грамадзянскіх асоб, якія знаходзяцца ў палоне, а таксама патрабуе забяспечыць іх бяспеку і гуманнае абыходжанне з імі ў адпаведнасці з міжнародным правам.
Глядзіце таксама
![Як ААН маніпулюе людзкім меркаваньнем Такая ААН нам не трэба?](/img/v1/images/image1170x530cropped__1__1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Акрамя таго, у ім утрымліваецца патрабаванне выконваць міжнароднае гуманітарнае права «ад усіх бакоў», спыніць агонь у сектары Газа і забяспечыць «бесперапынныя, дастатковыя і бесперашкодныя» пастаўкі неабходных для жыцця прадукцыі і паслуг на тэрыторыю, якая знаходзіцца пад блакадай Ізраіля.
У адрозненне ад рэзалюцый Савета Бяспекі ААН, рэзалюцыі Генасамблеі не мае абавязковай сілы.
Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі стала першым афіцыйным адказам ААН на ваенныя дзеянні, якія працягваюцца пасля 7 кастрычніка на Блізкім Усходзе і поўную блакаду сектара Газа Ізраілем. Да гэтага рэзалюцыі па палесціна-ізраільскім канфлікце чатыры разы беспаспяхова спрабаваў прыняць Савет Бяспекі ААН. Такі зыход тлумачыцца тым, што пяць пастаянных членаў Савета Бяспекі: Кітай, Францыя, Вялікабрытанія, Расія і ЗША — валодаюць правам вета. Так, РФ і КНР наклалі вета на праект рэзалюцыі ЗША, у тэксце якой не было адрасаванага Ізраілю патрабавання спынення агню, а ЗША, у сваю чаргу заблакавалі, праект рэзалюцыі РФ, у тэксце якой не згадвалася групоўка «ХАМАС».
Праз адсутнасць згадкі «ХАМАС» у рэзалюцыі, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН, Ізраіль і ЗША раскрытыкавалі гэты дакумент. З гэтай жа прычыны Германія ўстрымалася ад галасавання.