Дэлегацыя ХАМАС раптам прыбыла ў Маскву. Пра што ішла гаворка?

Дэлегацыя палесцінскай групоўкі ХАМАС, баевікі якой 7 кастрычніка здзейснілі напад на Ізраіль, знаходзіцца ў Маскве. З якой мэтай, да канца не ясна. МЗС Расіі запатрабаваў вызваліць замежных закладнікаў у сектары Газа, у тым ліку расійцаў, а ХАМАС падзякаваў Уладзіміру Пуціну за дыпламатыю, аднак пра закладнікаў не згадаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Global
Look Press

Ілюстрацыйны здымак. Фота Global Look Press

Візіт не быў анансаваны і стаў нечаканым. Першым аб прыездзе дэлегацыі ХАМАС паведаміла крыніца РІА «Новости». Неўзабаве гэта пацвердзіла прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава, абмежаваўшыся фразай: «Прадстаўнікі адпаведнага палестынскага руху знаходзяцца з візітам у Маскве».

Увечары МЗС прадставіў сваё тлумачэнне, што робіць ХАМАС у Маскве. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, «адбыліся кантакты ў працяг расійскай лініі на неадкладнае вызваленне замежных закладнікаў», якія знаходзяцца ў палоне ў сектары Газа. Акрамя таго, паводле версіі расійcкага боку, абмяркоўвалася пытанне аб эвакуацыі расійскіх і іншых грамадзян з тэрыторыі анклава.

Узначаліў дэлегацыю член Палітбюро ХАМАС Абу Марзук, а перамовы з ім вёў намеснік міністра замежных спраў і спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі Міхаіл Багданаў. Прычым МЗС Расіі прозвішча Багданава не згадала — яго назваў у сваім прэс-рэлізе ХАМАС, апублікаваўшы фота з сустрэчы.

У інтэрпрэтацыі ХАМАС Абу Марзук абмяркоўваў у Маскве «агрэсію супраць Газы», настойваючы на праве «супраціўляцца сіянісцкай акупацыі ўсімі даступнымі сродкамі». «Дэлегацыя руху высока ацаніла пазіцыю прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і намаганні актыўнай расійскай дыпламатыі», — сказана таксама ў прэс-рэлізе.

Пра закладнікаў у заяве ХАМАС нічога не гаворыцца. Затое гучаць заклікі да спынення агню, адкрыцця КПП і дастаўкі гуманітарнай дапамогі. Таксама ХАМАС згадаў аб правах палесцінскага народа, а расійскі МЗС — аб неабходнасці стварэння палесцінскай дзяржавы ў межах 1967 года са сталіцай ва Усходнім Ерусаліме.

У выніку нападу на Ізраіль загінулі не менш за 20 грамадзян Расіі. У закладніках у сектары Газа, як мяркуецца, знаходзяцца яшчэ тры расійцы, якія маюць таксама ізраільскае грамадзянства, казаў раней у чацвер амбасадар РФ у Ізраілі Анатоль Віктараў.

«Адпаведныя кантакты праводзяцца», — сказаў Віктараў, маючы на ўвазе намаганні, што прымаюцца для вызвалення закладнікаў.

Багданаў яшчэ да навін аб прыездзе дэлегацыі ХАМАС у Маскву сказаў, што ў яго ўжо былі кантакты з прадстаўнікамі руху ў Катары. «Абмяркоўваў [лёс закладнікаў] з палітычным кіраўніцтвам ХАМАС», — паведаміў дыпламат журналістам.

Да нападу ХАМАС на Ізраіль, які справакаваў магутную хвалю Ізраільскіх удараў па сектары Газа, візіты дэлегацый хамасаўцаў у Маскву былі не рэдкасцю.

У адрозненне ад іншых краін, Расія не прызнавала ХАМАС тэрарыстычнай арганізацый. Статус тэрарыстычнай і забароненай арганізацыі ёсць у «Талібана», аднак і гэта не перашкаджала частым візітам талібаў у Маскву.

Апошні візіт ХАМАС адбыўся ў сакавіку 2023 года, тады з дэлегацыяй сустракаўся той жа намеснік міністра Багданаў.

ХАМАС адназначна заняў бок Расіі ў яе вайне з Украінай. Член Палітбюро Абу Марзук раней казаў: «Спецыяльная ваенная аперацыі Расіі на Украіне ставіць мэтай пакласці канец дамінаванню ЗША ў свеце, зрабіць свет шматпалярным. Гэта выгадна ўсім прыгнечаным народам, у першую чаргу палесцінскаму народу».


Глядзіце таксама

Пуцін раней устрымліваўся ад прамога асуджэння ХАМАС за напад на Ізраіль. Ён пры гэтым выказваў шкадаванне з нагоды гібелі як ізраільцян, так і палестынцаў у Газе.

7 кастрычніка 2023 года групоўка ХАМАС здзейсніла беспрэцэдэнтны напад на Ізраіль, баевікі ўвайшлі ў кібуцы і гарады каля сектара Газа, забіўшы амаль паўтары тысячы чалавек і ўзяўшы шмат закладнікаў.

ХАМАС імкнецца да знішчэння дзяржавы Ізраіль і стварэння на ўсёй тэрыторыі Палесціны ісламскай дзяржавы.

Групоўка прыйшла да ўлады ў сектары Газа ў 2007 годзе ў выніку выбараў, але затым гвалтоўна выцесніла з сектара палітычных апанентаў. З тых часоў яе баевікі вялі некалькі войнаў з Ізраілем.

ХАМАС і іншыя афіляваныя з ім ваенізаваныя групы абстрэльвалі Ізраіль тысячамі ракет і здзейснілі мноства рэйдаў.

У адказ Ізраіль наносіў па сектары Газа паветраныя ўдары і двойчы накіроўваў туды войскі. Ізраіль разам з Егіптам заблакавалі межы сектара з 2007 года, патлумачыўшы гэта мерамі бяспекі.

ХАМАС унесены ў спіс тэрарыстычных арганізацый многімі краінамі, уключаючы Вялікабрытанію, ЕС, ЗША, Ізраіль, Японію і Аўстралію.

Паводле BBC.