Топ-5 нявыкананых абяцанняў Лукашэнкі ў адыходзячым годзе
Калі б гэтыя абяцанні былі ўвасоблены ў жыццё, Беларусь стала б зусім іншай краінай.
Не будзе трымацца сінімі пальцамі за прэзідэнцкае крэсла
Восенню мінулага года, галасуючы на парламенцкіх выбарах, кіраўнік дзяржавы абяцаў з нагоды маючых адбыцца прэзідэнцкіх: «Калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць, але тым не менш вы павінны маю кандыдатуру адкінуць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду».
Аднак не толькі галасаванне грамадзян, але і масавыя пратэсты ў краіне не прымусілі ў 2020 годзе Лукашэнку выканаць абяцанае.
Ад каронавіруса ніхто не памрэ
Падчас эпідэміі кіраўнік дзяржавы рэгулярна рабіў абяцанні і прагнозы, якія не выконваліся.
«Ніхто ад каронавіруса ў нашай краіне не памрэ. Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цвёрдае перакананне, зыходзячы з аналізу не толькі мінулых гадоў. У нас ужо вопыт гэтага года ёсць. І, зыходзячы з нашага вопыту, кітайскага, амерыканскага, еўрапейскага (працякання гэтых хвароб), мы бачым, як працаваць. Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей», — казаў Лукашэнка ранняй вясной.
Нават па статыстыцы Міністэрства аховы здароўя з выяўленай каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі ў 2020 годзе памерлі амаль 1400 чалавек. А некаторыя эксперты лічаць, што гэтая лічба раз у дзесяць прыніжаная.
Яшчэ адно абяцанне з тых, што тычыліся каронавіруса, Лукашэнка зрабіў у траўні: «Мы абралі свой шлях. Мы не ўвялі надзвычайнае становішча... Калі мы і далей будзем ісці гэтым шляхам, мы абавязкова праз месяц забудзем пра каронавірус».
Але не забыліся ні ўлетку, ні ўвосень, ні ўзімку.
Правядуць рэферэндум з нагоды лёсу акумулятарнага завода ў Брэсце
Сутыкнуўшыся з моцнай незадаволенасцю жыхароў абласнога цэнтра, кіраўнік Беларусі ў чэрвені паабяцаў ім правесці рэферэндум з нагоды лёсу акумулятарнага завода.
«Хай вырашаць жыхары. Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю... пасля выбараў. Збяром хлеб, ураджай — і правядзем. Я з задавальненнем запішу сабе некалькі ачкоў, што ўнёс гэтую прапанову на рэферэндум у Брэсце. І як народ вырашыць, так і будзе», — заявіў Лукашэнка.
Але ўвосень стала вядома, што ўлады без рэферэндуму дазволілі аднавіць будаўніцтва скандальнага завода.
Кошт будаўніцтва квадратнага метра жылля будзе адпавядаць сярэдняй зарплаце
Згодна з Указам №466, падпісаным чатыры гады назад, кошт «квадрата» павінен зраўняцца з сярэдняй зарплатай да 2020 года. Па дадзеных на кастрычнік сярэдняя зарплата ў Беларусі складала 1285 рублёў. Сярэдняя цана «квадрата» ў Мінску — 1250, але не рублёў, а долараў.
Краіна пазбавіцца ад доўгу
Пяць гадоў таму кіраўнік Беларусі абяцаў: «Ва Уфе (на самітах ШАС і БРІКС) з чальцамі ўрада, якія гэтым пытаннем займаюцца, мы далі сабе клятву — я не казаў пра гэта раней і думаў наогул не казаць, але калі закранулі тэму, — мы за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. І на працягу пяці гадоў мы плануем, разлічыўшыся па даўгах, ніколі не пазычаць, абыходзіцца без запазычанняў».
Паводле звестак Мінфіна дзяржаўная запазычанасць краіны на 1 лістапада гэтага года склала 57,9 млрд рублёў — яна павялічылася ў параўнанні з пачаткам года на 13,1 млрд або на 29,3%.
Бонус ад НЧ: 5G
У перадвыбарчай праграме 2015 года Лукашэнка паабяцаў нам сувязь стандарту 5G у краіне да 2020 года. Гэтага не адбылося. І наўрад ці гэтае абяцанне будзе выкананае, асабліва калі з наступнага года аператарам мабільнай сувязі і інтэрнэту падымаюць падатак на прыбытак да 30%. Такі падатак азначае, што ні пра якія развіццё і інвестыцыі ў галіну не можа быць і размовы.