Пра што мараць беларусы? Здагадацца, канешне, ня цяжка
Платформа «Голас» запусціла праект «Беларусь марыць», які ўжо сабраў больш за 5500 жаданняў беларусаў. Глядзіце, якія мары самыя папулярныя.
Платформа «Голас» запусціла праект «Беларусь марыць», які ўжо сабраў больш за 5500 жаданняў беларусаў. Усе выказаныя мары будуць пакладзеныя ў аснову народнага маніфэсту новай Беларусі, які стане арыенцірам для народнага руху, а таксама для далейшай працы грамадзянскіх ініцыятываў, піша «Свабода».
Платформа прэзентавала прамежкавую аналітыку аб самых папулярных марах беларусаў. Яны сабраныя ТУТ. Мары будуць акумулявацца да 7 студзеня, потым іх маюць пераўтварыць у план дзеянняў, пішуць арганізатары кампаніі.
Больш за 5500 беларусаў ужо падзяліліся сваімі навагоднімі таямніцамі з праектам «Беларусь марыць». Вось самыя папулярныя жаданьні на гэты момант.
1. Адстаўка Аляксандра Лукашэнкі. Безумоўны лідар сярод мараў. Такіх паведамленняў на адрас платформы паступіла каля 90%. Частка не прайшла мадэрацыю з прычыны просталінейных або рэзкіх фармулёвак.
2. Вызваленне палітвязняў — другое па папулярнасці жаданне.
3. Бяспека і жыццё без страху. Такое жаданне замыкае першую тройку. Тут жа спыненне гвалту і рэпрэсій, скарачэнне колькасьці АМАПу ды іншых сілавых структураў, нежаданне ператварыцца ў «вайсковую хунту» і Паўночную Карэю.
4. Аднаўленне законнасці. Беларусы мараць, каб у краіне выконваліся законы і Канстытуцыя, крымінальна-працэсуальны кодэкс выкарыстоўваўся паводле прызначэння, а незаконна асуджаных апраўдалі.
5. Клопат пра пенсіянераў. Часцей за ўсё мары аб лепшым жыцці для пажылых людзей, годнай пенсіі, даступным медычным і санаторным лячэнні і падарожжах па свеце дасылалі дзеці ды ўнукі. Людзі сталага веку мараць пра шчаслівую будучыню для сваіх дзяцей і ўнукаў і часам шкадуюць аб сваім выбары 26 гадоў таму.
Таксама мараць беларусы аб падвышэнні заробкаў, мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя, вяртанні эмігрантаў, шырокім ужыванні беларускай мовы, даступнай іпатэцы на жыллё, рэформе адукацыі і шмат чым іншым.
Сваё жаданне можна адправіць у відэафармаце да 30 секундаў або тэкстам чат-боту «Голасу» ў Viber або Telegram. Зарэгістравацца можна праз сайт https://belarus2021.org. Ад кожнага карыстальніка прымаецца адно паведамленне — тое, якое прыходзіць апошнім.