Улады спускаюць «канстытуцыйную рэформу» на тармазах? Гэта кукіш Маскве?

Вядомы беларускі журналіст і палітолаг — пра сэнс Усебеларускага народнага сходу, дата якога была прызначаная сёння.

Фота politring.com

Фота politring.com

— 28 снежня на нарадзе ў Лукашэнкі абмякоўвалася пытаньне правядзеньня VI Усебеларускага народнага сходу (УНС), — напісаў Валерый Карбалевіч. — Цікава, што паводле выступу Лукашэнкі, парадак дня гэтага мерапрыемства абмяжоўваецца падвядзеннем вынікаў гэтай пяцігодкі і прыняццем наступнага пяцігадовага плану.
А пра прыняцце новай Канстытуцыі ніякай узгадкі няма. Гэта дзіўна. Бо і сам Лукашэнка намякаў, што на ЎНС яму будзе прыдадзены канстытуцыйны статус. І дзяржаўныя мэдыі прыняцце новай Канстытуцыі звязвалі з гэтым форумам.

Што ўсё гэта азначае? Канечне, за месяц усё яшчэ можа памяняцца.

Выкажу версію, што, магчыма, уся кампанія канстытуцыйнай рэформы спускаецца на тармазах. Сама ідэя з'явілася ў інфармацыйнай прасторы з падачы Масквы ў жніўні. Яна павінна была згуляць ролю маркоўкі, перніка для ўзбуджанага грамадзтва, крокам да кампрамісу.

Гледзячы па ўсім, цяпер Лукашэнка прыйшоў да высновы, што пратэст ён задушыў, узяў сітуацыю ў краіне пад кантроль. Таму патрэба ў нейкім перніку знікла. Адсюль ягоная заява на сённяшняй нарадзе: «Ніякіх рашэнняў ва ўгоду замежным «дарадцам» і іх тутэйшым прыхільнікам быць не павінна». Гэта кукіш Маскве?