У Гомелі сямейная пякарня з крафтавым хлебам аказалася на мяжы закрыцця

Афіцыйная фармулёўка закрыцця «Хлебнай майстэрні» — пагроза здароўю і жыццю людзей і нават пагроза нацыянальнай бяспецы, распавяла «Еўрарадыё» гаспадыня гомельскай пякарні.

04_11_1.jpg

«Хлебная майстэрня» — гомельская пякарня, дзе вырабляюць крафтавы хлеб. Сямейны бізнес пачынаўся ў кухоннай духоўцы і разросся да сеткі з некалькіх крам. Але апошнім часам ва ўстанову зачасцілі праверкі, а на мінулым тыдні суд прыняў рашэнне аб закрыцці пякарні.

«Еўрарадыё» пагутарыла з гаспадарамі «Хлебнай майстэрні» пра культуру спажывання хлеба, тэхналогію яго вытворчасці, значнасць для горада і планы на будучыню.

 

01_12_1.jpg

Хлеб на рошчыне — нібыта немаўля

Пякарня «Хлебная майстэрня» існуе ад 2018 года. Пасля нараджэння першай дачкі Марына Куцапалава зацікавілася здаровым харчаваннем і дадала ў сямейны рацыён свой хлеб на рошчыне.

— Гэта быў просты аржаны хлеб у выглядзе цаглінкі, — узгадвае Марына. — Але хлеб на рошчыне — сапраўднае чараўніцтва: ён нібыта немаўля, якое песціш на руках. Хлеб — больш чым ежа: гэта магія, ідэя, творчасць.

Неўзабаве нарадзілася другая дачка — а ў яе знайшлася алергія. Марыне давялося вывучыцца на дыетолага. Тады яна вырашыла, што няблага было б расказаць знаёмым, што ёсць альтэрнатыва хлебу з палічак у супермаркетах. Яны з мужам пачалі пячы хлеб у падарунак.

— Каля года я пякла хлеб у духоўцы, а Аляксандр развозіў яго па Гомелі. Гэта быў напружаны, але цікавы перыяд жыцця, пра які я згадваю з удзячнасцю. Па хлеб была чарга, бо я была адна і духоўка таксама была адна. І цяжка паралельна спраўляцца з двума пяцігадовымі дзецьмі.

Праз год працы на два франты Марына выгарэла. Тады яе муж рызыкнуў і пачаў будаваць пякарню. Асноўныя сродкі на абсталяванне і будаўніцтва сям’я ўзяла ў крэдыт. 

Людзі не хочуць працаваць рукамі

Раней Марына і Аляксандр ніколі не думалі займацца харчовай вытворчасцю. Бо гэта ж усё выдаткі, складаныя дакументы, праверкі. Да таго ж, пячы хлеб — работа працяглая і працаёмкая: некаторыя віды хлеба гатуюцца да 36 гадзін.

— Гэта самабытная тэхналогія, якой цяпер нідзе не вучаць, — наракае Марына. — Людзі, якія сёння самі пякуць хлеб, імкнуцца самастойна адраджаць амаль забытыя рэцэпты, дзейнічаюць інтуітыўна. Гэты працэс трэба адчуваць ад пачатку да канца.

Кадры ў гэтай сферы вырашаюць літаральна ўсё. Гатовых спецыялістаў няма, усіх даводзіцца навучаць, дый самім навучацца. Гэта складана і затратна, у тым ліку — па псіхаэмацыйных выдатках. Цяпер надта мала людзей, гатовых да фізічнай працы — нават такой высакароднай, як выпечка хлеба.

 

 

Пасля каменных жорнаў мука захоўвае водар

Тэхналогія вытворчасці крафтавага хлеба ў прыватнай пякарні істотна адрозніваецца ад масавага выпякання на дзяржаўных хлебакамбінатах.

— Перадусім мы самі мелем цэльназерневую муку на млыне з каменнымі жорнамі, — тлумачыць Марына. — Калі збожжа дробіцца на камяні, а не на прамысловым млыне, то награваецца мінімальна, што дазваляе захаваць яго харчовыя ўласцівасці і водар. Гэта больш мяккая апрацоўка збожжа, якая захоўвае алей з зародка, і хлебу са збожжа перадаецца большая колькасць водару. А металічныя жорны перамолваюць збожжа ў пацяруху, парушаючы натуральныя валокны. Перамолванне збожжа ў пацяруху пагаршае ўласцівасці мукі.

У пякарні выкарыстоўваюць натуральныя прадукты: не дадаюць штучныя паскаральнікі, паляпшальнікі і хлебапякарныя дрожджы.

— У нас сапраўдны хлеб на рошчыне працяглай ферментацыі, — сцвярджае Марына. — Такі хлеб не проста смачны: для многіх людзей ён адзіны, які пасуе па паказчыках здароўя. Тэхналогія працяглай ферментацыі — працэс стрававання, які пачынаецца па-за межамі страўніка. Такі хлеб дапамагае спрасціць стрававальныя працэсы. Наш хлеб і іншыя нашыя прадукты мамы не баяцца даваць дзецям як першы прыкорм. Аб гэты хлеб дзеці чухаюць свае дзясны, гэта той хлеб, які дзеці і дарослыя ядуць без нічога.

Марына лічыць, што ў Беларусі бракуе культуры спажывання свежага хлеба.

09_11_1.jpg


Не працаваў 26 кастрычніка? Закрыем цябе назаўжды

На пачатку лістапада сямейным бізнесам зацікавіліся дзяржаўныя органы. 26 кастрычніка ў Беларусі паводле закліку Святланы Ціханоўскай распачалася агульнанацыянальная забастоўка. У гэты дзень «Хлебная майстэрня» была зачыненая на сандзень. А ўжо 3 лістапада ў пякарню прыйшла санстанцыя.

Вытворчасць спынілі на месяц. Адначасова гомельскі Цэнтральны рынак скасаваў з яе гаспадарамі дамову на арэнду месца. Пад Новы год крама на рынку зачынілася.

У астатнія дзве крамы сеткі пачалі прыходзіць праверкі. Усе службы і інспекцыі спасылаюцца на тое, што дзейнічаюць па законах. У выніку ў крамах «Хлебнай майстэрні» нават адключылі электрычнасць.

Нарэшце эканамічны суд прыняў рашэнне аб закрыцці вытворчасці па патрабаванні МНС.

Супрацоўнікі МНС сведчылі суду, што мука ў пакеце вагой два кілаграмы пры падзенні з рук пекара на падлогу можа ўзарваць пякарню. Маўляў, у нас выбухованебяспечная вытворчасць, як на спіртзаводах. З гэтай нагоды нам прад’явілі невыканальныя, але і неадхільныя патрабаванні, — апісвае сітуацыю Марына. — Вядома, мы будзем падаваць апеляцыю. Але мы з мужам не маем ілюзій. Але мы змагаемся ўжо чатыры месяцы і не збіраемся здавацца.

 

12_4__1_.jpg

«Хочам развіваць сваю справу, але ў такіх умовах у гэтым няма сэнсу»

У Марыны і Аляксандра было багата планаў па развіцці бізнесу. Але на цяперашні момант гаспадары «Хлебнай майстэрні» нічога не плануюць. Проста жывуць сёняшнім днём.

— Мы хацелі б ладзіць майстар-класы для дзяцей і вучыць дарослых пячы хлеб. Таксама думалі ладзіць асвету пра здаровы лад жыцця. Але пакуль ставімся скептычна да ўсіх гэтых рэалій.

Афіцыйная фармулёўка закрыцця «Хлебнай майстэрні» — пагроза здароўю і жыццю людзей і нават пагроза нацыянальнай бяспецы. А мы лічым, што стварылі сумленную вытворчасць, унікальную для Гомеля. Шкада, што гораду і краіне не патрэбны разумныя, працавітыя і мэтанакіраваныя людзі, якія жывуць сваёй справай.