У новы год — без ЕАЭС!
Памятаецца, Лукашэнка папярэджваў Расію: калі не будуць урэгуляваныя праблемы, мы можам выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў. Праблемы засталіся. Можа, час здзейсніць задуманае?
Ужо канец года. Аднак у нас дагэтуль не развязанае нафтагазавае пытанне з нашым найшчырэйшым саюзнікам. Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў разлічвае, што кампраміс усё ж будзе знойдзены. У развязанні гэтых перамоваў ён нават задзейнічаў такі моцны інструмент, як галоснасць, даўшы інтэрв’ю агенцтву «Рэйтар».
«Мы разлічваем на тое, што па выніках актыўнага дыялогу, які цяпер ідзе, мы дасягнем кампраміснага выніку, — адзначыў прэм’ер. — Павінны быць супастаўныя, а лепш — роўныя ўмовы паміж суб'ектамі гаспадарання для таго, каб можна было весці размову па ўсіх чатырох свабодах эканамічнага саюза, а не разынкі з булкі выкалупваць і лічыць, што астатнія павінны з гэтым пагаджацца».
«Разынкі з булкі выкалупваюць», зразумела, рускія. Кабякоў справядліва лічыць, што «наша супрацоўніцтва павінна ўлічваць інтэграцыйны складнік. У адваротным выпадку інтэграцыя проста не будзе працаваць».
Кіраўнік урада падкрэсліў: Беларусь цікавіць не столькі цана на газ, колькі розніца ў цэнах паміж Беларуссю і Расіяй. У рэгіёнах, якія знаходзяцца побач з Беларуссю, цана на газ у два з лішнім разы ніжэй, чым у Беларусі, паведаміў ён. А калі так, дык навошта мы тады інтэграваліся? Навошта падпісвалі пагадненні пра ЕАЭС і іншую «дагаворную прававую базу»? Няма дзе было асадку распісаць?
Кабякоў прапануе два выхады. Альбо, згодна з пагадненнямі, пастаўляць газ у Беларусь па ўнутрырасійскіх коштах, альбо ўзняць цану на паліва ў Бранску і Смаленску — да ўзроўню беларускай.
Такая сітуацыя з газам узнікае не ўпершыню, і таму падставы для аптымізму ёсць. Было нават, што пагадненне па газе падпісвалі за пяць хвілін да наступлення Новага года.
Чаму рускія так учапіліся ў газ? Усё проста: у гэтым годзе іх асноўны напаўняльнік бюджэту, мегаканцэрн «Газпром» — у мінусе. Фінансавы дырэктар холдынгу Андрэй Круглоў паведаміў, што з-за рэзкага падзення коштаў на газ, якія ў кантрактах «Газпрома» прывязаныя да нафтавых каціровак, і росту выдаткаў, якія павялічваюцца, нягледзячы праграму эканоміі, год кампанія завяршае з нулявой свабоднай грашовай плынню.
Чысты прыбытак «Газпрома» за 9 месяцаў упаў у 2,3 разы, прыбытак ад продажаў знізіўся ў 2,8 разы. Экспартная выручка, нягледзячы на рост паставак у Еўропу, звалілася да мінімуму за 12 гадоў.
Што ў такім разе робяць нармальныя кампаніі? Нармальныя кампаніі звальняюць усіх, адказных за правалы, і прызначаюць «антыкрызісных менеджараў». «Газпром» жа пайшоў ва ўладныя колы Расіі «выбіваць» запазычанасці з Беларусі. Пры гэтым выплаты топ-менеджарам «Газпрома» ўзраслі на 22%, а прэміі 17 чальцам праўлення карпарацыі за 9 месяцаў павялічылі аж на 72%!
Заплаціць ім, пэўна, павінны беларусы? Заробак аднаго толькі Мілера — прыкладна 27 мільёнаў долараў у год. Калі памножыць яго на 17 членаў праўлення, то нават беларускага доўгу не хопіць, каб усім ім заплаціць! А яны яшчэ і прэміі паднялі на тры чвэрці!
Газ і нафта — не адзіная нявырашаная праблема ў «саюзных адносінах».
Нелюбімы намі Рассельгаснагляд на тыдні прапанаваў «жорстка кватаваць» пастаўкі беларускай «малочкі». Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка ведамства Мікалай Уласаў на парламенцкіх слуханнях у Маскве.
Паводле яго слоў, наяўнасць на рынку беларускай прадукцыі, а таксама фальсіфікаванай прадукцыі і непрыняцце жорсткіх мер забівае расійскую малочную жывёлагадоўлю. «У нас ніколі не будзе нармальнага малака, калі гэтыя праблемы не будуць вырашаны», — падкрэсліў ён.
Дзеянні Рассельгаснагляду падтрымлівае Мінсельгас РФ. Як сказаў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расіі Джамбулат Хатуаў, абмежаванні на ўвоз прадукцыі некаторых, «на жаль, неналежных пастаўшчыкоў былі справядлівыя».
Што ж не задавальняе рускіх у беларускім малацэ? Іх не задавальняе тлустасць і якасць нашага малака. Але большасць прэтэнзій да якасці нашай прадукцыі не пацвярджаецца пры паўторных праверках і ў незалежных лабараторыях трэціх краін. Іх непакоіць, што частка прадукцыі, якая пастаўляецца ў РФ, нібыта выпрацавана з «малака невядомага паходжання». Прычым, яны самі палічылі, колькі малака мы пастаўляем, і колькі, на іх думку, надойваем. Але асаблівае іх абурэнне выклікае тое, што беларускія вытворцы прадаюць сваю прадукцыю па цэнах ніжэй, чым у расійскіх вытворцаў. Па словах Хатуава, усяго толькі месяц санкцый да беларускай «малочкі» прывёў да таго, што запасы сметанковага масла ў вытворцаў Расіі прыйшлі да нормы.
Што агульнага ў газа і малака? Агулам мы бачым, што, нягледзячы на ўсялякія «саюзы», няма роўных умоваў гаспадарання. Мы бачым, што няма вольнага перасоўвання твараў і паслуг. Мы бачым, што Расія ўжывае лабісцкія і абмежавальныя захады для абароны сваіх вытворцаў у шкоду нават не беларусам, а сваім жа пакупнікам, якія набываюць больш таннае і якаснае беларускае.
Дык, спадарства, пра які ЕАЭС можа ісці размова? Які ў нас Мытны саюз, калі беларуская прадукцыя тармозіцца на мяжы РФ? Якая ў нас ад саюзаў выгада? Хіба што тысяча чыноўнікаў маюць заробак, працуючы ў «органах ЕАЭС», ды прадпрымальнікаў канчаткова задушылі «сертыфікацыяй саюзаў». Прычым, рускія на гэтую сертыфікацыю пляваць хацелі, мы ж выконваем усё «да літары».
Варта, нарэшце, шчыра прызнацца: ад розных «інтэграцый» у нас больш шкоды, чым карысці. Гэтыя праекты папросту не працуюць. Трэба скараціць чыноўнікаў у тым жа ЕАЭС і скасаваць гэты саюз, які не апраўдаў спадзяванняў.
Ад скарачэння чыноўнікаў мы хаця б выгаду атрымаем, і не малую. Па-першае, не будзем марнаваць бюджэтныя грошы на іх утрыманне. А па-другое — хай заплацяць падатак на дармаедства.