Украінскія ўлады: «Ціханоўская аказалася няздольнай вывесці людзей на вуліцы»

Офіс прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага чакаў масавага пратэсту беларусаў супраць расійскага ўварвання ва Украіну. На думку ўкраінскіх чыноўнікаў, беларускія дэмакратычныя сілы аказаліся няздольнымі арганізаваць пратэст. Гэтым яны тлумачаць нежаданне ісці на кантакт са Святланай Ціханоўскай.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Ва Украіны і беларускай апазіцыі ёсць агульны вораг — Расія, але ўзаемны антаганізм падрывае любы агульны фронт супраць Масквы, піша выданне «Politico».

Лідары беларускай апазіцыі абвінавачваюць Кіеў у нежаданні супрацоўнічаць і нават проста кантактаваць.

Леташні заклік Святланы Ціханоўскай, лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл, да Украіны «стварыць саюз з дэмакратычнай Беларуссю, змагацца разам і падтрымліваць беларускі супраціў» быў сустрэты маўчаннем.

Тым часам Кіеў спрабуе ўтрымаць Аляксандра Лукашэнку ад таго, каб ён кінуў сваё войска на бок Расіі ў вайне супраць Украіны. Украінскі ўрад не ў захапленні ад «няздольнасці беларускай апазіцыі вывесці людзей на вуліцы і дэстабілізаваць Лукашэнку».

Кіеў лічыць, што беларуская апазіцыя «не аказвае ні арганізацыйнага, ні інтэлектуальнага ўплыву на беларускае грамадства», заявіў дарадца Зяленскага Міхаіл Падаляк.


Напружанасць становіцца відавочнай, калі гаворка заходзіць пра намаганні ЕС па ўвядзенні дадатковых санкцый у дачыненні да Беларусі як найбліжэйшага хаўрусніка Расіі і Уладзіміра Пуціна.

Першапачаткова меркавалася, што беларускі пакет павінен быў супасці з лімітавымі цэнамі на нафтапрадукты, якія ўступілі ў сілу раней, але Беларусь была пазбаўленая іх пасля таго, як разгарэлася барацьба за імпарт угнаенняў. Беларуская апазіцыя заяўляе, што ўкраінскія ўлады прасілі еўрапейцаў не ўводзіць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Кіеў гэтыя заявы адмаўляе.

«Мы заклікаем Украіну і Захад захоўваць паслядоўнасць і не ўступаць у нейкія таемныя ўгоды з рэжымам Лукашэнкі. Ён не стрымае сваё слова», — сказала Ціханоўская ў інтэрв'ю «Politico».

Ёсць і больш дробныя крыўды і раздражненне.

У студзені прэзідэнты Польшчы і Літвы правялі ў Варшаве цырымонію ў памяць пра Кастуся Каліноўскага, аднаго з лідараў паўстання супраць расійскага кіравання ў 1863 годзе, якое ахапіла землі, што цяпер уваходзяць у склад Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. У яго гонар названы полк беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць супраць Расіі разам з украінскімі вайскоўцамі.

Амбасадар Украіны таксама быў там і зачытаў прамову Зяленскага, дзе не ўзгадалі Беларусь. Прысутнай  пры гэтым Святлане Ціханоўскай слова не далі.

Небяспека з поўначы

Хоць Лукашэнка не адправіў сваіх вайскоўцаў на вайну, ён дазволіў Расіі выкарыстоўваць сваю краіну ў якасці перавалачнага пункта. 24 лютага мінулага года Масква накіравала калоны войскаў з Беларусі ў бок Кіева. Лукашэнка таксама дазваляе выкарыстоўваць авіябазы для адпраўкі самалётаў і ракет супраць Украіны, расійскія войскі праходзяць падрыхтоўку ў Беларусі, Лукашэнка адпраўляе вайсковыя грузы, каб дапамагчы Расіі.

Кіеў з асцярогай глядзіць на рост колькасці расійскіх войскаў, якія збіраюцца ў Беларусі.

«Для нас вельмі важна, каб Беларусь не страціла сваю незалежнасць і не далучылася да гэтай ганебнай вайны, нягледзячы на чый-небудзь уплыў», — заявіў Зяленскі ў мінулым месяцы. На дадзены момант Кіеў лічыць, што небяспека новага нападу з поўначы абмежаваная.


«Мы бачым толькі 15-20 тысяч прафесійных беларускіх вайскоўцаў, гатовых ваяваць, і да 15 тысяч расійскіх вайскоўцаў па ратацыі, якія прайшлі паўтара-двухмесячную падрыхтоўку ў Беларусі. Мы таксама бачым некаторыя супрацьракетныя і зенітныя кампаненты. Вось і ўсё», — сказаў Падаляк, дадаўшы, што для стварэння ўдарнай групы спатрэбіцца сабраць не менш за 70 000 вайскоўцаў.

Але патэнцыйная небяспека з боку Лукашэнкі азначае, што ўкраінскі ўрад не жадае рызыкаваць, раздражняючы яго заігрываннямі з апазіцыяй. Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што прыме меры ў адказ, калі яму будуць пагражаць.

«Я гатовы змагацца разам з рускімі з тэрыторыі Беларусі пакуль толькі ў адным выпадку: калі хоць адзін салдат прыйдзе адтуль на тэрыторыю Беларусі, каб забіваць маіх людзей. Калі яны ўчыняць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе самым жорсткім», — заявіў ён замежным карэспандэнтам у Мінску.

Бяссільная апазіцыя

Святлана Ціханоўская выдаткоўвае большую частку свайго часу, спрабуючы заручыцца падтрымкай на Захадзе. Нават да поўнамаштабнага ўварвання Расіі офіс Зяленскага амаль не кантактаваў з ёй. Адзіным выключэннем была кароткая сустрэча, якую яна правяла летась з Аляксеем Арастовічам, тагачасным дарадцам Зяленскага.

Ціханоўская сказала, што яна і іншыя лідары апазіцыі дамагліся пэўнага поспеху ў змене настрояў насельніцтва Украіны, аддзяліўшы рэжым Лукашэнкі ад беларускага насельніцтва.

«Мы думалі, што ўкраінцы ўжо ведалі пра сітуацыю ў Беларусі, пра рэпрэсіі. Аднак пасля пачатку вайны мы выявілі, што ніхто ва Украіне не сачыў за сітуацыяй у Беларусі. Да вайны Лукашэнка быў папулярным палітыкам ва Украіне: людзі хвалілі смачнае малако і добрыя дарогі ў Беларусі», — сказала яна.

Аднак адносіны з украінскім кіраўніцтвам застаюцца абмежаванымі, і беларуская апазіцыя лічыць, што Кіеў здзяйсняе памылку, не парываючы з Лукашэнкам.

«Мы разумеем, што ўлады Украіны не хочуць правакаваць Лукашэнку. Але калі ёсць думкі, што гэта яго спыніць, то яны памылковыя. На пачатку 2022 года ён паабяцаў Украіне, што нападу не будзе. Мы ведаем, да чаго гэта прывяло», — напісала Ціханоўская ў сваіх сацсетках.

Тым часам каманда Зяленскага з'едліва адклікаецца наконт эфектыўнасці беларускай апазіцыі.

«Фармаванне кааліцый і сталыя перамовы аб тым, хто зойме тую ці іншую пасаду міністра ў выгнанні, — гэта ўсё вельмі добра, — сказаў Падаляк. — Але мы хацелі б атрымаць уяўленне пра тое, што ўяўляе сабой гэтая альтэрнатыўная Беларусь з пункту гледжання канкрэтных дзеянняў. На чым на самай справе пабудавана гэтая альтэрнатыва?».


Ён дадаў, што ў першыя дні вайны ўкраінскі ўрад чакаў, што беларуская апазіцыя зможа мабілізаваць буйны антываенны пратэсны рух.

«Мы сапраўды думалі, што гэта адбудзецца. Але аказалася, што гэта не тое, што трэба Беларусі... Яны не змаглі пераканаць насельніцтва ў тым, што краіна не павінна ўдзельнічаць у захопніцкай вайне».