«Украіна гандлявала з Беларуссю, пакуль Лукашэнка быў прагназаваным партнёрам»

Палітолаг Ігар Тышкевіч — пра тое, як далей будуць складвацца беларуска-ўкраінскія адносіны і на якіх умовах Украіна пойдзе на дыялог з Беларуссю.

Ігар Тышкевіч. Фота: ukrinform.ua

Ігар Тышкевіч. Фота: ukrinform.ua


Хуткага паляпшэння беларуска-ўкраінскіх адносін не выпадае чакаць, лічыць эксперт «Украінскага інстытута будучыні» Ігар Тышкевіч.
Вось інтарэсы ўкраінскага боку на пачатковым этапе.
Першы і асноўны — гэта бяспека фізічная, бяспека вайсковая, у будучыні — бяспека эканамічная. Адпаведна, на гэтым этапе кардынальныя прарывы наўрад ці будуць.
Другі этап вельмі важны. Гэта тое, на чым будаваліся, на чым грунтаваліся беларуска-ўкраінскія адносіны —прагназаванасць. Для Украіны не так важна, як палохае беларуская афіцыйная прапаганда, што ўкраінцам патрэбна дэмакратыя заходняга ўзору ў Беларусі, зараз, маўляў, будуць звяргаць Лукашэнку. Грымасы гісторыі ў тым, што Украіна якраз-такі цудоўна супрацоўнічае з Турцыяй, цудоўна супрацоўнічае з Азербайджанам, якія немагчыма назваць дэмакратыямі, таксама працуе з Казахстанам, які таксама цяжка назваць дэмакратыяй. Але ў палітыцы існуе такая рэч, што твой партнёр мусіць быць прагназаваным: ты ведаеш, чаго ад яго чакаць і чаго чакаць немагчыма.
Лукашэнка доўгі час, нягледзячы на аўтакратычны стыль кіравання, быў прагназаваным партнёрам. І гэта дазваляла ўкраінскаму боку працаваць з Беларуссю, не баючыся наступстваў. У 2022 годзе здарылася найгоршае, што магло адбыцца ў гэтай схеме: беларускія ўлады перасталі быць прагназаваным партнёрам, ад слова «зусім». Гэта азначае, што без вяртання на глебу прагназаванасці любыя доўгатэрміновыя праграмы супрацоўніцтва немагчымыя, нават пры наяўнасці ўзаемнага эканамічнага ці палітычнага інтарэсу. Гэта проста немагчыма. Таму што прагназаванасць — гэта фактар бяспекі, а бяспека — асноўнае.
Зыходзячы з гэтага, на другім этапе цалкам верагодна пэўнае аднаўленне і эканамічных, і палітычных кантактаў, нават пры той умове, што ў Беларусі застанецца цяперашняя ўлада. Але не ў былым фармаце, а з вялікай колькасцю калі не дадатковых пагадненняў, дык дадатковых умоў.
Трэці этап — выпрацоўка непасрэдна сістэмы добрасуседства. Ва Украіне ёсць запатрабаванасць на інфармацыю пра Беларусь і пра фармат супрацы з Беларуссю. Ідзе зандзіраванне глебы. Пры наяўнасці рэсурсаў, пры наяўнасці разумення ў Кіеве прагназаванасць — гэта ў тым ліку праца Кіева як з групай, якая кіруе Беларуссю, так і з контрэлітамі, і адбудова сітуацыі, падобнай да сітуацыі з 2008 па 2012 год, калі Кіеў быў месцам канцэнтрацыі праграм супрацоўніцтва з Беларуссю, а кіеўскія ўлады (прынамсі, позні Юшчанка) былі адвакатам д’ябла, камунікатарам. Наконт камунікатара я сумняюся, але вось праграмы супацоўніцтва з Беларуссю — гэта тэарэтычна магчыма.
Але сёння ў Украіны не хапае разумення, у якой паслядоўнасці, у якасці каго ці чаго павінна ажыццяўляцца праграма фарміравання пэўнай групы беларускіх эліт (палітычных, эканамічных), якія цудоўна разумеюць, што эскалацыя з Украінай б’е па ключавых інтарэсах і магчымасцях самой Беларусі.
Першыя два этапы намечаны, будуць рэалізоўвацца ў паваенным часе на працягу двух-чатырох гадоў, а вось з трэцім этапам пакуль праблемы.
Ёсць і ключавы фактар — фактар Расійскай Федэрацыі: на якіх умовах будзе завершана вайна і як будзе паводзіць сябе пры гэтым афіцыйны Мінск.
Перамога Расіі сёння малаверагодная, але ўзнікае пытанне кампрамісу пасля вайны. Кампраміс можа азначаць вяртанне да сітуацыі на 24 лютага 2022 года, кампраміс па заканчэнні можа быць лепшым ці горшым для Украіны.
І гэта наўпрост уплывае на ўстойлівасць сістэмы ў Расійскай Федэрацыі. Давайце ўзгадаем расстрэл Белага дома падчас унутранага палітычнага крызісу ў Расіі. Гісторыя сведчыць, што ў Расіі не хапае рэсурсаў — ні фінансавых, ні людскіх, ні інфармацыйных, каб займацца сваёй зонай уплыву. І ў такім выпадку вельмі многае будзе залежаць ад таго, на чыім баку гуляў Лукашэнка — не папярэдні матч, а апошнія хвіліны. Ці паспеў ён, умоўна кажучы, здрадзіць Пуціну, ці не паспеў.
Частковыя кампрамісы — пытанне даверу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай — не здымуць з парадку дня. Але ў такой сітуацыі Лукашэнка можа застацца і цэментаваць сваю ўладу, бо ў сітуацыі частковых кампрамісаў, калі пераможцаў няма, можна спрабаваць гуляць на эканоміцы, не моцна пераймаючыся стаўленнем да насельніцтва. У такім выпадку будзе сітуацыйны гандаль, але, на жаль, не будзе развіцця сістэмнай шырокафарматнай працы з двух бакоў.
Чаму кіраўніцтва Украіны адмаўляецца супрацоўнічаць з той часткай беларускай контрэліты, якая зараз знаходзіцца па-за межамі Беларусі?
Сустрэчы на рабочым узроўні адбываюцца рэгулярна і з усімі групамі, хіба што за выключэннем Цапкалы.
Пытанне іншае: прызнаваць або працаваць? Украіна якраз зараз працуе з базавай мадэллю, мадэллю забеспячэння бяспекі. Мадэль забеспячэння бяспекі на беларускім напрамку прадугледжвае некалькі вектараў.
Першы: інфармацыйная праца, уплыў на беларускае грамадства. Не на тых, хто выехаў, а на тых, хто застаўся ў Беларусі, каб падтрымліваць антываенныя настроі. Адпаведна, магчымасць і фармат супрацоўніцтва залежыць ад здольнасці патэнцыйных беларускіх партнёраў уплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі. Не на эмігранцкія групы — украінцаў гэта не цікавіць. Адпаведна, няма прапаноў — няма супрацы.
Другі накірунак — сілавы блок, тое, што дазваляе трымаць і адносна нармальнае стаўленне да беларусаў, нягледзячы на ўсе ўкіды, на эмацыйнасць і на тое, што з Беларусі ляцяць ракеты. Таксама вельмі простае пытанне: ці можаце вы гарантаваць узмацненне гэтага фактару ці не можаце? Калі не можаце, з вамі па гэтым пытанні не будуць размаўляць.
Трэці — нагнаць страху на Лукашэнку. Гэта не толькі інфармацыйны вектар, але і рэсурсная магчымасць, магчымасць нешта зрабіць. Вось пытанне: хто зараз з эмігранцкіх груп наганяе страху на Лукашэнку? Не наганяюць — значыць, застаюцца па-за гэтай схемай.
Спробы любой беларускай групы стаць эксклюзіўным пасрэднікам паміж беларускім грамадствам і ўкраінскімі ўладамі бесперспектыўныя.
Больш за тое, калі глядзець на трэці этап (фарміраванне груп, якія добра ставяцца да Украіны), то гэтым мусяць займацца ўсе. Калі ты працуеш толькі з адной групай, ты аўтаматычна абмяжоўваеш сябе ў працы на будучыню. У такім выпадку няма сэнсу вызначаць кагосьці ключавым партнёрам альбо прарокам пана Бога, рацыянальных рэзонаў проста няма.
А калі іх няма, то навошта?
Паводле «СН+».