Улады хочуць забараніць прадаваць нерухомасць без прысутнасці ўласніка?
У беларусаў, якія жывуць за мяжой, пасьля восеньскага ўказу Лукашэнкі ўзьніклі праблемы з продажам нерухомасьці па даверанасьці. Як стала вядома «Свабодзе», неўзабаве гэты працэс можа яшчэ больш ускладніцца.
«Свабодзе» стала вядома, што супрацоўнікі КДБ праяўляюць цікавасьць да дзейнасьці натарыяльных кантор, якія займаюцца афармленьнем угод зь нерухомасьцю.
«Правяралі ўсіх, праводзілі гутаркі, як цяпер афармляць угоды зь нерухомасьцю. Заявілі, што трэба, перш чым аформіць зьдзелку, праверыць, ці ёсьць чалавек у сьпісах тэрарыстаў ці экстрэмістаў. Калі так, то „паведаміць у органы“. Аднаго натарыюса затрымалі. Ня ведаю, ці яна аформіла ўгоду „не таму, каму трэба“, ці знайшлі „кампрамат“ у тэлефоне», — патлумачыла крыніца.
Паводле суразмоўцы, цяжкасьці з афармленьнем узьнікаюць ня толькі таму, што не працуюць даверанасьці, аформленыя за мяжой. Яшчэ адна прычына ў тым, што многія адміністрацыйныя працэдуры пры продажы нерухомасьці зьмянілі.
«Нам патлумачылі, што пасьля натарыяльнай зьдзелкі кватэру трэба аформіць у БТІ (раней — Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, цяпер — Агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру. — РС), прычым прадаўцу і пакупніку трэба зьявіцца ў БТІ асабіста. Інакш нерухомасьць не зарэгіструеш», — кажа крыніца.
Суразмоўца прагназуе, што неўзабаве ў Беларусі зьявіцца шмат так званай безгаспадарнай спадчыны. То-бок нерухомасьці, якую ніхто не прыняў у спадчыну пасьля сьмерці ўласьніка.
«І ўся гэтая безгаспадарная спадчына адыдзе дзяржаве», — кажа крыніца.
Суразмоўца лічыць, што зьмены вядуць да таго, каб «адціскаць кватэры ў тых, хто выехаў за мяжу».
Іншая крыніца «Свабоды» расказала пра затрыманьне натарыюса ў адным з райцэнтраў (даныя ёсьць у рэдакцыі. — РС).
«Яна „спалілася“ на тым, што выпісвала даверанасьці людзям без асабістай прысутнасьці. Тым, хто быў за мяжой. Таму пачалі праверкі ўсіх натарыюсаў», — зазначыла крыніца.
Ускладнілі адміністрацыйныя працэдуры
Як патлумачыў Свабодзе яшчэ адзін суразмоўца, зараз па генэральнай даверанасьці, аформленай у Беларусі, пакуль можна прадаць нерухомасьць ці атрымаць даведку на чалавека, які за мяжой.
«Але ёсьць іншыя складанасьці, і яны пакуль непераадольныя. Напрыклад, я рабіла для чалавека, які за мяжой, па даверанасьці даведку аб несудзімасьці. На яе трэба было паставіць апастыль. Але празь зьмены ў адміністрацыйных працэдурах заплаціць за апастыль можа толькі той чалавек, які мне даваў даверанасьць. Вось і ўсё», — патлумачыла крыніца.
Яна дадала, што для натарыюсаў нядаўна праводзілі адмысловую вучобу, каму і як прадаваць кватэры ў сучасных умовах.
«Бо, думаю, людзі знаходзілі нейкія „дзіркі“, каб усё-такі прадаць кватэру ў Беларусі. Цяпер жа сказалі строга — толькі асабістая прысутнасьць, калі не — вылеціш з працы, як мінімум», — дадала крыніца.
На яе думку, рыхтуецца забарона на продаж нерухомасьці ў Беларусі без прысутнасьці ўласьніка.
Нагадаем, пасьля апублікаванага ў верасьні 2023 году ўказу зьмяніліся правілы атрыманьня і прымяненьня даверанасьцяў, пашпартоў і даведак. Раней грамадзяне Беларусі, якія жывуць за мяжой, маглі аформіць у беларускім консульстве даверанасьць на распараджэньне сваёй маёмасьцю на радзіме. Напрыклад, каб прадаць у Беларусі машыну, кватэру ці іншую маёмасьць. Цяпер такой магчымасьці больш няма, даверанасьць трэба рабіць асабіста ў Беларусі. Апастыль на дакумэнты, паводле новага ўказу, таксама трэба рабіць у Беларусі.