УНС як «астравок стабільнасці»: каго сістэма дапусціць да цела?

У Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў прайшло абмеркаванне шэрагу законапраектаў, сярод якіх — закон пра Усебеларускі народны сход.

vsebelorusskoe_sobranie101.jpg


Улады расказалі, каго яны хочуць бачыць сярод дэлегатаў прыдуманага Лукашэнкам і яго рэжымам Усебеларускага народнага сходу. Член ЦВК Алена Балдоўская заявіла, што да «суб'ектаў грамадзянскай супольнасці», якія прэтэндуюць на ўдзел ва УНС, ёсць шэраг патрабаванняў:
«Патрабаванні складаюцца ў тым, што асоба, якая захоча стаць дэлегатам УНС, не павінна мець грамадзянства замежнай дзяржавы і іншых дакументаў па тыпу карты паляка, якія прадастаўляюць шэраг ільгот на тэрыторыі той ці іншай замежнай дзяржавы»,перадае «БелТА» словы чыноўніцы.
Паралельна з дадзеным законапраектам улады плануюць прыняць яшчэ адзін — аб грамадзянскай супольнасці. У ім рэжым абазначыць, каго ў сённяшняй Беларусі будуць называць «суб'ектамі грамадзянскай супольнасці», і нават выставіць нейкія свае патрабаванні да гэтых «суб'ектаў».


Каментуючы прыняцце новых законаў, іншая чыноўніца, намесніцы старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Марына Шкроб заявіла:
«УНС будзе тым астраўком стабільнасці, які не дазволіць расцягнуць нашу краіну на часткі і кавалкі, які не дазволіць аніводнай галіне ўлады прыняць неабдуманае, неразумнае рашэнне. Думаю, што гэта фактычна наша гарантыя на будучыню».


Усебеларускі народны сход — з'ява не новая, але толькі пасля 2020 года яго зрабілі суб'ектам палітыкі, месцам, якое, як мяркуюць эксперты, павінна стаць запасным планам Лукашэнкі — на выпадак так званага «транзіту ўлады». У канцы лютага гэтага года пасля «рэферэндуму» чыноўнікі зафіксавалі гэты статус УНС як палітычнага суб'екта ў Канстытуцыі.