Вайна на паўзе: знішчэнне «явак і пароляў» і эвакуацыя амбасад

Былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» расказвае, як цяпер у канфліктных сітуацыях адбываецца эвакуацыя дыпламатычных прадстаўніцтваў і як гэта рабілася раней.

Амбасада ЗША ў Германіі ў нашы дні. Фота: «Голас Амерыкі»

Амбасада ЗША ў Германіі ў нашы дні. Фота: «Голас Амерыкі»

Выпрабаванне дыпламатычнай ветлівасці

Пачну з таго, што план эвакуацыі ёсць ці павінен быць у кожнай дыпмісіі — альбо як асобная інструкцыя, альбо як частка плана дзеянняў дыпламатычнага або консульскага прадстаўніцтва ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі. Гэта сусветная практыка. Зразумела, са сваімі нюансамі ў кожнай краіне.

Гаворка ідзе пра механізм дзеянняў супрацоўнікаў прадстаўніцтва, які запускае тая ці іншая надзвычайная сітуацыя. Яго сэнс у тым, каб пазбегнуць разгубленасці, забяспечыць бяспеку для персаналу, даных і маёмасці — дакументаў, архіваў, шыфраў, кодаў, «явак і пароляў», сродкаў спецсувязі, якімі валодае дыпмісія, а таксама, па магчымасці, сваіх грамадзян, якія ў гэты час знаходзяцца на тэрыторыі праблемнай дзяржавы. 

Любая дыпмісія зацікаўлена ў тым, каб у момант крызісу ў краіне было як мага менш сваіх грамадзян або не было наогул. Адсюль і ўсе папярэджанні, якія практыкуюць знешнепалітычныя ведамствы аб непажаданасці наведвання тых ці іншых дзяржаў або заклікі тэрмінова выехаць з краіны.

Напрыклад, у жніўні 2023-га амбасада ЗША ў Мінску заклікала сваіх грамадзян неадкладна пакінуць Беларусь у сувязі з закрыццём памежных пунктаў пропуску на мяжы з Еўрасаюзам. Хоць меркаваныя амерыканскім бокам рызыкі для амерыканскіх грамадзян у Беларусі (пакуль) так і не матэрыялізаваліся.

У рэальнасці, калі надзвычайная сітуацыя ўзнікае і патрабуецца эвакуацыя, хутчэй за ўсё, аператыўна распрацоўваецца новы план, прывязаны да канкрэтных умоў крызісу і магчымасцей, якія ён пакідае. 

Што таксама важна адзначыць, дзяржава знаходжання дыпмісіі абавязана аказваць садзейнічанне ў бяспечнай эвакуацыі, незалежна ад характару двухбаковых узаемаадносінаў. І нават калі гэты характар апісваецца паняццем «канфрантацыя» або «вайна».


Глядзіце таксама

Гэтага патрабуе Венская канвенцыя аб дыпламатычных зносінах, а гэта канстытуцыя сусветнай дыпламатыі. У ёй наконт паводзінаў краін у адносінах да прадстаўніцтваў адна адной гаворыцца літаральна наступнае: «Дзяржава знаходжання павінна, нават у выпадку ўзброенага канфлікту, аказаць садзейнічанне, неабходнае для магчыма хуткага выезду асоб, якія карыстаюцца прывілеямі і імунітэтамі і не з'яўляюцца грамадзянамі дзяржавы знаходжання, і членаў сем'яў такіх асоб, незалежна ад іх грамадзянства». 

Паводле гэтых канонаў у сакавіку 2022-га адбывалася эвакуацыя амбасады Беларусі ў Кіеве.

Дыпадносіны паміж Беларуссю і Украінай не разрываліся, вайна адна адной не абвяшчалася, але канфрантацыя ў наяўнасці. Тым не менш у Мінску па гэты дзень працуе амбасада Украіны, праўда, на ўзроўні часовага паверанага ў справах – пасол адкліканы ў красавіку мінулага года. 

Эвакуацыя беларускага пасольства з Кіева ажыццяўлялася з меркаванняў бяспекі. Тагачасны беларускі амбасадар наракаў, што з'ехаць давялося праз тое, што місія знаходзілася «на аблогавым становішчы», што ўкраінскі бок заблакаваў усе фінансавыя рахункі і стварыў невыносныя ўмовы знаходжання. 

Сама эвакуацыя праходзіла па калідоры, які прадаставіў украінскі бок (праз Малдову) і па якім мог забяспечыць бяспеку. Перасячэнне мяжы не было гладкім: беларускія дыпламаты падвергліся шматгадзіннаму надгляду, амбасадару спрабавалі ўручыць «30 срэбранікаў», але ў дадзеным выпадку не паварочваецца язык прад'явіць да ўкраінцаў за гэта прэтэнзіі, нягледзячы на загану дыпламатычнай ветлівасці ў памежнікаў.

Па такім жа прадастаўленым Украінай гуманітарным калідоры праз Малдову, адбывалася эвакуацыя ў Беларусь беларускіх грамадзян, якую арганізоўвалі (некалькі серый) беларускія дыпмісіі ў Кіеве і Кішынёве.

Патрон, зараджаны на пасярэдніцтва

Яшчэ адзін штрых да партрэта дыпадносінаў: нават у выпадку іх разрыву і рашэння аб ліквідацыі прадстаўніцтва Венская канвенцыя абавязвае паважаць і ахоўваць памяшканне дыпмісіі замежнай дзяржавы разам з яго маёмасцю і архівамі. На практыцы ледзь не галоўную ролю ў такіх справах адыгрывае прынцып узаемнасці: як абыходзяцца з намі, так абыдземся і мы.

Як правіла, у тых радыкальных выпадках, калі разрываюцца дыпламатычныя адносіны, пры згодзе канфліктуючых краін выбіраецца трэцяя дзяржава, якая бярэ на сябе прадстаўніцтва інтарэсаў бакоў на тэрыторыі адна адной. 

Вуаля, прыклады: з таго часу, як у 2008 годзе былі разарваныя дыпламатычныя адносіны паміж Расіяй і Грузіяй, гэтую функцыю выконвае Швейцарыя. Гэтак жа сама Швейцарыя прадстаўляе інтарэсы Ірана ў Егіпце, ЗША ў Іране, Ірана ў Саудаўскай Аравіі і наадварот. І прадстаўла шмат дзе яшчэ, калі капнуць у гісторыю.

Пасля разрыву дыпадносін з Расіяй у 2022-м Украіна дамовілася са Швейцарыяй аб прадстаўніцтве сваіх інтарэсаў у РФ, але прадстаўніцтва не здарылася з той прычыны, што швейцарская кандыдатура не была ўзгоднена расійскім бокам.

Калі б Беларусь не была ўцягнутая ў вайну саўдзелам, магла б таксама прэтэндаваць на ганаровую місію патрона – абараняць інтарэсы РФ у Кіеве і Украіны ў Маскве.

У гады Другой сусветнай вайны на піку нацысцкай агрэсіі ЗША прадстаўлялі ў Германіі інтарэсы адразу 11 краін, уключаючы Англію і Францыю, да таго часу, пакуль не адбыўся Перл-Харбар – і самі не ўступілі ў вайну. Такая лічба прыводзіцца ў кнізе «Дыпламатыя Другой сусветнай вайны вачыма амерыканскага амбасадара ў СССР Джорджа Кенана». 


Глядзіце таксама

Амбасадарам у СССР аўтар гэтай кнігі і дактрыны «стрымлівання» Джордж Кенан стане праз пару гадоў пасля вайны, а напярэдадні вайны, у 1938 годзе, Дзярждэп накіруе яго спачатку ў амбасаду ЗША ў Чэхаславакіі, а пасля аншлюсу перавядзе ў Берлін. Да ўспамінаў Кенана яшчэ вярнуся.

Пасля нападу Германіі на СССР савецкія інтарэсы ў Берліне прадстаўляла Швецыя, а германскія ў Маскве — Балгарыя. Пры пасярэдніцтве гэтых краін была праведзена эвакуацыя савецкага пасольства ў Германіі і супрацоўнікаў германскай дыпмісіі ў СССР шляхам абмену. Апускаючыся ў гэтую гісторыю, варта ўлічыць, што Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах (1961) яшчэ не было. У той час абавязацельствы краін у адносінах да дыппрадстаўніцтваў адна адной па частцы іх імунітэту насілі характар міжнароднага звычаю.

Абменны курс амбасад

З нямецкага боку ў працэс быў уцягнуты Вальтэр Шэленберг, кіраўнік знешняй выведкі службы бяспекі. У сваіх «Мемуарах» ён распавядае, што пасля ўварвання ў СССР яму патэлефанавалі з МЗС і паведамілі, што неабходна тэрміновае садзейнічанне ў сувязі з абменам персаналу савецкага пасольства ў Берліне на персанал нямецкага прадстаўніцтва ў Маскве. Абмен меркавалася ажыццявіць на балгарска-турэцкай мяжы. Савецкія дыпламаты адмаўляліся выязджаць з Берліна для абмену з-за зніклых супрацоўнікаў савецкага консульства ў Данцыгу (цяперашні Гданьск), арыштаваных гестапа.

У іншага ўдзельніка падзей — перакладчыка і дыпламата Валянціна Беражкова, які працаваў у савецкай амбасадзе ў Германіі са снежня 1940-га першым сакратаром, крыху іншая версія. 

Паводле Беражкова («З дыпламатычнай місіяй у Берлін»), загваздка была ў тым, што нямецкі бок прапанаваў абмяняць 120 германскіх грамадзян, якія знаходзіліся на тэрыторыі СССР з ліку персаналу амбасады і іншых германскіх устаноў, на такую ж колькасць савецкіх грамадзян у Германіі. Амбасадзе ў Берліне прапаноўвалася іх адабраць. Аднак савецкіх грамадзян, інтэрнаваных немцамі, было звыш паўтары тысячы, і амбасада хацела вывезці іх усіх. У выніку, калі верыць Беражкову, немцы пагодзяцца на нераўназначны абмен. 

Германія, выношваючы таемныя планы нападу, прыступіла да эвакуацыі сваіх грамадзян загадзя: да моманту ўварвання скараціла персанал амбасады і адправіла ў Германію ўсіх жанчын і дзяцей, вывела ўсе суды з тэрытарыяльных вод СССР. Пытанне захаванасці сакрэтных дакументаў у дыпмісіі ў Маскве таксама было вырашана Берлінам загадзя.


Глядзіце таксама

У савецкай амбасадзе сталі знішчаць сакрэтную дакументацыю і шыфры ў дзень уварвання Германіі. Пра яго амбасада даведалася ад Рыбентропа: савецкі амбасадар быў выкліканы для гэтага ў МЗС. Беражкоў, які суправаджаў амбасадара ў якасці перакладчыка, піша, што дыпмісія практычна адразу пазбавілася каналаў сувязі са знешнім светам. Па патрабаванні немцаў да вырашэння пытання аб тым, якая краіна возьме на сябе абарону інтарэсаў СССР у Берліне, амбасада павінна была паведаміць пра кантактную асобу для камунікацыі з нямецкім МЗС. Ёю быў вызначаны Беражкоў.

Выезд савецкіх грамадзян з Берліна па пагадненні, дасягнутым праз пасярэдніцтва шведаў, быў прызначаны на 2 ліпеня. Для эвакуацыі персаналу амбасады быў прадастаўлены спецыяльны цягнік са спальных вагонаў. Для эвакуацыі іншых савецкіх грамадзян — іншы састаў з іншымі ўмовамі. «Людзі цярпелі нязручнасці, перш за ўсё праз страшную цеснату, – апісвае нягоды Беражкоў. — Адзін мог прылегчы толькі тады, калі астатнія трое, якія размяшчаліся на гэтай жа лаўцы, стаялі». Не хапала ежы і адзення.

Маршрут праходзіў праз Прагу, Вену, Бялград, Сафію. У дарозе былі затрымкі, якія цягнуліся суткамі. Савецкая калонія павінна была перайсці з Балгарыі ў Турцыю, а нямецкая — з савецкага Закаўказзя таксама на турэцкую тэрыторыю. Гэта павінна было адбыцца адначасова і пад наглядам пасярэднікаў.

Неаплатны «адпачынак» у нацысцкай Германіі 

Джордж Кенан пакінуў успаміны пра эвакуацыю амбасады ЗША ў Берліне: яна адбывалася пазней за савецкую, у снежні 1941-га, і мела свае асаблівасці.

Амбасада налічвала 99 чалавек разам з членамі сем'яў супрацоўнікаў, плюс яшчэ столькі ж — нямецкага дапаможнага персаналу. Кенан справядліва паказвае, што гэта вельмі мала ў параўнанні з сучаснымі амерыканскімі пасольствамі, у якіх працуюць сотні чалавек, і задачамі, якія вырашаліся (прадстаўніцтвам інтарэсаў 11 краін). Дарэчы, для беларускага маштабу лічба ў 99 чалавек з членамі сем'яў — гэта гіганцкі памер дыпмісіі, які калі сустракаецца, то толькі ў Расіі, дзе самае вялікае прадстаўніцтва Беларусі за мяжой.

Афіцыйная заява пра стан вайны паміж Германіяй і ЗША была зроблена 11 снежня 1941-га, праз чатыры дні пасля нападу Японіі на Перл-Харбар. Яшчэ напярэдадні ў пасольстве ЗША ў Берліне перасталі працаваць тэлефоны, перадача тэлеграм стала таксама немагчымай. Дыпмісія аказалася адрэзанай ад свету. 

У гэтых умовах амерыканскія дыпламаты яшчэ да абвяшчэння вайны спалілі шыфры і спецыяльную карэспандэнцыю, вырашыўшы, што лепш зрабіць гэта, чым не зрабіць. 

У нейкі момант плошчу перад пасольствам запоўнілі грузавікі і натоўп народа. «Мы чакалі штурму, — піша Кенан. — Але яго не было. Затое наш тэлефон раптам зноў запрацаваў. Патэлефанавалі з нямецкага МЗС і паведамілі, што цяпер з'явіцца супрацоўнік аддзела пратакола, каб даставіць часовага паверанага ў справах ЗША ў Германіі да міністра замежных спраў». 

Рыбентроп зачытаў амерыканскаму дыпламату ноту аб аб'яўленні вайны. Аднак лёс амбасады заставаўся пасля гэтага яшчэ некалькі дзён нявызначаным, пакуль Гітлер не даў указанне, што «амерыканцаў не павінна быць у Берліне». 


Глядзіце таксама

На зборы будзе толькі ноч, ранкам будынак дыпмісіі заблакуе гестапа. Амерыканцаў пасадзяць у аўтобусы і адвязуць на вакзал, а адтуль на двух спеццягніках, пад аховай гестапа, даставяць у прыгарад Франкфурта, дзе яны правядуць каля пяці месяцаў фактычна ў палоне. Умовы знаходжання там таксама будуць складанымі, не будзе хапаць ежы. Большую частку палону амерыканцы будуць без сувязі са сваім урадам. У траўні ўсіх іх адправяць праз Іспанію ў Лісабон, дзе абмяняюць на аналагічную па колькасці групу немцаў. 

Завяршу гісторыю і выпуск тым, пра што Джордж Кенан піша з абурэннем, але што чытаецца як кур'ёз: Кенан наракае, што Дзярждэпартамент доўга не выходзіў на сувязь з пасольскімі, хоць гэта можна было зрабіць праз Швейцарыю, а калі выйшаў, то сваім паведамленнем ніяк не парадаваў. У ім сярод іншага было рашэнне валютна-фінансавага ўпраўлення аб тым, што дыпламатам не будуць аплачаны месяцы, праведзеныя ў зняволенні. Таму што ўвесь гэты час, на думку бухгалтэрыі Дзярждэпа, яны не працавалі.