Валерый Карбалевіч пра змены ў Канстытуцыі: Проста пройдзе рэферэндум, дзе абвесцяць 80% — і ўсё
Палітолаг — пра рэферэндум, сэнс якога не разумее ніхто.
Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю Дзмітрыю Кісялёву не
выключыў новых прэзідэнцкіх выбараў. «Яны максімум адбудуцца ў тэрмін.
Але, магчыма, будуць і датэрміновыя», — сказаў ён.
Ці пойдзе Лукашэнка на новыя выбары? «Филин» спытаў пра гэта ў
палітолага Валерыя Карбалевіча.
— Спрабаваць разгадаць палітычныя сны Аляксандра Лукашэнкі — гэта не самая ўдзячная справа. Я б хацеў адзначыць, што ён сыходзіў ад
канкрэтных адказаў на пытанні пра датэрміновыя выбары, ці будзе ён у іх
удзельнічаць. Лукашэнка ўжо шмат разоў ухіляўся ад адказаў на гэтыя тэмы.
Цяпер мы маем справу з досыць абсурднай сітуацыяй: краіна
рыхтуецца да рэферэндуму па новай Канстытуцыі, але ніхто ў краіне не ведае, для
чаго ж гэтая Канстытуцыя патрэбная. І праціўнікі Лукашэнкі не ведаюць, і
прыхільнікі не ведаюць.
І самае галоўнае — сам Лукашэнка нават не спрабуе растлумачыць
людзям нічога.
Хутчэй за ўсё, сам Лукашэнка да канца не ведае, што ж там будзе. Мне здаецца, што ён і далей нічога нікому тлумачыць не будзе. Проста пройдзе рэферэндум, дзе абвесцяць 80% — і ўсё.
Акрамя таго, Лукашэнка яшчэ больш напусціў туману, калі
сказаў, што не ведае, ці будзе ўдзельнічаць у новых выбарах, усё будзе залежаць
ад сітуацыі. Калі раней ён гаварыў, што Канстытуцыя — для новага прэзідэнта, то
тады было хоць нешта зразумела.
Сітуацыя абсалютна абсурдная. І яшчэ больш абсурднай яна
становіцца, калі ўлады ўжо вядуць падрыхтоўку да рэферэндуму, праводзяць
сацыялагічныя апытанні. Мне здаецца, што гэта ідэалагічная кампанія ў падтрымку
невядома чаго.
Як кажа сам Лукашэнка, народ падтрымлівае. Выбачайце, але
падтрымлівае што? Калі нават праекта Канстытуцыі няма. Такой абсурднай сітуацыі
яшчэ ніколі не было ў краіне.
Суразмоўца адзначае, што нядаўна кіраўнік
Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка ўпершыню агучыў пэўныя пункты новай
Канстытуцыі.
— Лукашэнка хоча, каб на новай пасадзе, кіраўніка УНС,
кантраляваць новага прэзідэнта. Але тады ўзнікае пытанне: а чаму не сказаць,
што я сыходжу? Ён раней гэта агучваў, але чым бліжэй рэферэндум, тым больш
туману. Хоць бы нейкую інфармацыю далі людзям.
У мяне такое ўражанне, што Лукашэнка яшчэ да канца не прыняў
рашэнне. Як сумясціць несумяшчальныя рэчы: пакінуць моцную прэзідэнцкую ўладу і
кантраляваць прэзідэнта пры дапамозе УНС.
Я не выключаю, што Пуцін не вельмі задаволены гэтым
праектам. І Лукашэнка вельмі хочацца «ўламаць» Пуціна: адсюль заявы пра Крым і
падобнае. Але гэта ўсё здагадкі, а дзяржаўны апарат рыхтуе рэферэндум, не
разумеючы яго сэнсу.
Магчыма, Лукашэнка не хоча апынуцца ў сітуацыі «кульгавай качкі». Яму не хочацца быць чалавекам, які дажывае на
сваёй пасадзе апошнія месяцы. Калі пра гэта заявіць публічна, то пачнуцца
хістанні ў дзяржаўным апараце, сілавых структурах, людзі пачнуць азірацца: што
далей, хто цяпер будзе ва ўладзе? Ён гэта разумее, таму не дае канкрэтных
адказаў.
Валерый Карбалевіч не звязвае правядзенне рэферэндуму з
выхадам з палітычнага крызісу.
— Як можна выйсці з крызісу з дапамогай рэферэндуму, сэнс якога ніхто не разумее? З восені 2020 года, з падачы Масквы, гэта разглядалася выхадам з крызісу. Але цяпер гэтага няма — гэта хутчэй сродак працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі, толькі ўжо на новай пасадзе, сродак захавання рэжыму, але без Лукашэнкі-прэзідэнта.