«Валодзя Зяленскі — выпадковы чалавек». Як прэзідэнт Украіны церпіць ад Лукашэнкі. І маўчыць

Адна з прычын, чаму былы комік з «Квартала» імкліва страчвае палітычны рэйтынг, палягае ў Беларусі.

z.jpg


Стаўленне афіцыйнай Украіны да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — асобны складнік у беларускім палітычным супрацьстаянні.
З Еўропай усё больш-менш зразумела — хай з акалічнасцямі, але топіць за перамены і пакетуе санкцыі. Усё больш-менш зразумела з Расіяй — хай з акалічнасцямі, але абараняе стары парадак і падтрымлівае яго прэферэнцыямі.
Украіна ў гэтым кантэксце — хрэстаматыйны прыклад таго, што называецца «і нашым, і вашым».
Бо з аднаго боку тут — прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям, прытулак уцекачам і маральная падтрымка. А з другога — жвавы гандаль з беларускімі ўладамі, імпарт бітуму і іншай электраэнергіі і падкрэсленае нежаданне ад гэтых гешэфтаў адмаўляцца. Нават тады, калі Лукашэнка ўжо прамым тэкстам кажа, што Крым — тэрыторыя Расіі, а ва ўкраінскай уладзе сядзяць скрозь «нягоднікі і мярзотнікі».
Фарватар украінскай знешняй палітыкі задае, вядома, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. 43-гадовы былы стэндапер з гумарыстычнага шоу «Вячэрні Квартал», якому раптам закарцела пакіраваць вялікай краінай.
У палітычнае жыццё суайчыннікаў ён уварваўся на белым кані — з рашучым настроем, лозунгамі пра вынішчэнне карупцыі і дэкларацыямі пра вырашэнне крызісу на Паўднёвым Усходзе. «О, — сказалі ўкраінцы, — новы твар, малады і порсткі. Можа, хаця б у яго атрымаецца». І прагаласавалі за ўсмешлівага ўраджэнца Крывога Рога, выкінуўшы з прэзідэнцкага крэсла забранзавелага Пятра Парашэнку.
Аднак прайшлі два з паловай гады, і хуткая на высновы Украіна расчаравана гудзе: зноў абралі не таго. Малады то малады, але слова не трымае і ні на што не здатны. Усе праблемы, што былі, засталіся на месцы — а гара-прэзідэнт не можа нават нарадзіць мыш.
Сёння рэйтынг Уладзіміра Зяленскага абваліўся да гістарычнага мінімуму і складае каля 20 %. То-бок існуе велізарная верагоднасць, што ўвесну 2024-га ўкраінцы выберуць новага — ужо сёмага — кіраўніка дзяржавы.
Чаму ж у Зяленскага не атрымліваецца на вышэйшай пасадзе? Гэтае пытанне занадта складанае, хай з ім разбіраюцца абазнаныя аналітыкі ў Кіеве, Адэсе і Львове. З беларускай званіцы сюды можна дадаць хіба што адну макуліну: прэзідэнт Зэ так і не вызначыўся са сваім стаўленнем да Аляксандра Лукашэнкі і яго палітыкі. І гэтая двухсэнсоўная пазіцыя яму сёння таксама адліваецца ў сціплых паказчыках падтрымкі сярод патрабавальнага электарата.
Больш за тое. Ці мала хто дыстанцыяваўся ад афіцыйнага Мінска — тут важна, што афіцыйны Мінск не дыстанцыяваўся ад цябе. Лукашэнка Зяленскага ў спакоі не пакідае, «ужываючы» яго з нагодамі і без. То скажа, што той рыхтуе баевікоў для закіду ў Беларусь, то ўвогуле, як надоечы, паблажліва назаве ўкраінскага «Валодзю» «выпадковым чалавекам у палітыцы». Маўляў, што з яго ўзяць.
І пакуль «Валодзя» працягвае маўчаць і маштабаваць эканамічныя зносіны з Беларуссю, «НЧ» вырашыў узгадаць тры асабліва паказальныя кейсы пра тое, як больш старэйшы беларус карыстаў менш дасведчанага ўкраінца ва ўласных мэтах. А той і вухам не вёў — у крайнім выпадку рэагаваў няўцямна-дыпламатычнай рыторыкай, якая толькі ўзмацняла першыя ўражанні.

Кастрычнік, 2019. Форум у Жытоміры

Яшчэ два гады таму беларускія ўлады не ўспрымаліся на Захадзе непапраўна таксічнымі, дый сам Захад не быў «калектыўным». Так, меліся пэўныя супярэчнасці палітычнага ці ідэалагічнага кшталту, цэтлік пра апошняга дыктара Еўропы рэгулярна цыркуляваў у прэсе, і санкцыі для Беларусі ўжо былі зведаным, пройдзеным этапам. Аднак гэта не перашкаджала розным формам жыцця суіснаваць больш-менш мірна — а часам нават і перасякацца ў афіцыйных рукапаціскальных фарматах.
Актам такіх добрасуседскіх зносін стаўся «Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі», што прайшоў увосень 2019-га ў Жытоміры і выклікаў вялікі розгалас прынамсі ва Усходняй Еўропе.
Саліравалі на форуме Уладзімір Зяленскі і Аляксандр Лукашэнка — шмат гаварылі, усміхаліся-абдымаліся, запэўнівалі адзін другога ў вечным сяброўстве. Цёплую і нязмушаную атмасферу не сапсавалі нават «фрэйдысцкія» агаворкі беларускага госця, які спачатку назваў рэгіёны Украіны расійскімі, а потым перавёў усё ў жарт, параўнаўшы кіеўскага Уладзіміра Аляксандравіча з маскоўскім Уладзімірам Уладзіміравічам.
Вялікае бачыцца на адлегласці. І наступствы тых вечароў блізу Жытоміра таксама ўжо відавочныя. Чаго хацеў Зяленскі? Найперш заручыцца падтрымкай Беларусі як «донара стабільнасці» ў глыбокай канфрантацыі з Масквой. Чаго хацеў Лукашэнка? Найперш прадэманстраваць той жа Маскве сваю фірмовую шматвектарнасць для ўмацавання будучых перамоўных пазіцый. Прэзідэнт Украіны сваёй мэты не дасягнуў — і цяпер трывожна чакае ледзьве не нападу з боку беларускай мяжы. Кіраўнік Беларусі сабой застаўся задаволены — рэверанс у адрас Кіева змусіў Маскву яшчэ болей берагчы ўсходняга саюзніка і надалей аказваць яму падтрымку.
Уладзімір Зяленскі згуляў тут ролю інструмента, і гэта яму ўдалося таленавіта, як у «Квартале».

Ліпень-жнівень, 2020. Затрыманне вагнераўцаў

8f29423dc732c27557b258f934bde9f6.jpg


Напрыканцы ліпеня мінулага года грымнуў скандал, якім адразу накрыла і Беларусь, і Украіну, і Расію. У санаторыі пад Мінскам беларускія сілавікі затрымалі 32 мужчын шчыльнага целаскладу. Неўзабаве выявілася, што ўсе яны не якія-небудзь турысты, а транзітныя пасажыры спецыяльнага прызначэння — члены ваенізаванай расійскай кампаніі, так званай «ПВК Вагнера».
Не будзем узгадваць падрабязнасці, якія імкліва развівалі той дэтэктыўны сюжэт. Падкрэслім галоўнае. З нейкай чарговай місіяй вагнераўцы праз Мінск ляцелі ў Стамбул. Украіна рыхтавала спецаперацыю па іх затрыманні, бо, як мяркуецца, гэтае вайсковае фармаванне брала ўдзел у канфлікце на Данбасе на баку сепаратыстаў. Арышт групоўкі ў Мінску паставіў беларускія ўлады перад дылемай: куды дэпартаваць выпадковых «пасажыраў»?
Вядома, што Зяленскі з гэтай нагоды тэлефанаваў Лукашэнку. І пасля размовы аптымістычна выказваў надзею, што ў хуткім часе затрыманыя вагнераўцы будуць адпраўлены ў Кіеў.
Вядома, што ў Мінск тэлефанаваў і Пуцін. І пасля размовы прэс-служба Крамля абмежавалася няпэўным рэлізам, што сітуацыя «будзе ўрэгулявана ў духу ўзаемаразумення, характэрнага для супрацоўніцтва дзвюх краін».
Так уласна і адбылося. 14 жніўня ўсе затрыманыя расіяне вярнуліся на радзіму — беларускі бок перад імі нават выбачыўся. Зяленскі і тут застаўся з носам, і менавіта тая «вагнераўская» параза дагэтуль разбурае яго прэзідэнцкі рэйтынг.

Снежань, 2021. Прызнанне Крыма

Бясконца можна глядзець на тры з’явы: як цячэ вада, як гарыць агонь і як Аляксандр Лукашэнка прызнае Крым тэрыторыяй Расіі. Глядзяць на гэтую эпапею і ў Офісе Уладзіміра Зяленскага. І, як павялося, не ведаюць, што з гэтым рабіць і як рэагаваць. Таму прайграюць і тут праз адсутнасць палітычнай волі і элементарнай паслядоўнасці.
Уласна, рэагуе Кіеў дагэтуль асцярожна ды аднастайна: толькі рыторыкай. Лукашэнка прызнаў Крым расійскім дэ-факта — Украіна пагразіла пальчыкам і падпісала новыя дамовы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Лукашэнка прызнаў Крым заадно і дэ-юрэ — у нядаўнім інтэрв’ю маскоўскаму прапагандысту Кісялёву — Украіна зноў абмежавалася вербальнай занепакоенасцю. І дадала нешта ў тым сэнсе, што прызнанне гэтае яшчэ не зусім прызнанне, але вось калі адбудзецца афіцыйны візіт на акупаваны паўвостраў… Вось тады ўжо мы дамо і пакажам.


Але ці пакажа насамрэч, застаюцца вялікія сумневы. І падазрэнні патрыятычнай часткі электарату, што беларуская электрычнасць для прэзідэнта Зяленскага даражэй за нацыянальныя каштоўнасці і тэрытарыяльную цэласнасць.
Падазрэнні гэтыя — крытычныя для палітычнай будучыні прэзідэнта Зэ. Бо дзе-дзе, а ў пытанні страчаных тэрыторый украінскае грамадства дэманструе непахіснасць і кансалідаванасць. Дарэчы будзе сказаць, што і свой шлях да прэзідэнцкай пасады Уладзімір Зяленскі пракладваў у тым ліку і абяцаннямі перамагчы на Данбасе і вярнуць Крым. Аднак вось дайшло да таго, што цяпер ён нават не можа адэкватна адрэагаваць на новыя выклікі, звязаныя з анэксаваным паўвостравам. І рэйтынг яго ляціць уніз з паскарэннем свабоднага падзення, ператвараючы ўчорашняга нацыянальнага лідара з 73 % падтрымкі ў сапраўды «выпадковага чалавека».
Фота Reuters, «Беларусь 1».