Усім не спадабаешся!

Жаданне падабацца іншым — уласцівасць чалавечай натуры. Усе мы хочам, каб нас любілі і паважалі. І не сакрэт, што ўсе мы пры гэтым часам трошкі перабольшваем рэчаіснасць.

fonstola.ru_148605_2560x1600.jpg


Нашумелае інтэрв'ю Лукашэнкі Кісялёву, дзе ён нагаварыў шмат лішняга — з той жа оперы. Цяпер яго расцягнулі на цытаты і аналізуюць, што з таго, што ён сказаў, можа быць праўдай і калі яго «несла». Але асабіста ў мяне такое ўражанне, што яго несла заўсёды. Проста таму, што ён імкнуўся спадабацца Кісялёву.
Як мінімум, два апошнія буйныя папярэднія інтэрв'ю Лукашэнкі — CNN і BBC, — былі размовай з незнаёмымі і невядомымі яму людзьмі. Лукашэнка не мог ацаніць, што ад яго хацелі б пачуць, і не ведаў, як на яго словы адрэагуюць суразмоўцы. Кісялёў жа фігура вядомая, знакамітая сваімі выказваннямі, а галоўнае — зразумелая без перакладчыка. Дый хто не чуў пра тое, як ён у 2014 годзе абяцаў ператварыць Амерыку ў ядзерны попел? Таму Лукашэнка ў размове з Кісялёвым і паводзіў сябе адпаведна, разважаючы пра ядзерную зброю ў Беларусі, закрыццё транзіту, «загніваючы Захад», які ўяўляе пагрозу для ўсіх і ўся, і гэтак далей. Проста думаў, што Кісялёў з ім — аднаго поля ягады, і стараўся выглядаць, як звычайна, «ненахіляемым» паслядоўным і рэзкім праціўнікам Захаду і актыўным прыхільнікам калі не «рускага свету», дык нешта да таго падобнае. Адсюль і заявы пра прызнанне Крыма расійскім.
Карацей, Лукашэнка стараўся спадабаецца «антызахадніку» і «рускамірцу» Кісялёву, і гаварыў яму тое і так, што на думку Лукашэнкі, той хацеў ад яго пачуць.
Адгадваць тое, што суразмоўца хоча пачуць і гаварыць яму менавіта гэта — гэта тое, што ў Лукашэнкі заўсёды атрымлівалася. Але… Ці то пасля каронавіруса страціў нюх, ці то гэтая «адчувалка» ў яго скончылася, але ў выніку атрымалася зусім не тое, што хацелася. А ўсё таму, што тое, што дазволена прапагандысту, зусім недарэчна выглядае з вуснаў таго, хто лічыць сябе кіраўніком дзяржавы. І момант для антызаходняй бравады падабраны быў вельмі няўдала.
Па-першае, заявы (вядома ж, «у сілу абставінаў») пра магчымае перакрыццё транзіту на Захад ускосным чынам закранулі Пуціна. Яшчэ зусім нядаўна Пуцін некалькі разоў папярэджваў, каб у выніку мігранцкага крызісу «не была закранутая Расія » і пра тое, што «ўсе кантракты» (меўся на ўвазе, канешне, транзіт газу, кошт на які ў Еўропе зашкальвае) выконваліся няўхільна. А цяпер Лукашэнка заявіў, што ў выпадку абвастрэння сітуацыі ён не будзе глядзець ні на якія кантракты. Няёмка атрымалася.
Па-другое, агрэсіўныя заявы прагучалі пасля знакамітай прамовы Ціханоўскай у Еўрапарламенце. Нагадаем, што, у прыватнасці, Ціханоўская сказала: «Выкажам здагадку: тым ці іншым чынам атрымаецца спыніць шантаж мігрантамі, але вы сапраўды верыце, што міжнародныя парушэнні і пагрозы з боку рэжыму спыняцца? Рост наркатрафіку і патокі іншай кантрабанды? Ваенныя правакацыі? Аварыя на атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца непасрэдна на мяжы з ЕС? Усё гэта — не вынік майго ўяўлення. Гэта тое, чым ужо пагражае сам рэжым».
Імкнучыся спадабаецца Кісялёву і загаварыўшы пра размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі, Лукашэнка для Еўропы пацвердзіў словы Ціханоўскай. І цяпер нават тыя еўрапарламентарыі, якія, можа быць, скептычна хмыкалі, думалі пра сябе, што «гэта перабольшанне» і «на такое ён ніколі не пойдзе», вымушаныя будуць задумацца, яшчэ раз перачытаць прамову Святланы Георгіеўны і адзначыць: «Яна папярэджвала нас пра гэта за тыдзень да таго, як ён гэта сказаў!»
Еўрапейцы — не ўкраінцы, якія ў адказ на вербальнае «прызнанне Крыма расійскім» выразна правялі рысу паміж словам і справай. Еўрапейцы думаюць, што калі кіраўнік дзяржавы гаворыць на публіку, то ён робіць гэта адказна. Таму пагроза ядзернай бяспецы можа быць успрынятая тым самым Захадам цалкам сур'ёзна. І якія наступствы гэта будзе мець персанальна для Лукашэнкі, нават уявіць складана. Але тое, што наступствы будуць, — да варажбіткі хадзіць не трэба. Можа быць, мы іх не пабачым і пра іх не даведаемся, але яны будуць, бо ядзерная бяспека — гэта вельмі і вельмі сур’ёзна.
Ну і, па-трэцяе, заявы гэтыя прагучалі напярэдадні візіту міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў Швецыю на саміт Савета кіраўнікоў МЗС АБСЕ. Безумоўна, там Макея спытаюць, «што гэта было». Але галоўнае — не пытанні да кіраўніка МЗС. Дзіўным чынам на адной пляцоўцы з Макеем знаходзіцца Святлана Ціханоўская. Нагадаем, што яна прапаноўвала менавіта пасярэдніцтва АБСЕ ў развязанні беларускага палітычнага крызісу. Сустрэча ў адной кропцы двух верагодных перамоўных бакоў і пасярэдніка выглядае цікавым супадзеннем. Аж да таго, што задумаешся: ці супадзенне гэта?
І выказванні Лукашэнкі пра ядзерную зброю на мяжы з ЕС дадаюць гэтай імавернай інтрызе дадатковую пярчынку. Аж да думак пра «прымус да дыялогу» ў дачыненні да аднаго з бакоў.
Цікавае і паведамленне беларускага МЗС пра сустрэчу Макея з дырэктарам «Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека» (БДІПЧ) АБСЕ Матэа Мекачы. Тым самым БДІПЧ, якое «забыліся» запрасіць на прэзідэнцкія выбары 2020 года.
Акрамя факту самой сустрэчы, пра яе нічога невядома. Затое вядома, што БДІПЧ — структура, якая спецыялізуецца на назіранні за ўсімі выбарамі, рэферэндумамі і галасаваннямі. Цалкам магчыма, што Макей прывёз у кішэньцы запрашэнне на назіранне за яшчэ не абвешчаным канстытуцыйным рэферэндумам. Логіка простая: будзе назіранне БДІПЧ — можна сказаць, што «Еўропа прызнала легітымнасць Лукашэнкі». Гэты ход пралічваецца на раз-два.
Але не варта забывацца, што гэта ўсё-ткі бюро па дэмакратыі і правах чалавека. Усе іх справаздачы з усіх выбараў уключалі не толькі сам выбарчы працэс, але і ўмовы, у якіх гэты працэс праходзіў: свабода сходаў, свабода СМІ, свабода слова, свабода аб'яднанняў... І наўрад ці ў БДІПЧ не памятаюць словы Макея: «Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць».
Гэта, зноў жа, да пытання, хто каму хацеў спадабацца. Макей, кажучы пра знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў красавіку 2021 года, хацеў спадабацца Лукашэнку і не думаў пра «сярэднетэрміновую перспектыву». А цяпер гэтая «сярэднетэрміновая перспектыва» яго дагнала.
І, вядома, падзеяй тыдня стала ўвядзенне ў дзеянне шматпакутнага пятага пакета санкцый ЕС у дачыненні да ўладаў Беларусі. Шматпакутнага — таму што ЕС «пакутаваў» ім паўгода. І, думаю, вельмі непрыемным сюрпрызам для ўладаў стала ўнясенне ў санкцыйны спіс «Беларуськалія», «Гродна Азота» і «Белнафтахіма». Гэта відавочны сігнал, што ЕС і ЗША сінхранізуюць свае пазіцыі ў дачыненні да Беларусі.
І наўрад ці яны робяць гэта толькі ў сферы санкцый. Таму заявы пра «ядзерны попел» на фоне такой сінхранізацыі могуць адгукнуцца вельмі балюча.
Што ж, усім не спадабаешся, праўда?