Амбасадар Польшчы ў ЕС: Гэтыя санкцыі супраць Лукашэнкі — толькі пачатак

У шосты санкцыйны пакет трапяць некалькі соцень чалавек і кампаній, паведамляе www.polskieradio.pl.

sanktsiyi.jpg

«Гэта толькі пачатак», — так польскі пасол пры ЕС Анджэй Садось пракаментаваў учарашную згоду краін-сябраў на санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за гібрыдную атаку з выкарыстаннем мігрантаў. Сёння распачнецца дапрацоўка працэдуры. На гэты раз абмежаваннямі, як чакаецца, будуць ахоплены 17 чалавек і 11 кампаній:

— Рыхтуем чарговы пакет санкцый. Ён будзе значна шырэйшы. У гэтых спісах будуць усе кіраўнікі, якія бралі ўдзел у атаках на Польшчу, на Еўрапейскі саюз.

Чарговымі абмежаваннямі павінны быць ахоплены таксама прадпрыемствы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. У шосты санкцыйны пакет патрапяць некалькі соцень чалавек і кампаній.

З восені мінулага года Еўрасаюз чатыры разы прымаў санкцыйныя пакеты супраць рэжыму Лукашэнкі за фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіі супраць грамадзян, у тым ліку ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі, а таксама за прымусовую пасадку самалёта «Ryanair».

Цяпер пад санкцыямі ЕС знаходзяцца больш за 160 чалавек і больш за дзясятак кампаній. Абмежаваннямі таксама ахоплены 7 сектараў беларускай эканомікі.