Яшчэ 427 мігрантаў пакінулі Мінск эвакуацыйным рэйсам у Ірак
Boeing 747-400 авіякампаніі Iraqi Airways вылецеў з аэрапорту Мінск у Ірак у 14.28. Агулам на гэты рэйс зарэгістраваліся 427 пасажыраў, сярод якіх 12 малалетніх дзяцей. Больш за гадзіну адбывалася пасадка на борт.

Ілюстрацыйнае фота
1 снежня Нацыянальны аэрапорт паведамляў пра 390 мігрантаў, якія ўжо тады знаходзіліся ў аэрапорце, чакаючы вылету ў Ірак, паведамляе Радыё Свабода.
У папярэднія дні авіякампанія Iraqi Airways і Нацыянальны аэрапорт «Мінск» адмянілі некалькі вывазных рэйсаў. У авіяперавозчыку патлумачылі гэта жаданнем сабраць паболей людзей у палёт.
Агулам тэрыторыю Беларусі пакінулі ўжо каля 2,3 тысячы мігрантаў, якія па беларускіх турыстычных візах прыбылі ў краіну і намагаліся прабіцца ў Заходнюю Еўропу. Некаторыя з іх паводзілі сябе агрэсіўна, закідваючы польскіх памежнікаў камянямі і ламаючы абсталяванне на мяжы. Паводле польскіх уладаў ім дапамагалі беларускія сілавікі.
Раней іракскія СМІ пісалі, што гэта будзе заключны вывазны рэйс. Аднак цяпер такая інфармацыя адсутнічае.