Украіна рыхтуецца да абароны мяжы ў выпадку атакі мігрантамі з боку Беларусі
У выпадку магчымага гібрыднага нападу мігрантамі з тэрыторыі Беларусі, украінскае войска будзе гатова выканаць сваю частку працы, калі ўзровень пагрозы будзе ўзрастаць. Як паведамляе Укрінфарм, пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.
![Фота: МУС Украіны Фота: МУС Украіны](/img/v1/images/d9c2d6d94f2dcf9d65bd626a1c9a4b62.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: МУС Украіны
«Пасля дэ-факта аншлюса Беларусі ў нас з'явілася дадаткова больш за 1000 кіламетраў мяжы, якую трэба бараніць. Асабліва — у зімовы перыяд.
Мы разумеем гэтыя рызыкі і рыхтуемся. Пад каардынацыяй СНБА ўжо адпрацаваны алгарытм узаемадзеяння ўсіх сілавых структур. На выпадак магчымага гібрыднага нападу мігрантамі з тэрыторыі Беларусі, войска будзе гатова выканаць сваю частку працы, калі ўзровень пагрозы будзе ўзрастаць», — заявіў Рэзнікаў, дадаўшы, што паралельна праводзяцца інтэнсіўныя кансультацыі з міжнароднымі партнёрамі.
Кіраўнік абароннага ведамства нагадаў, што РФ у гібрыднай вайне ўжо прымяняе серыю неваенных мер: інфармацыйных, эканамічных, энергетычных, з мэтай справакаваць унутраную дэстабілізацыю, якая прыслабіць абарону Украіны.
23 лістапада на мяжы з Украіны з Беларуссю пачалася актыўная фаза спецыяльнай пагранічнай аперацыі «Палессе». Яна каардынуецца ДПСУ і праводзіцца сумесна з сіламі Нацыянальнай гвардыі, паліцыі, ВСУ і іншымі задзейнічанымі рэзервамі з мэтай недапушчэння міграцыйнага крызісу і супрацьдзеяння супрацьпраўнай дзейнасці.
25 лістапада ў Жытомірскай вобласці ў рамках спецаперацыі «Палессе» прайшлі трэніроўкі па забеспячэнні правапарадку ў выпадку ўскладнення аператыўнай абстаноўкі на мяжы з Рэспублікай Беларусь.