Васіль Быкаў — такі ж расійскі пісьменнік, як Альбэр Камю

Пра ўкраінскіх літаратараў масквічы як пра рускіх пісьменнікаў не кажуць — бо ім імгненна ўзгадаюць Бучу. І не толькі ўзгадаюць — могуць і па фэйсу. А Васіля Быкава чамусьці называюць «лучшим автором русской военной прозы». Чаму так? Пра гэта разважае ў сваім тэлеграм-канале палітык і журналіст Сяргей Навумчык.

Васіль Быкаў на Плошчы Перамогі ў Мінску, 1984 год

Васіль Быкаў на Плошчы Перамогі ў Мінску, 1984 год

Паслухаў лекцыю аднаго маскоўскага літаратара пра Быкава. Літаратара апазіцыйнага, «інагента», антыпуцінца, словам, «весь набор, все дела». Нібыта слушна казаў, дакладна назваў сутнасць выбару, перад якім Быкаў ставіць сваіх герояў: так ці інакш, чалавека чакае смерць, цяпер ці праз паўстагоддзя, і таму важна, кім і як ён пакіне гэты свет.

Але: прамоўца безапеляцыйна далучае Быкава да «русской литературы», называе яго «лучшим автором русской военной прозы», дзеянне твораў якога адбываецца «в Белоруссии».

Вядома, пры ўсёй універсальнасці тэмаў — важны і рэгіянальны каларыт. Шолахаў пісаў «пра Дон», Твардоўскі — «пра Смаленшчыну», Астафьеў і Распуцін — «пра Сібір», Бажоў — «пра Урал», Трыфанаў — гэта Масква, Акуджава ўвогуле Арбат. Бродскі — той «на Васильевский остров я приду умирать».

Пачынаць, канешне, варта з Гогаля — ён пра Маларосію пісаў (пакуль не пажыў у Пецярбургу і не загаласіў «Русь, куда несёшься ты?..»). Ну а Быкаў — гэта, ясна, «песни партизан, алая заря, молодость моя, Белоруссия».

Так ці інакш, усе разам яны — «великая русская литаратура».

А вось пра ўкраінскіх літаратараў масквічы як пра расейскіх не кажуць — бо ім імгненна ўзгадаюць Бучу. І не толькі ўзгадаюць — могуць і па фэйсу, могуць і дамагчыся выгнання з ўніверсітэцкай кафедры.

Пратэсты ж беларусаў 2020-га, падаўленыя пры падтрымцы Расіі — неяк забыліся. Тэма вельмі хутка выпала з мэйнстрыму. Ды й беларусы — людзі ціхія, рахманыя. Мірныя людзі, і пратэсты мірныя — што супраць катаваньняў, што супраць вялікадзяржаўнага інтэлектуальнага прыніжэння. Ды й увогуле, цяпер — ніякіх пратэстаў.

Дарэчы, нават у беларускіх каментатараў сустракаю ўзгадкі, што Быкаў пісаў па-руску, а потым перакладаў на беларускую. Гэта — няпраўда. Ягонай роднай мовай была беларуская. Працуючы ў 1950-х-60 у газеце, у «Гродненскай праўдзе», Быкаў перакладаў чужыя журналісцкія матэрыялы з рускай на беларускую (газета выдавалася на дзвюх мовах). 

Вучыць беларускую мову адмыслова Быкаву не было дзе, ды й не было патрэбы — гэта была яго мова. Сваю прозу, ва ўсякім разе тую, якую пачаў друкаваць, ён пісаў па-беларуску адразу. 

І калі вы пачытаеце «Сотнікаў» і «Сотников», вы пераканаецеся, што мова ў беларускім арыгінале багацейшая. Можна нават знайсці полацка-вушацкія т.зв. дыялектызмы ў апісаннях прыроды, якая звычайна мае ў Быкава важную сэнсавую нагрузку. Пра гэта мне калісьці добра гаварыў Барадулін, таксама родам з Вушаччыны (думаю, не мне аднаму, і спадзяюся, што не толькі гаварыў, але недзе і запісаў, ён жа вёў дзённік). 

І якраз таму, што перакладчыкі на рускую спрашчалі ягоную мову, Быкаў з нейкага моманту (з сярэдзіны — канца 60-х гадоў) хутка перакладаў сваё аповесці на рускую сам.

Так што Быкаў такі ж расійскі пісьменнік, як Альбэр Камю або Генрых Бёль. Ці Коба Абэ.