Вінцук Вячорка: Кіеў цешыць сябе ілюзіямі наконт Лукашэнкі

Просьба прэзідэнта Украіны да беларускага прэзідэнта аб пасярэдніцтве  вялікая памылка. Пра гэта ў інтэрв'ю заявіў член арганізацыйнага камітэта «Беларускага руху», былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.



satrap.jpg

— Пётр Парашэнка звярнуўся да беларускага прэзідэнта з просьбай прыцягнуць Беларусь у якасці перамоўнай пляцоўкі па вырашэнні крызісу. Навошта ўкраінскі прэзідэнт зрабіў гэта, ведаючы пра моцную залежнасць Лукашэнкі ад Крамля? 
— Я думаю, што тут мы маем вынікі кампаніі па стварэнні ўражання, што Лукашэнка займае нейкую незалежную пазіцыю адносна Украіны і ўкраінска-расійскай вайны. З аднаго боку, ён прымаў Аляксандра Турчынава і ездзіў на інаўгурацыю прэзідэнта Парашэнка, а беларускае тэлебачанне нейкі час амаль нічога не казала пра украінска-расійскую вайну, мабыць, каб пазбегнуць нейкіх ясных дэфініцый. Але лічацца канкрэтныя крокі. А канкрэтныя крокі — гэта галасаванне прадстаўніка Лукашэнкі ў Генеральнай асамблеі ААН пад дыктоўку Віталя Чуркіна, гэта размяшчэнне расійскіх баявых самалётаў на аэрадромах Беларусі, а таксама дыскрымінацыйныя меры ў дачыненні да ўкраінскіх тавараў. І менавіта на гэтыя крокі і трэба глядзець. Шкада, што Кіеў гэтага не хоча заўважаць, сілкуючы сябе ілюзіямі. Дарэчы, не толькі Кіеў, я думаю, што і Брусэль сябе цешыць ілюзіямі, што з Лукашэнкі можна зрабіць гэтакага незалежнага дыктатара. Але гэта сістэматычная памылка. Я ўпэўнены, што згоду быць пасярэднікам Лукашэнка ўзгадніў з крамлёўскім дыктатарам. 
— Але што можа прапанаваць беларускі кіраўнік падчас гэтых перамоваў, будучы на ланцугу ў Масквы? 
— Я так разумею, што ролі Лукашэнкі там няма ніякай, таму што ён фармальна дае толькі месца для перамоваў. Але гэта з'яўляецца дастаткова сур'ёзным спосабам узмацнення іміджу Лукашэнкі, які моцна ўпаў за апошні час. І ў гэтым сэнсе гэта выгадна Маскве, таму што ён цалкам ёй падкантрольны. Мы бачым, скажам, з апошняга інтэрв'ю Уладзіміра Макея каналу СТВ, наколькі пракрамлёўская і антызаходняя цяпер рыторыка мінскіх уладаў. І ў гэтым сэнсе Маскве выгадна, каб гэтая пляцоўка з перспектывай пашырэння яе функцый была ёй падкантрольная, а міжнародная супольнасць і сам Кіеў ўспрымалі гэтую пляцоўку як нейтральную. 
— А якія яшчэ дывідэнды гэта можа прынесці лукашэнкаўскаму рэжыму? 
— Дывідэнды ўжо ёсць. Напрыклад, візіт Лінаса Лінкявічус, узгоднены з Брусэлем, і стварэнне такіх ілюзій, што можа паўтарыцца 2008 год без перспектывы яго развязкі годам 2010-м. Гэта значыць ствараюцца ілюзіі, што палітыку гушкання на ўяўных арэлях, якія жорстка прывязаныя да Крамля, можна канвертаваць ў палітычную і фінансавую падтрымку з боку Еўропы і Захаду ў увогуле. 
— А ці могуць такія паводзіны Украіны і ЕС у дачыненні да беларускага кіраўніка паспрыяць вызваленню палітвязняў? 
— Кіеў не ставіць ніякіх умоў, што пляцоўка для перамоваў павінна быць з чыстай рэпутацыяй, а Лінкявічус прыязджаў, не ставячы умоваў вызваліць усіх палітычных вязняў. Так што я не думаю, што гэта паспрыяе іх хутчэйшаму выхаду на волю.
charter97.org