Выбарчы пікет у падтрымку палітвязняў

Каманда прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі падчас пікета па зборы подпісаў за вылучэнне яго на маючых адбыцца 11 кастрычніка выбарах узгадала пра палітвязняў і зніклых апанентаў улады і журналіста.



Пікет пачаўся ў 13.00 каля ўваходу ў сталічны ГУМ. На ім прысутнічаў сам патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты і актывісты яго выбарчага штабу — намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва, каардынатар па горадзе Мінску Вольга Маёрава, а таксама вядомыя дзеячы Віктар Карняенка, Алег Корбан ды іншыя.

На іх былі майкі з выявамі кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Міколы Статкевіча, які ўжо пяты год знаходзіцца за кратамі за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня, у дзень галасавання; анархіста Ігара Аліневіча, іншых палітвязняў, а таксама партрэты Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Змітра Завадскага, Анатоля Красоўскага.

Як заявіў у сваім непрацяглым выступе Анатоль Лябедзька, у Беларусі няма выбараў, але ёсць палітычныя зняволеныя. “Хто такі палітзняволены? Гэта чалавек, які кажа, што ў краіне павінна быць незалежная судовая сістэма, а не тэлефоннае права. Які кажа, што на дзяржаўным тэлебачанні і радыё мусяць быць розныя пункты гледжання, а не адзін твар і адныя вусы 24 гадзіны на суткі. Які хоча, каб лічылі кожны ваш голас, каб у нас нарэшце прайшлі свабодныя і сумленныя выбарчы, якіх мы не маем ужо больш за дваццаць гадоў”, — адзначыў лідар АГП.

Паводле выступоўцы, ужо дваццаць гадоў Беларусі навязваюць адзін тып эканомікі, які толькі павялічвае запазычанасць краіны. “Сёння кожны, хто працуе, ужо вінен 6 тысяч долараў. Вы не бралі пазыку, але такія запазычанасці ўжо ёсць. Палітзняволены — гэта такі чалавек, які лічыць, што ўлада мусіць быць кантралюемай. У нас няма і не можа быць людзей, які жывуць на паверх вышэй за Бога, у нас усе павінны падпарадкоўвацца законам. Палітзняволены — гэта чалавек, які кажа, што Канстытуцыя — гэта найвышэй за ўсё, але не дэкрэты ці ўказы. Дэкрэтамі нам даводзяць, што ў нас 600 тысяч дармаедаў, а тэлефонным правам садзяць прадпрымальнікаў у турму”, — працягваў Лябедзька.

Тым часам за пікетоўцамі пільна назіралі прадстаўнікі спецслужбаў у цывільным, некаторыя з іх вялі відэаздымкі. Была і спроба правакацыі, калі на добрым падпітку мужык прыгразіў Лябедзьку міліцыяй, калі той “будзе працягваць крычаць”, а потым спрабаваў “падпісацца” за палітыка, але яму ў гэтым было ветліва адмоўлена (вось была б карцінка для БТ — маўляў, во які электарат падпісваецца за апазіцыю!). З іншага боку, з’яўленне сярод белага дня ў грамадскім месцы неадэкватнага грамадзяніна чамусьці зусім не зацікавіла супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Апроч таго, да Анатоля Лябедзькі накіраваўся лысы мужык у касцюме, які заявіў, што той парушае заканадаўства: маўляў, агітаваць можна толькі за сябе, а не ўзгадваць іншых людзей. Гэтым мужыком аказаўся намеснік старшыні выбарчай камісіі Цэнтральнага раёна сталіцы Барыс Кручкоў — вылучэнец Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Выпадкова ці не, але менавіта побач з пікетам за вылучэнне Лябедзькі і ладзіўся пралукашэнкаўскімі камуністамі пікет за вылучэнне бяззменнага правадыра на чарговы тэрмін. Кручкову далі зразумець, што ён не мае рацыі, і прапанавалі выкарыстаць яго заўвагі… па іншым прызначэнні.

Гэтым разам абышлося без інцыдэнтаў. А пра палітвязняў узгадваць варта было б часцей. І без дай нагоды.