Палітвязень Статкевіч заклікаў беларусаў да грамадзянскага супраціўлення
Ён прапанаваў тым, хто прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, зрабіць у бюлетэнях для галасавання запіс пра непрыманне "палітыкі кіруючага рэжыму".
Фота: ByMedia.net
Беларускі палітвязень Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца ў магілёўскай турме, перадаў на волю зварот да беларусаў. У ім ён выказаў падзяку ўсім, хто ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты Беларусі (а гэта больш за 1700 чалавек па ўсёй краіне). Яе, як вядома, ЦВК не зарэгістраваў.
На думку Статкевіча, удзел апазіцыі ў апошніх прэзідэнцкіх кампаніях меў сэнс, толькі калі разглядаць яго ў якасці супрацьстаяння "шоу, у якое ўлады ператварылі выбары", і спробы "вярнуць краіну да дэмакратыі". Цяпер жа, перакананы палітвязень, альтэрнатыўныя кандыдаты такой задачы не ставяць і ён не бачыць "вялікага сэнсу ў такім удзеле". Акрамя таго, удзел часткі апазіцыі ў выбарах "робіць малаэфектыўным байкот".
"У такіх умовах я заклікаю тых, хто не згодны з роляй статыстаў у чарговым спектаклі, да грамадзянскага супраціўлення", — гаворыцца ў звароце Мікалая Статкевіча. Ён заклікае тых, хто ўсё ж прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, зрабіць у бюлетэнях для галасавання запіс, "які б выразна сведчыў аб непрыманні палітыкі кіруючага рэжыму". Палітвязень упэўнены, што "калі гэты сігнал будзе масавым, ён дойдзе да адрасата", інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі ад снежня 2010-га. У траўні 2011 года ён быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму "за арганізацыю масавых беспарадкаў". Статкевіч павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі яго палітычным зняволеным.