Вынаходнікі пагроз
Сталінізм перамог у вайне, але прайграў па ўсіх пунктах «мірнага спаборніцтва дзвюх сістэм». Таму што яго аснову складае не Сталін, а асаблівы масавы тып чалавека, не прыстасаваны да жыцця ў свеце асабістай адказнасці.
Шляхі Божыя неспазнаныя. Два расійскія гісторыкі, два сааўтары тэорыі «Рускай улады», без якой сёння немагчыма разуменне месца расійскай цывілізацыі ў сучасным свеце, апынуліся па розныя бакі ідэалагічнай барыкады.
Прывяду дзве цытаты.
«У Кіеве стаіць помнік Магдэбургскаму праву, а вось у Маскве — Лобнае месца, дзе стагоддзямі каралі смерцю людзей. Задумайцеся пра гэта, любыя сучаснікі! Таму што сёння ў цэнтры нашай Радзімы ляжыць забойца сярод сваіх вучняў-нягоднікаў, а крыху воддаль ад іх «вечная памяць» смяротнаму месцу» (Півавараў).
«Сёння можна сказаць, што Вялікая Айчынная вайна і наша Перамога ў ёй — цэнтральная падзея не толькі савецкай, але і рускай гісторыі: у 1941–1945 гадах рускі народ, выкарыстоўваючы ў якасці шчыта і мяча савецкі лад, сталінскую сістэму, абараніў сваё права не проста на быццё ў гісторыі, а на веліч» (Фурсаў).
«Усё для фронту, усё для перамогі!»
З тым, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца падзеяй XX стагоддзя, якой можна ганарыцца ў найбольшай ступені, у чэрвені 2013 года пагадзілася 78% беларусаў (НІСЭПД). Здабыццё дзяржаўнай незалежнасці ў 1991 годзе апынулася на другім месцы і з вялікім адставаннем — 40%.
Паводле Фурсава, у вайне перамог народ, арганізаваны ў савецкую (сталінскую) сістэму. Народ па-за дзяржаўнай сістэмаў — натоўп, і не больш за тое. «У вайне СССР прадэманстраваў сілу і моц здаровай сацыяльнай сістэмы. У гэтым — прынцыповае адрозненне СССР ад царскай Расіі другой паловы XIX — пачатку ХХ стагоддзя».
З апошнім сцвярджэннем цяжка спрачацца. У 1915–1916 гадах быў выбіты афіцэрскі корпус, развалілася армія, а з ёй — самадзяржаўная імперыя. У 1941 афіцэрскі корпус панёс больш адчувальныя страты, мільёны чырвонаармейцаў апынуліся ў палоне. Але дзяржава выстаяла.
Сталінская сістэма аказалася мацнейшай за гітлераўскую. Яна за час вайны вырабіла тэхнікі і ўзбраенняў у два разы больш, чым Германія, хоць і страціла да пачатку 1942 года 42% насельніцтва, 47% пасяўных плошчаў, 30% прамысловай вытворчасці.
Мабілізацыйны прынцып «усё для фронту, усё для перамогі!» у самыя кароткія тэрміны быў арганізаваны ў маштабах, якіх не ведала гісторыя. 11-гадзінны працоўны дзень, абавязковыя звышурочныя, нармаванне харчавання (карткі для 62 мільёнаў чалавек). Што магла гэтаму супрацьпаставіць Германія?
Звернемся да кнігі «Успаміны» рэйхсміністра ўзбраенняў і боепрыпасаў Альберта Шпеера: «Адной з самых дзіўных з’яваў вайны застаецца той факт, што Гітлер імкнуўся засцерагчы свой народ ад нягодаў. <...> Для папярэджвання незадаволенасці выдаткоўваліся большыя, чым у дэмакратычных краінах, сродкі — на забеспячэнне насельніцтва спажывецкімі таварамі, на ваенныя пенсіі або на пенсіі ўдовам загінуўшых на фронце мужчын».
Заклікі Гебельса да «татальнай вайны» не спрыялі набліжэнню да сталінскага ўзроўню мабілізацыі працоўных рэсурсаў. «Ева Браўн, якая звычайна трымалася ў ценю, падключыла Гітлера, калі даведвалася пра магчымыя забарону перманенту і спыненне выпуску касметычнай прадукцыі».
Выжыванне vs. самавыяўленне
У мяне няма падстаў сумнявацца ў тым, што сталінская сістэма аказалася мацнейшай за гітлераўскую. Бацька маёй першай жонкі атрымаў баявое хрышчэнне пад Масквой у складзе загараджальнага атрада. Пра вайну ён распавядаць не любіў. Дый што тут распавядаць…
Але ўздымемся з бытавога ўзроўню, зафіксаванага ў сямейным альбоме, да ўзроўню азбукавых культуралагічных і паліталагічных ісцін. Паводле даследаванняў амерыканскага сацыёлага Рональда Інглхарта, што было праведзенае ў рамках праекта «World Values Survey», усходнееўрапейскія краіны ўтвараюць устойлівы кластар, у якім пераважаюць каштоўнасці выжывання над каштоўнасцямі самавыяўлення.
У такой структуры каштоўнасцяў маецца свая «крэдытная гісторыя». Яна сфармаваная, па-першае, геаграфіяй. Нашы продкі жылі ў зоне рызыкоўнага земляробства, калі замаразкі маглі здарацца яшчэ ў чэрвені або ў жніўні. Па-другое, пастаянны ціск стэпу. Пра Расію не кажу. Але і тэрыторыя, на якой размешчана сучасная Беларусь, яго зведала. Невыпадкова цяперашні Дзяржынск — гэта Койданава. Тут у 1249 годзе ў бітве з войскамі князя Міндоўга быў забіты татарскі хан Койдан.
Высокі ўзровень рызыкі не дазваляў выжыць асобнаму сялянскаму падворку. Адсюль абшчына з яе абмежаваннем асабістага інтарэсу дзеля інтарэсу агульнага. Адгэтуль жа і няразвітасць пачуцця асабістай уласнасці. Каштоўнасці выжывання ў процівагу каштоўнасцям самавыяўлення вельмі моцна прапісаныя ў нашай гісторыі, гэта архетып нашай палітычнай свядомасці.
Таму не варта здзіўляцца, што на пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча большасць беларусаў адказвае не павышэннем палітычнай актыўнасці, а зніжэннем узроўню спажывання (негатыўная адаптацыя).
Якія з усяго вышэйсказанага варта зрабіць высновы? Пагрозы з’яўляюцца сістэмаўтваральным элементам дзяржаўнасці ў межах расійскай цывілізацыі. Калі па нейкіх прычынах пагрозы слабеюць па знешнім перыметры, дык элітныя групы ўнутры дзяржавы пачынаюць іх генераваць.
За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Дастаткова паглядзець на Расію. Ніколі яшчэ ў яе найноўшай гісторыі ўзровень негатыўных пачуццяў сярод расіян да ЗША не дасягаў такіх высокіх значэнняў. Важна падкрэсліць выбухны характар гэтага росту. Калі ў студзені 2014 года адносіны ацэньвалі як варожыя толькі 4%, то ў верасні — 39% (Лявада-Цэнтр).
Крэатыў ад бюракратыі
За такой дынамікай масавых фобій, спароджанай прапагандай, стаіць далёка не віртуальнае пераразмеркаванне бюджэтных патокаў. Што і з’яўляецца сапраўднай (канчатковай) мэтай ініцыятараў штодзённых «пяціхвілінак нянавісці». Крыху афіцыйнай статыстыкі: у расходнай частцы федэральнага бюджэту РФ на 2015 год закладзены рост выдаткаў на абарону на 32,8% пры адначасовым скарачэнні выдаткаў на адукацыю на 4,7%.
А зараз самы час звярнуцца да тэорыі рэсурснай дзяржавы. На велізарным масіве гістарычных фактаў яна паказвае, што мэтай дзяржавы падобнага тыпу з’яўляецца максімальна магчымая канцэнтрацыя рэсурсаў у адзіным цэнтры з мэтай іх далейшага пераразмеркавання. Г. зн. дзяржава выступае ў якасці аднаго вялікага ўласніка. Пры гэтым паміж рознымі бюракратычнымі структурамі фармуецца адміністрацыйны рынак, на якім і ажыццяўляецца гандаль за права пераразмяркоўваць рэсурсы.
Самы эфектыўны спосаб павелічэння сваёй долі на адміністрацыйным рынку заключаецца ў абгрунтаванні пагрозы, здольнай разбурыць дзяржаву. «Чым вышэй ранг пагрозы, — сцвярджае сацыёлаг Сімон Кардонскі, — тым яна больш небяспечная, і тым большую частку абмежаваных рэсурсаў неабходна вылучыць якой-небудзь арганізацыі для нейтралізацыі гэтай пагрозы. Чым большы аб’ём засвоеных пры нейтралізацыі пагрозы рэсурсаў, тым вышэй статус арганізацыі ў дзяржаўнай іерархіі».
На вынаходніцтва новых пагроз і накіравана жывая творчасць бюракратычных мас. І ў гэтым сэнсе айчынныя бюракраты здольныя даць фору любым сваім заходнім калегам. Праблема, аднак, заключаецца ў тым, што ўвесь аб’ём жывой творчасці накіраваны не на стварэнне новых рэсурсаў, а на пераразмеркаванне ўжо наяўных.
Падзеі 19 снежня 2010 года, вынікам якіх стаў аборт (перапыненне) палітыкі лібералізацыі ў Беларусі, — прыклад крэатыўных здольнасцяў «людзей у пагонах». Ухіл у бок эканомікі адсоўваў іх на другія ролі пры размеркаванні рэсурсаў, і гэты ўхіл быў выпраўлены за сем з паловай хвілін. Столькі часу, па словах адзінага палітыка, спатрэбілася АМАПу для вызвалення плошчы Незалежнасці ад пратэстоўцаў.
Контрудар з боку эканамічнага блока не прымусіў сябе доўга чакаць. Яго лёгка разглядзець у курсе на мадэрнізацыю дзяржаўных прадпрыемстваў. Мільярды еўра пацяклі праз рукі тых, хто распрацоўваў і зацвярджаў бізнес-планы, узводзіў новыя вытворчыя карпусы і закупляў імпартнае абсталяванне.
Вынікам гэтай актыўнасці стала заканчэнне этапу росту даходаў насельніцтва ў найноўшай гісторыі Беларусі. Бо мадэрнізацыя пад кіраўніцтвам спецыялістаў па пераразмеркаванні рэсурсаў мела сваім вынікам выключна страты.
Трагедыя цывілізацыйнага маштабу
Калі пагрозы з’яўляюцца сістэмаўтваральным элементам дзяржаўнасці, то натуральным чынам адпрацоўваюцца механізмы мабілізацыі. Гэтыя механізмы несумяшчальныя з рынкавай эканомікай і дэмакратыяй. Вось чаму саслабленая дзесяцігоддзямі ліберальных рэформаў Расійская імперыя не вытрымала нягод сусветнай вайны.
Яе правапераемніцу (савецкую імперыю) можна западозрыць у чым заўгодна, толькі не ў схільнасці да лібералізму. Матэрыяльнае становішча простага чалавека ў гады сталінскіх пяцігодак значна пагоршылася ў параўнанні з даваенным часам. Па прызнанні маёй матулі, якой днямі споўніцца 94 гады, пасля згортвання нэпа ў 1929 годзе ў наступны раз яна ўволю паела толькі ў канцы саракавых гадоў. І што, няўжо гэта стварыла пагрозу стабільнасці дзяржавы?
Сталінізм перамог у вайне. Гэтую выснову ідэалагічна чужога мне гісторыка Фурсава я падзяляю. Але сталінізм і яго наступныя больш мяккія клоны прайгралі па ўсіх пунктах «мірнае спаборніцтва дзвюх сістэм».
Як рыба, выкінутая на бераг са звыклага асяроддзя, сталінізм губляе сваю эфектыўнасць, апынуўшыся па-за межамі надзвычайнай сітуацыі. Таму што яго аснову складае не Сталін, а асаблівы масавы тып чалавека, не прыстасаваны да жыцця ў свеце асабістай адказнасці.
У такі свет чалавека выштурхвае рынак. Натуральна, ён супраціўляецца. Нагодай для падзей 1917 года паслужыла вайна, прычынай — ліберальныя рэформы, накіраваныя на дэмантаж абшчыны. У 1994 годзе гісторыя паўтарылася.
Здабыўшы апору ў сталінізме, антырынкавай тып чалавека падоўжыў сваё існаванне ў гісторыі на 73 гады. Ацалеў ён і ў пачатку 1990-х, стаіўшыся, нібы той рак-пустэльнік у ракавіне беларускай мадэлі. Але час яго мінуў. Гэта трагедыя цывілізацыйнага маштабу. І ўсе мы яе актыўныя ўдзельнікі.