За што Андрэю Бандарэнку пагражаюць 2 гады зняволення?

Якія «парушэнні» адміністрацыя турмы і следства палічылі «злосным непадпарадкаваннем» Андрэя Бандарэнкі, што варта пакараць пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў?

3619bdc9_62e9_41e6_a609_ffaa1a7ac3ce_w610_r0_s.jpg

9 лютага ў судзе Ленінскага раёна Магілёва адбудзецца папярэдняе паседжанне  па справе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачваецца ў парушэнні арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Андрэю Бандарэнку, які адбывае пакаранне ў турме №4 г. Магілёва, пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Справа была ўзбуджана Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па ініцыятыве адміністрацыі турмы, у аснову абвінавачвання пакладзеныя тры парушэнні, па якіх Андрэю Бандарэнку былі вынесеныя дысцыплінарныя спагнанні.

Першае з іх (вымова) было вынесена за тое, што 5 мая 2016 года ён нібыта ляжаў у дзённы час на ложку, што забаронена распарадкам дня. Андрэй Бандарэнка не пагадзіўся са спагнаннем і абскардзіў яго ў пракуратуры, пасля чаго была пададзена скарга ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Праваабаронца хадайнічаў запатрабаваць запісы з відэакамеры, усталяванай у памяшканні, дзе ён адбывае тэрмін. Аднак прадстаўнік турмы, які прысутнічаў на судовым працэсе заявіў, што запісы захоўваюцца толькі тры месяцы. Суд адмовіў у задавальненні скаргі з прычыны заканчэння тэрміну для звароту.

Другое спагнанне ў выглядзе 5 сутак ШІЗА было вынесена за тое, што 25 траўня ў турэмным калідоры, пачуўшы пытанне “З якой камеры?”, ён назваў нумар камеры, у якой адбывае пакаранне. Аказалася, што пытанне было зададзена не супрацоўнікам турмы, а іншым зняволеным. Адміністрацыя турмы палічыла дзеянні Андрэя Бандарэнкім “парушэннем мер ізаляцыі”.

Трэцяе спагнанне, якое лягло ў аснову распачатай крымінальнай справы супраць праваабаронцы (вымова), было вынесена яму 6 кастрычніка за тое, што ён затрымаўся з дакладам, калі ў ягоную камеру ўвайшоў супрацоўнік турмы — гэта было расцэнена як адсутнасць дакладу. У гэтае спагнанне было ўключана яшчэ адно “парушэнне” — некалькі канвертаў (іх у зняволенні клеіць А. Бандарэнка) падаліся кантралёрам няякасна склеенымі.

Праваабаронца абскардзіў у судзе дадзенае спагнанне, але 19 снежня 2016 года суд Ленінскага раёна Магілёва пакінуў скаргу без задавальнення.

8 лютага ў Магілёўскім абласным судзе будзе разгледжана касацыйная скарга Андрэя Бандарэнкі на гэтае спагнанне, але па тым, што на наступны дзень пачнецца разгляд крымінальнай справы, выбудаванай у тым ліку і на дадзеным “парушэнні”, сумнявацца ў рашэнні суда не выпадае.

Андрэй Бандарэнка ў судзе. Фота spring96.org

Андрэй Бандарэнка ў судзе. Фота spring96.org

Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.

spring96.org