Міхаіла Жамчужнага пераводзяць у турму ў Гродна
Пра гэта ён напісаў у лісце да грамадскай актывісткі Ганны Шапуцькі.
![Міхаіл Жамчужны. Здымак Радыё Свабода Міхаіл Жамчужны. Здымак Радыё Свабода](/img/v1/userfiles/images/7104b2d1_602e_4d86_8871_903fd361e511_cx10_cy2_cw90_w987_r1_s_r1.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міхаіл Жамчужны. Здымак Радыё Свабода
Міхаіл Жамчужны паведаміў, што яго на тры гады пераводзяць у турму, якая размяшчаецца ў Гродна. Дарэчы, у гэтай жа турме адбываў турэмны тэрмін лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.
Цяпер Жамчужны чакае этапа. «Настрой, як заўседы баявы. Раны загойваюцца. Наперадзе цяжкі этап, праз Баранавічы, у іх турме буду некалькі дзен. Затое потым 3 гады спакою ў камеры. Там зручна працаваць і змагацца) Толькі сонейка няма... Вязні вельмі здзіўлены, спачуваюць, дапамагаюць, чым могуць, як я ім раней) Такога ціску ніколі не было, як яны кажуць. А раз гэта ўсе творыцца адначасова з ціскам на Андрэя Бандарэнку, значыць гэта загад цэнтралізаваны з верху і ніякія законы яму не перашкода, акрамя Вашай Малітвы, новых і нестантартных прыёмаў барацьбы. Жыве Беларусь. Жыве з Богам!» — напісаў Міхаіл Жамчужны.
Таксама палітвязень паведаміў, што яму не перадалі кніжную бандэроль, высланую актывістамі — яе адправілі назад. Гэта ўжо не першы такі выпадак, папярэднія спробы выслаць Жамчужнаму бандэролі сканчваліся безвынікова.
Нагадаем, заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Міхаіл Жамчужны быў асуджаны да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі быццам бы за наўмыснае выдаванне звестак, што складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую тайну; даванне хабару. Усе праваабарончыя структуры прызналі яго палітвязнем.