Жамчужнага — на турэмны рэжым, Бандарэнку — на другі тэрмін
Абставіны ў фігурантаў справы «Платформы інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага і Андрэя Бандарэнкі складваюцца не лепшым чынам.
З ліста Жамчужнага стала вядома, што ён ад мяне ліста з дазволеным ўкладаннямі (выразкамі з «Народнай Волі» і «Новага Часу») яшчэ не атрымаў.
У сваім лісце ад 21 студзеня ён распавядае пра асаблівасці выхаваўчай працы з асуджанымі. Як і ў 30-я гады мінулага стагоддзя, даносы ў выяўленні «парушальнікаў рэжыму», паводле яго слоў, гуляюць не апошнюю ролю. Гэта яму давялося спазнаць на сваім прыкладзе.
У лісце на адрас Таццяны Равяка, які датуецца 26 студзеня, Жамчужны паведаміў, што «райскае жыццё» для яго ў папраўчай калоніі №14 у Навасадах заканчваецца. За пяць парушэнняў рэжыму адміністрацыя хадайнічае аб накіраванні яго ў турму тэрмінам на тры гады. Так што хутка ў Жамчужнага — «далёкая дарога» (хутчэй за ўсё, у Гродна).
Іншы фігурант справы «Платформы інавэйшн» Андрэй Бандарэнка зараз чакае суда па сумнавядомым артыкуле 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). На 9 лютага прызначаны папярэдняе пасяджэнне суда. На ім высветляць шэраг працэдурных пытанняў, у тым ліку прызначаная дата судовага разбору.