«Размеркаваў функцыі злачынства, раздаў маскі і пальчаткі». У Мінску судзяць фанатаў-анархістаў

Абвінавачаныя часткова прызнаюць віну ў хуліганстве.

3ef14113208a532ebef7d7250d716e91.jpg


Шасцярым прыхільнікам клубу «Партызан»: Іллю Валавіку, Вадзіму Бойка, Дзмітрыю Цехановічу, Філіпу Іванову, Арцёму Краўчанку, Андрэю Чартовічу інкрымінуецца ўдзел у бойцы 29 чэрвеня 2014 году.
У той дзень адбыўся матч паміж камандамі «Тарпеда» і «Маладзечна». У тралейбусе №3 у кірунку стадыёна ехалі фанаты «Тарпеда». На прыпынку «Несцерава» (раней «Універсам») у транспарт, паводле пракурора, зайшлі абвінавачаныя. Яны «парушалі грамадска-прынятыя нормы паводзінаў», распылілі «неўсталяванае раздражняючае рэчыва». Іх матывам, як зачытаў дзяржаўны абвінаваўца, была «варожасць да іншай сацыяльнай групоўкі»: фанаты «Партызана» і «Тарпеда» прытрымліваюцца розных ідэалогіяў. Падчас бойкі ў тралейбусе разбілі шкло, аднаму з «тарпедаўцаў» парвалі куртку. Пацярпелых сярод пасажыраў няма. Дзеяннямі падсудных, па версіі пракурора, кіраваў Ілля Валавік: вызначыў, каму што рабіць, раздаў сродкі канспірацыі.
Падсудныя прызнаюць віну часткова, фактычны пацвердзіўшы, што яны сапраўды былі ў тралейбусе.
Ілля Валавік таксама абвінавачваецца паводле артыкула 193 КК РБ: «Стварэнне і кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй». Паводле пракурора, ён лідар аб’яднанняў «Першакроў», «Хеўра», «New School Band», «Red White Hunters», «MRFC». Усё гэта назвы нефармальных рухаў антыфашыстаў. Ілля Валавік сваёй віны тут не прызнае.
Другі артыкул ёсць і Андрэя Чартовіча ды Арцёма Краўчанка — «Захаванне наркотыкаў». Пракурор зачытаў, што ў іх дваіх знайшлі марыхуану.


Адметна, што пасля інцыдэнту ў тралейбусе летам 2014 году затрымалі пяць асобаў, аднак неўзабаве ўсіх адпусцілі. Увосень 2015 году справа трапіла ў аддзел асабліва цяжкіх злачынстваў Следчага камітэту. Расследванне аднавілі на падставе паказанняў аднаго з фанатаў «Тарпеда», які на той момант адбываў тэрмін за захаванне наркотыкаў. Да справы мае дачыненне і Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.
Менавіта гэтая структура правяла каля 30 вобшукаў 22 сакавіка 2016 году ў кватэрах фанатаў «Партызана». Канфіскоўвалі кампʼютары, носьбіты інфармацыі, кнігі і нават вопратку, якая, на думку праваахоўнікаў, можа быць доказам па справе разбітага вакна ў тралейбусе.
Тады былі затрыманы Ілля Валавік і Вадзім Бойка. Да суду яны знаходзіліся пад вартай. Праз некаторы час арыштавалі Дзмітрыя Ціхановіча і Філіпа Іванова.
Суддзя Дзмітрый Цыкал раней ужо выносіў прысуды актывістам апазіцыі за ўдзел у акцыі салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам каля суда, за збор подпісаў за наданне бел-чырвонаму-беламу сцягу статуса культурнай каштоўнасці ды іншыя акцыі пратэсту.

Чытайце таксама:

Перамога над антыфашызмам


Паседжанне працягнецца 6 лютага ў Доме правасуддзя.
belsat.eu