Злодзеі ў Дэлі скралі ў нобелеўскага лаўрэата сертыфікат прэміі

Копія нобелеўскага медаля і сертыфікат аб прысуджэнні прэміі былі скрадзеныя з дома індыйскага праваабаронцы і нобелеўскага лаўрэата Кайлаша Сацьяртхі ў сталіцы Індыі Дэлі.

_94007308_hi037680060.jpg


Кайлаш Сацьяртхі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 2014 годзе. Фота EPA

Як паведаміў ВВС сам Сацьяртхі, які цяпер знаходзіцца за мяжой, крадзеж адбыўся ў аўторак раніцай, калі ў хаце нікога не было.

"Замок у дзверы майго дома быў узламаны, былі скрадзеныя мой сертыфікат і копія медаля, а таксама сякія-такія іншыя рэчы. Мы ўсё яшчэ правяраем, што знікла з дому", — распавёў актывіст.

Паводле інфармацыі індыйскіх СМІ, злодзеі таксама вынеслі з дома каштоўнасці і электроніку.

У 2014 годзе Кайлаш Сацьяртхі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з пакістанскай праваабаронцай Малалай Юсуфзай. Узнагарода была прысуджана за барацьбу супраць выкраданняў і эксплуатацыі дзяцей у Індыі.

63-гадовы праваабаронца з'яўляецца заснавальнікам арганізацыі Bachpan Bachao Andolan (рух "Выратуем дзяцінства"), якая змагаецца супраць рабства і парушэнні правоў дзяцей. Арганізацыі ўдалося абараніць і вызваліць ад цяжкіх умоў працы некалькі дзясяткаў тысяч дзяцей.

Паводле ВВС