Акно магчымасцяў за год да выбараў

Да прэзідэнцкіх выбараў засталося каля года. Дэмсілы спрабуюць знайсці «адзінага кандыдата ад апазіцыі». Але ці ёсць у гэтага кандыдата шанец на перамогу? Асабліва, калі ўлічыць, што выбараў у краіне даўно няма. 



vybary_adzinaha_logo.jpg

Каб адказаць на гэта пытанне, «Новы час» вырашыў правесці «круглы стол» з удзелам трох экспертаў: кіраўніка аналітычнай службы кампаніі «БелаПАН», палітолага Аляксандра Класкоўскага, эксперта НІСЭПД Сяргея Нікалюка і дырэктара па даследаваннях ГА «Дыскусійна-аналітычная супольнасць «Ліберальны клуб» Яўгена Прэйгермана.

krugli_stol_logo.jpg

Лукашэнка выйграе лёгка

НЧ: Да выбараў застаўся год. З чым да гэтых выбараў прыходзіць улада і апазіцыя?

Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнку ў чарговы раз моцна пашанцавала. Ён і так меў усе перадумовы, каб выйграць выбары 2015 года, а падзеі ва Украіне — гэта яму як «каму вайна, каму маці родная». Украіна спалохала беларускага абывацеля і ўзняла рэйтынг Лукашэнкі: узнавіўся попыт на «моцную руку» і «стабільнасць».

klasko_sk__logo.jpg

Аляксандр Класкоўскі

У адносінах з Еўропай мы назіраем «рымейк 2008 года». Лукашэнка нядаўна прымаў саміт «Мытны саюз — Украіна — ЕС». Хто б яшчэ месяц таму мог уявіць, што ў Мінск прыедзе Кэтрын Эштан і будзе дзякаваць «апошняму дыктатару Еўропы»? То бок, Лукашэнка атрымлівае шанец палепшыць адносіны з Захадам, не ахвяруючы нічым. Адыходзяць убок усе патрабаванні: палітвязні, правы чалавека, свабодныя выбары... Гэта прагаворваецца, але «на аўтамаце», — перавешвае прагматычная супраца. Моцна падвышаюцца шанцы прапіхнуць Захаду свой «ідэфікс»: «Не чапайце нашу дыктатуру, і мы не створым вам праблем».

Расія пад цяжарам санкцый хутка не садзмецца, і будзе дапамагаць Лукашэнку: на фоне вайны ўзрастае і каштоўнасць фактычна апошняга вайсковага хаўрусніка. А на тле эканамічных санкцый супраць Расіі Лукашэнка атрымаў магчымасць падзарабіць, пераклейваючы налепкі на прадуктах, і гнаць у Расію еўрапейскую прадукцыю як сваю.

Што тычыцца апазіцыі, яна зараз у поўным канцэптуальным вакууме. Няма канцэпцыі, з чым выходзіць на гэтыя выбары. Ідэя «Плошчы» таксама дыскрэдытаваная.

Калі не адбудзецца нечага нечаканага, то Лукашэнка выбары выйграе адной левай.

Сяргей Нікалюк: Украінскія падзеі зрабілі на беларускае і расійскае грамадства вялікі ўплыў. Для сацыёлагаў гэта проста шчасце. Нам казалі, што сацапытанні пры дыктатуры немагчымыя, што людзі адказваюць не так, як думаюць... Цяпер грамадства абудзілі, і чалавек пачаў адказваць праўду. Мы ўбачылі, што «архаікаў», варвараў, традыцыяналістаў — назавіце, як хочаце — у Беларусі не менш за 65%. Вось і разважайце, як вы будзеце ладзіць «Плошчы» і рэвалюцыі.

Безумоўна, тое, што здарылася ва Украіне, — велізарны плюс для Аляксандра Рыгоравіча. Тэма эканамічных абавязацельстваў, узятых на 4-м Усебеларускім сходзе, проста знятая. Па тых абавязацельствах, у нас заробак павінен быць каля тысячы долараў. Я думаю, што гэтая лічба на выбарах проста не ўсплыве. Лукашэнка ўжо абмовіўся, што галоўнае — тое, што людзі спакойна працуюць, і самае галоўнае — грамадства гэта задавальняе.

Яўген Прэйгерман: Відавочна, што чакаць перамогі «генерала эканомікі» таксама не варта. Паказчыкі ў эканоміцы, канешне, «не ахці», але падчас выбараў ніхто не глядзіць на ВУП або на бягучы рахунак плацежнага балансу. Тут маюць значэнне зарплаты, дапамогі, пенсіі, стыпендыі, кошты. Так, ёсць праблемы з інфляцыяй, і гэтак далей. Але чым бліжэй да выбараў, тым больш мы назіраем чарговы віток, як мы кажам, «палітыка-дзелавога цыклу», калі пад выбары падымаюцца заробкі і раздаюцца грошы. Цяпер, напрыклад, паднялі заробкі ўрачам, настаўнікам, вайскоўцам. Гэта заўсёды спрацоўвала, і заўсёды нам тлумачаць, што гэты рост — не «перадвыбарчы», а паказчык нейкай тэндэнцыі.

prejgerman__logo.jpg

Яўген Прэйгерман

Усе эканамічныя правалы лёгка спішуць на Украіну, якая ў нас — другі гандлёва-эканамічны партнёр пасля Расіі (калі браць ЕС не ў цэлым, а як асобныя дзяржавы). І трэба даць «разнос» чыноўнікам за невыкананне прагнозных параметраў па тэмпах росту эканомікі.

Шмат хто кажа, што барацьба з карупцыяй і скарачэнне дзяржапарату — гэта «перадвыбарчая праграма» Лукашэнкі ў 2015 годзе. Не толькі. Для Аляксандра Рыгоравіча паўстала крыху новая праблема — праблема з кіравальнасцю ў краіне. Ён ужо казаў, што ў Адміністрацыі прэзідэнта палічылі, які працэнт даручэнняў кіраўніка выконваецца, — ён вельмі нізкі. Той жа прыклад «Барысаўдрэва»: Лукашэнка там усё «разнёс», звольніў кіраўніцтва, адначасна ўвёў ледзь не «прыгоннае права» для працоўных, даў дадатковыя грошы на мадэрнізацыю. Праз год прыязджае — нічога не змянілася. Мне здаецца, Аляксандр Лукашэнка гэта ўсвядоміў, і яшчэ і адсюль — барацьба з карупцыяй і ідэя скарачэння чыноўнікаў.

Незалежнасць — не козыр

НЧ: На фоне агрэсіі Расіі ва Украіне нацыянальна-дэмакратычныя сілы адной з галоўных тэмаў выбараў бачаць змаганне за незалежнасць Беларусі. Ці можа барацьба за незалежнасць стаць «фішкай» гэтых выбараў?

Аляксандр Класкоўскі: Я б усё ж размяжоўваў паняцці «незалежнасць» і «суверэнітэт». Я думаю, што Пуцін не зацікаўлены ў Беларусі адбіраць суверэнітэт: сцяг, герб... А незалежнасць — рэч іншая. Ступень залежнасці Беларусі ад Расіі ўзмацняецца, і сёння мы бачым, што Расія не спыніцца і перад сілавымі метадамі, калі трэба будзе тут «навесці парадак» альбо ўтрымаць Беларусь у гіпатэтычным выпадку, калі тут мяняецца курс, і мы ідзем у Еўропу.

Але я не ўяўляю, як апазіцыя можа весці кампанію на гэтым полі, бо «першы незалежнік» у краіне — усё роўна Лукашэнка, колькі б ні казала апазіцыя адваротнае. Мы ўжо 20 гадоў чуем, як толькі Лукашэнка едзе ў Маскву ці ў Сочы — «паехаў здаваць незалежнасць». Ён ездзіць — і не здае. Пагроза для незалежнасці існуе, але гэта не тая тэма, якую апазіцыя можа зрабіць «фішкай» кампаніі.

Сяргей Нікалюк: Я працягну — пагроза незалежнасці існуе, але яна зыходзіць ад беларускай дзяржавы і беларускага грамадства. Мы фіксуем у апытаннях эйфарыю насельніцтва ад дзеянняў Расіі. На фоне гэтай эйфарыі ўсведамляць нейкую небяспеку ад Расіі — гэта ненатуральна.

Дылема адзінага

НЧ: Дэмакратычныя колы разглядаюць дзве стратэгіі. Стратэгія першая — абранне «адзінага кандыдата» ад апазіцыі на пасаду прэзідэнта...

Сяргей Нікалюк: Для апазіцыі пытанне перамогі на выбарах у дадзены момант не стаіць. Стаіць пытанне аб тым, што вызначыць у якасці задачы-максімум, і як гэты максімум атрымаць. Я баюся, што ў гэтым ключы нават не будзе размоваў — мы ўбачым тое, што бачым цяпер: абсалютна ідыёцкія размовы аб тым, хто будзе «адзіным».

n_kaljuk_logo.jpg

Сяргей Нікалюк

Ёсць такія паняцці: «цэнтр» і «перыферыя». «Цэнтр» — гэта тое месца, адкуль зыходзіць нейкая энергія, і за кошт гэтай энергіі ён гуртуе вакол сябе «перыферыю». Мы ж хочам штучна стварыць гэты цэнтр: узяць таблічку «адзіны» і павесіць на нейкае месца. Якая энергія адтуль з’явіцца? Што ён будзе рабіць? Думка пра тое, што цэнтр можна прызначыць — гэта абсалютнае неразуменне ўсяго.

Аляксандр Класкоўскі: Адзіны кандыдат мае псіхалагічнае значэнне для электарату. Дзесяць кандыдатаў ад апазіцыі — гэта апрыёры клоўны. Адзіны кандыдат — хай сабе тэхнічны, «драўляны», выклікае ўсё ж дадатковую цікаўнасць.

Сяргей Нікалюк: Гэта не залежыць ад "адзінага" ці «не адзінага». У нас колькасць тых, хто давярае апазіцыі, і тых, хто за яе галасуе, істотна адрозніваюцца. На прэзідэнцкіх выбарах за апазіцыйнага кандыдата галасуе 25 плюс-мінус 5%. А тых, хто кажа, што давярае апазіцыі, — 13–17%.

На прэзідэнцкіх выбарах адбываецца мабілізацыя электарату. І гэтую мабілізацыю электарату праводзіць улада. Калі ўлада на прэзідэнцкіх выбарах мабілізуе сваіх прыхільнікаў, яна аўтаматычна мабілізуе сваіх супернікаў. Інакш не бывае: мабілізацыя — гэта заўсёды палярызацыя. І гэты мабілізаваны ўладай электарат з’яўляецца на выбары і досыць дружна галасуе па прынцыпе «супраць улады». Калі кагосьці назавуць «адзіным», то ў першую чаргу прагаласуюць за яго. Але колькасць тых, хто прагаласаваў за апазіцыю, будзе адной і той жа, незалежна ад колькасці дэмакратычных кандыдатаў.

Яўген Прэйгерман: Калі ёсць выбар — адзіны кандыдат ці не адзіны, дык лепш, вядома, мець адзінага. Але калі ў цябе апрыёры няма ніякіх шанцаў на перамогу — не толькі таму, што ЦВК няправільна лічбы малюе, але і з чыста аб'ектыўных прычын, — то ў мяне зусім іншае пытанне: а ці трэба забіваць час, заседжвацца на працэдурных спрэчках, або варта заняцца чымсьці больш карысным? Столькі сіл і часу страчваецца на тое, каб абмеркаваць, як абраць адзінага: праймерыз ці Кангрэс, калі Кангрэс, то хто дэлегат, як прызначыць дэлегатаў і гэтак далей...

Байкот саміх сябе

НЧ: Пры разуменні, што выбараў няма, частка апазіцыі задумваецца і над байкотам выбараў. Напрыклад, была прапанова Міколы Статкевіча высунуць адзіным кандыдатам заведама «нерэгіструемую» асобу — палітвязня. А калі яе не зарэгіструюць, абвесціць байкот альбо няўдзел у выбарах, чым нанесці моцны ўдар па іміджу ўлады…

Аляксандр Класкоўскі: Канешне, болей выйгрышнай у плане піяру ёсць пазіцыя вербальнага максімалізму. «Я ўвесь у белых рызах, а тыя, хто ідуць на выбары — калабаранты, прыстасаванцы, грантасмокі, агенты рэжыму», і гэтак далей. У сацыяльных сетках такія словы набіраюць больш «лайкаў», і многія апазіцыйныя палітыкі ператварыліся ў інтэрнэт-троляў: скубуцца паміж сабою, кідаюць палымяныя лозунгі, а некаторыя ўвогуле цалкам перакачавалі ў сацыяльныя сеткі.

klasko_sk_aljaksandr_logo.jpg

Аляксандр Класкоўскі

Але тыя, хто шмат гадоў трымаюцца пазіцыі: «не трэба гуляць у гульні са злачынным рэжымам, і ўдзельнічаць у выбарах, якіх няма», гэта «маргіналы ў кубе» — маргіналы нават сярод апазіцыі. Гэта ўжо такія «секты», смешныя нават па мерках беларускай апазіцыйнай супольнасці.

Да таго ж, байкоту грамадства проста не заўважыць. Узгадайце, якія былі жарсці ў 2012-м годзе, калі некаторыя партыі фантанавалі: «Мы сарвалі парламенцкія выбары!». Потым сацыёлагі паказалі, канешне, што не зусім сарвалі, але ж… Прайшоў час — хто памятае пра гэты байкот? Хто памятае пра «спікераў АГП», якія паказалі «дулю ў кішэні»? То бок байкот — гэта апрыёры пройгрышная стратэгія ў беларускіх умовах.

Сяргей Нікалюк: Выбары характарызуюцца не фактам галасавання, а тысячай розных рэчаў. На мой погляд, у нас ёсць адзін крытэр, які перакрывае ўсе астатнія. Гэта крытэр фармавання ўчастковых выбарчых камісій. Усё заканадаўства на баку апазіцыі, досвед ЦВК кажа, што прадстаўнікі палітычных партый (не апазіцыйных) трапляюць туды з верагоднасцю 93–95%. Значыць, апазіцыя павінна абраць гэты крытэр як адзіны. Мы кажам: «Мы ідзем на выбары. Але — на ВЫБАРЫ, і крытэр таго, што гэта выбары — фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій. Будзе ў камісіях 90% нашых прадстаўнікоў — мы прызнаем гэтыя выбары. Будзе 89% — гэта не выбары, мы адмаўляемся ўдзельнічаць у фарсе».

Да гэтага моманту ў выбарах варта прымаць самы актыўны ўдзел. Калі ЦВК дае апазіцыі 2–3% у камісіях — мы ад удзелу ў выбарах адмаўляемся. Аляксандр Рыгоравіч увесь час кажа: «У апошні момант яны спалохаліся». Мы не спалохаліся ў апошні момант — мы абвясцілі яго адразу.

А ўлада не можа дапусціць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі. Таму што для ўлады трэба не проста правесці Аляксандра Рыгоравіча ў прэзідэнты ці дэпутатаў у парламент. На выбарах улада паказвае адзінства народа і гэтай самай улады: для гэтага малюецца 80% яўкі. І тады яна кажа апазіцыі: «Вы хто? Вы — «пятая калона», вы не прадстаўнікі грамадства. Вас няма!». І таму мэта ўдзелу ў выбарах — сказаць «Мы ёсць!». Сёння большага, з майго пункту гледжання, апазіцыя зрабіць не можа: заявіць грамадству: «Мы ёсць!» і паказаць, што ўлада нас баіцца, таму нікуды не пускае. І атрымаць падтрымку хоць бы ад нашых патэнцыйных прыхільнікаў.

Апазіцыя павінна папрацаваць з Захадам. Захад таксама кажа — у нас тысячы крытэраў прызнання-непрызнання выбараў. Але гэты крытэр — адзіны. Ён не выконваецца — у вас няма выбараў. Захад не дасылае на такія выбары назіральнікаў — выбараў няма, кропка. Як такі гістарычны анекдот: Напалеон прыехаў у нейкі гарнізон і запытаў: «А чаму вы не вітаеце мяне залпамі з гарматаў?» Камендант гарнізона адказвае: «Дзесяць прычын, Ваша Вялікасць. Па-першае, у нас няма гармат...» «Дастаткова», — сказаў Напалеон. Тут — тое ж самае. Захад павінен сказаць: «Няма прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковых камісіях? Дастаткова».

Выйсце ёсць заўсёды

НЧ: Такім чынам, у апазіцыі ў сённяшніх умовах мала варыянтаў дзеянняў, якія б прывялі да пэўнага выніку…

Сяргей Нікалюк: У беларускай апазіцыі велізарная колькасць варыянтаў дзеянняў, але сярод гэтых варыянтаў няма варыянту прыходу да ўлады.

Гэта не значыць, што нічога не трэба рабіць. Я ўвесь час прыводжу прыклад Уладзіміра Ілліча Леніна. У яго была дакладная задача — захапіць уладу. Ён не выстаўляў на кожны год нейкую праграму, — у аснове марксісцкай ідэі ляжаў пастулат рэвалюцыйнай сітуацыі як аб'ектыўнага працэсу. Калі такой сітуацыі не ўзнікае, ніякія Уладзіміры Іллічы яе сфармаваць не могуць. А калі сітуацыі не склалася, то ён ствараў ячэйкі, распрацоўваў тэарэтычную базу, і гэтак далей.

Рэвалюцыйная сітуацыя ўзнікла раптоўна. За два-тры дні да адрачэння цара ніхто пра гэта не думаў. Але калі гэта адбылося, Уладзімір Ілліч апынуўся да гэтага гатовы. А мы дваццаць гадоў разважаем аб выбарах адзінага.

Аляксандр Класкоўскі: Сапраўды, калі ўявіць сабе сітуацыю форс-мажорных падзей, то апазіцыя, у адрозненне ад бальшавікоў, не будзе да гэтага гатовая. Схема «калі не будзе Лукашэнкі, то ў нас будзе дэмакратыя» — хібная ў прынцыпе. Гэты стэрэатып для многіх з’яўляецца аксіёмай, хаця ён аксіёмай не ёсць. І апазіцыя, як былі маргіналамі, так і рызыкуюць застацца маргіналамі і пасля змены ўлады: знойдзецца, каму яе падхапіць. Ніхто не прыйдзе да апазіцыі са словамі: «Прыходзьце і валадарце намі, бо ў вас заслугі, «Плошчы», турмы». Так, трэба аддаць належнае, гэта ў апазіцыі ёсць, але ў момант «рэвалюцыйнай сітуацыі» — «хто паспеў, той і з’еў». Можа, будзе больш гнуткі аўтарытарызм, «аўтарытарызм 2.0» ці пачатковы ўкраінскі варыянт «а-ля Кучма». І давядзецца гэты доўгі шлях праходзіць…

Яўген Прэйгерман: Калі тут і цяпер немагчымы нейкі тэктанічны рух, і роля апазіцыі не можа быць змененая вельмі сур’ёзна, выбары трэба скарыстоўваць для іншага. Сяргей Нікалюк казаў пра стратэгіі і праграмы — для працы з самімі сабой, са сваім актывам, каб сябе рыхтаваць да выклікаў.

prejgerman_logo.jpg

Яўген Прэйгерман

Гэтыя праграмы важныя не толькі «для сябе». Напрыклад, праца з элітай: праграмы важныя для таго, каб даць нейкі пасыл у супрацьлеглы лагер, пачынаць якуюсьці ўскосную дыскусію з тымі, хто знаходзіцца ў органах дзяржаўнай улады. Там сканцэнтраваныя лепшыя «мазгі».

Я, калі размаўляю з такімі людзьмі на розных узроўнях, бачу, што іх ступень незадаволенасці, апазіцыйнасці таму, што адбываецца, часцяком значна большая, чым у саміх апазіцыянераў. Бо яны бачаць гэта знутры, разумеюць і разбіраюцца ў сітуацыі куды лепш. Але яны не бачаць ніякай інтэлектуальнай пляцоўкі, якая прапаноўвалася б апазіцыяй для абмеркавання праблемаў. Таму яны не звяртаюць на апазіцыю ўвагі, не кажучы ўжо аб падтрымцы.

І другое — папулісцкая, можа быць, праца з насельніцтвам. Некаторыя структуры гэта спрабуюць рабіць — «Гавары праўду!» добраўпарадкуе двары ў Віцебску ці яшчэ дзе, але, мне падаецца, робяць яны гэта ў адрыве ад разумення таго, як яны збіраюцца ператварыць гэтыя дзеянні ў палітычны капітал.

Сяргей Нікалюк: Адзіны кірунак, у якім ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму апазіцыя можа апярэджваць уладу — гэта інтэлектуальны. Пры аўтарытарнай уладзе немагчымая жывая дыскусія і нармальны ход думкі. Ёсць разумныя людзі, якія ўсё разумеюць, але сядзяць моўчкі, — знаходзяцца ва ўнутранай эміграцыі. Апазіцыю ж у гэтым плане ніхто не стрымлівае: ёсць думкі — выказвайся. Быў час, калі АГП казала: «У нашай партыі сабраны інтэлектуальныя сілы» і таму падобнае. Сёння мы бачым, што ніякага інтэлектуальнага цэнтра ў апазіцыі няма.

Зараз адбываюцца падзеі каласальнага, цывілізацыйнага маштабу. Спробы асэнсаваць іх, зразумець месца Беларусі ў свеце — мінімальныя. Апазіцыя магла б быць лідарам у гэтым плане, і ў пэўнай сітуацыі гэта інтэлектуальнае лідарства можна было б перанесці ў лідарства практычных дзеянняў. Але сёння адбываецца наадварот. Апазіцыю як інтэлектуальную або маральную сілу карыстальнікі інтэрнэту, напрыклад, не ставяць ні ў што.

Аляксандр Класкоўскі: На сённяшні момант няма ў беларускай апазіцыі стратэгіі перамогі. Шмат хто з апазіцыянераў кажа: «Вось ты такі разумны, дай стратэгію перамогі». «Няма», — адказваю я ім. Няма пераможнай стратэгіі, ёсць стратэгія «жабы ў смятане» — адна патанула, другая збіла масла. Хоць няма гарантый, што нешта адбудзецца.

Плошча — дзеля чаго?

НЧ: Па выніках выбараў апазіцыя заўсёды кліча людзей «на Плошчу». Пасля ўкраінскага Майдану ці ёсць перспектыва «Плошчы»?

Сяргей Нікалюк: «Плошча» — гэта велізарны міф, які сама апазіцыя выдумала і сама ў яго паверыла. Калі пад «Плошчай» разумець інструмент ціску на ўладу, як ва Украіне, то ў нас яго ніколі не было. Ад таго, што людзі на адзін вечар на дзве-тры гадзіны сабраліся ў цэнтры Мінска — да таго часу, пакуль ім у прыбіральню не захацелася, — гэта да «Плошчы» як да інструмента ніякага дачынення не мае. Самы яскравы доказ таму, што апазіцыя яе ўсур’ёз не ўспрымае, — тое, што ні на адну «Плошчу» не было рэальнага плана. Самае характэрнае выказванне: па-мойму, Някляеў казаў, што за дзень да «Плошчы» ён хацеў сустрэцца са Статкевічам у нейкай кавярні, каб абмеркаваць «Плошчу», але там сядзелі нейкія падазроныя хлопцы, і абмеркавання не атрымалася. Вось і ўся падрыхтоўка да «Плошчы».

А на самай справе — што рыхтаваць, калі ў вас няма рэсурсаў? Маленькае пытанне, калі «Плошчу» ўспрымаць як інструмент: у прыбіральню людзі куды будуць хадзіць? Як гэта рэальна арганізаваць? Няма рэсурсаў — і абмяркоўваць няма чаго.

Магчымасць «Плошчы» — гэта ў першую чаргу раскол у элітах. Калі сілавікі не будуць па першым слове выконваць каманды аб разгоне. Гэта першае, але і гэтага першага ў Беларусі няма.

Аляксандр Класкоўскі: «Плошча» — не інструмент захопу ўлады. Але яна мусіць быць сімвалам. Адпаведна, яе трэба арганізоўваць: з жалезнай дысцыплінай, з выразным планам, і адразу казаць, што «мы не пойдзем штурмаваць неба», але мы хочам паказаць, што мы ёсць, годна завершыць выбары. Арганізоўваць яе менавіта як фінальную акцыю выбараў.

Сяргей Нікалюк: На плошчу прыходзіць моладзь, яе арыштоўваюць, выганяюць з універсітэтаў, садзяць у турмы, ламаюць лёсы. Хто нясе за гэта адказнасць?

На кіеўскі Майдан чалавек выходзіў, разумеючы, што ў яго ёсць шанец нешта змяніць. Але калі мы разумеем, што шанцаў нешта змяніць у нас няма, — куды мы людзей запрашаем?

Аляксандр Класкоўскі: «Плошча», як і «адзіны» ў сённяшніх умовах, — маральнае пытанне апазіцыі. Калі выберуць адзінага — пакажуць, што мы ўмеем дамаўляцца. Годна арганізаваць сімвалічную «Плошчу», каб пасля яе не пасадзілі б 50 чалавек — гэта таксама дэманстрацыя здольнасцяў правесці мірную масавую акцыю. Гэта як у футболе: слабая каманда можа, ведаючы, што ёй накалоцяць сто галоў, выйсці на поле і згуляць прыгожа. А можа сядзець і сварыцца, хто вінаваты, што набілі столькі галоў.

НЧ: Такім чынам, апазіцыі трэба быць падрыхтаванай да таго, што ўсё раптам можа змяніцца. А прэзідэнцкія выбары — проста інструмент гэтай падрыхтоўкі?

Яўген Прэйгерман: Прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца тым часам, калі грамадства ўзбуджаецца, мабілізуецца. І гэта адзіны момант, калі, як у пясочных гадзінах, гэта «рыльца» пачынае прапускаць нейкія альтэрнатыўныя думкі. І калі апазіцыя ўбудоўваецца ў гэтую логіку, тады можна казаць пра дылему байкоту і ўдзелу ў выбарах. І далей ужо весці спрэчку, калі вырашылі ўдзельнічаць, — адзіны ці шмат кандыдатаў.

Але мне здаецца, ёсць і трэці шлях: глядзець на будучыню сваіх структур, займацца нейкім арганізацыйных развіццём, задумвацца пра будучыню краіны, а не пра тое, што адбудзецца ў вызначаны дзень 2015 года. Выбары ствараюць рамкі, у якіх можна выбудоўваць трэцюю мадэль паводзінаў, чым ставіць перад сабой недасягальныя мэты.

Сяргей Нікалюк: Усё можа змяніцца амаль імгненна. Калі грамадства будзе ўспрымаць уладу як галоўнага свайго ворага. Пытанне ў тым, як потым утрымаць сітуацыю ў пэўных межах. Каб не паўтарыць сцэнар Грузіі, Украіны, Азербайджана…