Зміцер Дашкевіч: Трэба называць рэчы сваімі імёнамі

Сёння ў Мінску праходзіць першая сэсія з’езду міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт», што зарэгістраваная ў Чэхіі. Наведвальнікам з’езду адразу бачна: «МФ» ужо не той, што быў раней. У памяшканні Управы БНФ будучыню арганізацыі абмяркоўвалі каля дваццаці маладзёнаў. А раней дэлегатаў з’езду не ўмяшчала заля ААТ «Сукно».



dash_120915_logo.jpg

Зразумела, што амаль дзесяцігоддзе, з 2006-га года «МФ» быў «на піке рэпрэсій» улады. Да таго ж, частка ягоных актывістаў перайшла ў «дарослае жыццё». Некаторыя сышлі ў больш «сістэмна-апазіцыйныя» Маладыя хрысціянскія дэмакраты, а яшчэ больш сталыя самі зарганізавалі дагэтуль незарэгістраваную Беларускую хрысціянскую дэмакратыю.

Пытанне аб тым, як адрадзіць былую веліч «МФ» стаіць літаральна рубам. Таму асноўным пытаннем на з’ездзе будзе рэарганізацыя самой арганізацыі. Але гэтаму ў большай ступені будзе прысвечаная другая сэсія з’езду. Пакуль што ёсць толькі ідэі адраджэння «МФ», яккія трэба абмеркаваць.

Што ж тычыцца першай сесіі, то галоўным і больш «смажаным» пытаннем было стаўленне «Маладога фронту» да выбараў і шматлікіх ініцыятываў апазіцыі ў гэтым плане. Бо раней «МФ» даволі радыкальна заяўляў, што будзе не толькі байкатаваць выбары, але і супрацьдзейнічаць кандыдатам у прэзідэнты.

dash_sever_logo.jpg

Перад пачаткам з'езду Зміцер Дашкевіч актыўна абмяркоўваў нешта з Паўлам Севярынцам

Зараз ваяўнічая рыторыка сцішылася. Прынамсі, адзін з лідэраў арганізацыі Зміцер Дашкевіч ужо не збіраецца «мачыць» кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч, як пра гэта ён раней пісаў у Фэйсбуку. Перад пачаткам з’езду ён патлумачыў «НЧ» пазіцыю арганізацыі і сваю асабістую пазіцыю ў гэтым пытанні.

— Зміцер, асноўнае пытанне, вакол якога зараз усе абмеркаванні — прэзідэнцкія выбары. «МФ» па-ранейшым выступае супраць усіх кандыдатаў і за байкот?

— Я думаю, не вельмі карэктна да абмеркавання, да галасавання сказаць, што «МФ» за байкот. Але магу сказаць, што большасць актывістаў настроена менавіта на гэта. Проста брыдотная тая пазіцыя, якую цяпер абірае частка апазіцыі на супрацу з уладаю і на прызнанне выбараў. «Малады фронт» ніколі ў гэтым не ўдзельнічаў і наўрад ці калі-небудзь будзе ўдзельнічаць.

— «МФ» прасоўваў ідэю «актыўнага байкоту». У чым яна палягае?

— Ідэя актыўнага байкоту была б магчымай, калі б хоць нейкая частка апазіцыі аб’ядналася вакол гэтай ідэі. Цяпер жа мы бачым, што ідэя байкоту зараз мімікрыруе ў розныя накірункі, і абрастае нейкімі дэфініцыямі. Нехта кажа пра «ігнараванне» выбараў, нехта пра «неўдзел», нехта пра «байкот». Форма адна: «Я не іду на выбары», але назвы розныя.

Канешне, «МФ» адзін наўрад ці можа правесці гэтую кампанію байкота. Гэта таксама будзе абмяркоўвацца.

Актыўны байкот у маім разуменні — гэта падрыхтоўка Плошчы. А на сённяшні дзень нікому не трэба гэтая Плошча. Канешне, можна было б пайсці і кінуцца на амбразуру, як «Малады Фронт» рабіў заўсёды, але… Я так уважаю, што каэфіцыэнт карыснага дзеяння ад гэтага кідання на амбразуру будзе найменшы за ўсе дваццаць год кіравання Лукашэнкі.

— Але ці падтрымліваеце вы пазіцыю тых, хто кажа пра «ігнор»,напрыклад Лябедзьку, Статевіча?

— Па-першае, мая асабістая пазіцыя: Лябедзька — гэта лузер, які не сабраў патрэбныя подпісы, і зараз заяўляе пра «ігнор» і яшчэ нешта. Як і Цярэшчанка, дарэчы. Правільна сказаў Статкевіч, калі вызваліўся: гэта «байкот лузераў», якія пайшлі, рыпнуліся, у іх нічога не атрымалася і цяпер ім застаецца адно — заяўляць усялякія «ігноры» і гэтак далей. Па-другое: Статкевіча мы, безумоўна падтрымоўваем. Ён мае патэнцыял аб’яднаць здаровыя сілы беларускай апазіцыі і дамагацца пераменаў.

Я прыхільінк такой думкі, што трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Каліт гэта байкот — то гэта байкот. Пры чым тут «ігноры», «няўдзелы» і гэтак далей? Байкот ёсць байкот, і «ігнараванне» — гэта байкот.

dash_vybor_logo.jpg

У год выбараў МФ таксама стаіць перад выбарам: ці кідацца на амбразуру?

— Раней вы заяўлялі, што будзеце актыўна супрацьстаяць усім кандыдатам у прэзідэнты, якія пойдуць у гэтую кампанію…

— Такая пазіцыя была выпрацаваная, калі ў турмах заставаліся палітвязні, і было ў вышэйшай ступені амаральна ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, калі адзін з кандыдатаў у прэзідэнты з мінулай кампаніі знаходзіцца ў турме. На сённяшні дзень мы радыя, што ў Беларусі ўжо амаль няма палітвязняў, і не можна такія радыкальныя прэтэнзіі да кандыдатаў фармуляваць. Зараз проста для нас непрымальна тое, што яны робяць.

Мы ніколі не былі прыхільнікамі гэтай стратэгіі: дамаўляцца з дыктатарам, прасіць у яго нейкія пасады, выпрошваць у яго «мірныя перамены». Гэта можна было рабіць пятнаццаць год таму, а зараз, калі трэці дзясятак год дыктатуры, тыя, у каго ёсць розум і сэрца, ўсё і так разумеюць. Чалавек гэтую ўладу добраахвотна ніколі не аддасць, таму што ўладу ён можа змяніць толькі на лаву падсудных.

Таму каментаваць гэтыя гульні, проста ліць ваду на іхні млын. Можа быць, яны гэтага і хочуць, — каб на іх звярталі ўвагу, і падагравалі інтарэс да тых, хто ёсць нікім: гэта я казаў, і паўтаруся. 2010-ы год гэта таксама паказаў: усе, хто надувалі шчокі, спрабавалі з сябе нешта корчыць, зараз — ніхто.

Тое ж самае будзе з гэтымі ўдзельнікамі кампаніі, якія хочуць нешта набраць з разлікам, што Луашэнка пусціць іх у парламент… Нават калі Лукашэнка пусціць іх у парламент, і што? Усё роўна застанецца здаровая апазіцыя, якая будзе патрабаваць свабоды, справядлівасці, свабодных выбараў і адраджэння мовы.