Караткевіч упраглася ў працу (фотарэпартаж)

Не прайшло яшчэ і двух сутак з моманту рэгістрацыі Таццяны Караткевіч кандыдаткай у прэзідэнты. Але яна дарэмна часу не губляе, і ўжо правяла першы агітацыйны пікет у Мінску.



Месца парвядзення першага пікета, па выразе яе прадстаўніка ў ЦВК Ігара Лялькова было абранае «намоленае» — ля ўніверсама «Цэнтральны». У суботу, якая прыпала на Дзень горада, і пікет планаваўся адмысловы, прысвечаны выбарам мэраў гарадоў у цэлым і Мінска ў прыватнасці. Аднак тэматычнага ў ім былі, хіба што, улёткі Караткевіч.

Як ні дзіўна, мінакоў было не так шмат, як звычайна. Пэўна, Дзень горада ўнес свае карэктывы. Людзі выправіліся бавіць час на адмысловыя святочныя пляцоўкі. Але і таго, што было, Таццяне і яе камандзе хапіла.

З’явілася Караткевіч на пікет, які і абяцала, апоўдні. І не стала марнаваць часу: павіталася з камандай, адразу ж улёткі ў рукі — і да людзей. Спачатку яна паразмаўляла з некаторымі мінчукамі наконт выбарнасці мэраў, заклікала іх падпісвацца за гэтую прапанову, і не забывала агітаваць за сабе.

Яе каманда таксама не спала ў шапку, «абілечваючы» мінакоў улёткамі кандыдаткі ў прэзідэнты з тэзісамі яе праграмы.

Народ рэагаваў збольшага прыязна. Зразумела, знаходзіліся і тыя, хто казаў, што «ніякіх пераменаў не будзе». Нехта казаў, што на выбары не пойдзе. А нехта, учапіўшыся ў Караткевіч, не выпускаў яе доўгі час.

Надзіва, было мала п’яных, фрыкаў і агрэсіўна скіраваных грамадзянаў. Усё праходзіла ў спакойнай і ветлівай атмасферы. Таццяна раздавала інтэрв’ю журналістам, кажучы пра тое, што толькі абраны мэр можа быць адказным перад грамадзянамі, і толькі ён зможа даць сапраўдны шанец на развіццё горада. Прычым, падкрэслівала яна, гэта тычыцца не толькі Мінска, але і любога іншага горада, асабліва ў рэгіёнах.

Канешне, не абышлося без жадаючых зрабіць фотаздымкі ці сэлфі з кандыдаткай у прэзідэнты. Такіх было даволі багата. У журналістаў нават узнікла думка, што ў камандзе Караткевіч і пры яе персоне абавязкова павінна быць пасада «сэлфіста»: чалавека, які б разбіраўся ў асноўных марках тэлефоонаў з камерай, каб дапамагаць мінакам здымацца з ёю.

Тыя ж, хто б жадаў сфатаграфавацца з жанчынай-кандыдаткай, але пайшлі на іншыя забаўляльныя мерапрыемствы, згубілі шанец. Таму што невядома, калі Караткевіч яшчэ раз з’явіцца на пікетах у сталіцы.

Такія пікеты будуць, без сумневаў. Зменшага, як паведамілі сябры яе каманды, заяўкі-паведамленні пра такія пікеты пададзеныя ў Мінгарвыканкам на ўсе дазволеныя месцы на кожны дзень прэзідэнцкай кампаніі. Але на бліжэйшым тыдні Таццяна Караткевіч з’едзе ў вандроўкі па рэгіёнах — сустракацца і агітаваць за сябе па-за межамі сталіцы.

Так што, хто не паспеў зрабіць з ёю сэлфі, але вельмі хоча — хай зазірае на Фэйсбук Караткевіч, альбо на сайт «Гавары праўду», дзе будзе размешчаны графік яе перасоўванняў па краіне і рэгіянальных сустрэчаў. І даганяе яе ўжо ў дарозе.