Мінск адзначае Дзень горада

У межах Дня горада, які традыцыйна адзначаецца ў Мінску ў другую суботу верасня, пройдуць больш за 60 масавых мерапрыемстваў.



000667_763471.jpg

Афіцыйнае святкаванне пачнецца сёння ў 11.00 ускладаннем кветак да стэлы "Мінск — горад-герой", паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама.

На зялёнай зоне на перасячэнні праспектаў Пераможцаў і Машэрава ў 11.30 пачнецца міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мiнск старажытны". У ім возьмуць удзел каля 300 прадстаўнікоў клубаў гістарычнай рэканструкцыі з шасці краін. Удзельнікі прадставяць некалькі эпох: сярэднявечча, вайну 1812 года, Першую і Другую сусветныя войны. Гледачы змогуць убачыць пешыя і конныя рыцарскія баі, узяцце крэпасці, рэканструкцыю ваенных дзеянняў. Тут жа разгорнецца "Горад майстроў".

Каля Палаца спорту ў 11.30 пачнецца культурна-масавае мерапрыемства "Зоркi сталiцы", якое працягнецца да 22.00. На ім выступяць творчыя калектывы і папулярныя выканаўцы з Беларусі і Расіі, у тым ліку артысты Свярдлоўскага тэатра музкамедыі, якія знаходзяцца ў Мінску на гастролях. Будзе працаваць шмат аб'ектаў харчавання і гандлю.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць з 11.30 да 22.00 і на тэрыторыі Верхняга горада. У канцэртнай зале "Верхні горад" адбудзецца ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу дзевяці пар, будуць арганізаваныя шматлікія канцэрты і конкурсы.

У 15.00 каля храма-помніка Усіх Святых пройдуць гала-канцэрт "Харавое веча" з удзелам больш чым трох тысяч выканаўцаў, а таксама акцыя "Малітва за Беларусь".

У 18.00 у Вялікім тэатры оперы і балета адбудзецца цырымонія ўручэння ўзнагарод "Мінчанін года", якая завершыцца гала-канцэртам артыстаў і салістаў тэатра.

Завершыцца свята ў 22.00 феерверкам каля стэлы "Мінск — горад-герой". Ён працягнецца 12 хвілін. Для запуску феерверкаў, агні якога ўзнімуцца на вышыню 400 метраў, будуць выкарыстаныя найноўшыя камп'ютарныя тэхналогіі.

У нядзелю ў межах Дня горада пройдзе беспрэцэдэнтная для Беларусі падзея — Мінскі міжнародны паўмарафон. Мерапрыемства арганізаванае Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму і Мінгарвыканкама. Для ўдзелу ў ім зарэгістраваліся 12 тысяч чалавек з 32 краін — прафесійных марафонцаў і проста аматараў бегу. Дыстанцыі — 5 км, 10 км, а таксама паўмарафонская — 21,1 км. У 10.00-10.30 — пачатак дзіцячых забегаў на дыстанцыю 50 м. У 11.00 будзе дадзены старт удзельнікам усіх забегаў.

Стартуе і фінішуе паўмарафон каля Палаца спорту. У маршруце гэтай спартыўнай акцыі будуць задзейнічаныя праспекты Пераможцаў, Незалежнасці, Машэрава, вуліцы Валадарскага, Карла Маркса, Энгельса, Камуністычная, Старажоўская, Куйбышава, Багдановіча, Янкі Купалы, плошчы Незалежнасці і Перамогі. У сувязі з правядзеннем паўмарафона ў цэнтры горада будзе перакрывацца рух усіх відаў транспарту.

Яшчэ адным мерапрыемствам у межах Дня горада 13 верасня стане пяты фестываль людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які пройдзе ў Верхнім горадзе. Для ўдзелу ў фестывалі адабраныя больш як 20 выканаўцаў, якія будуць спаборнічаць у трох намінацыях: "выканальніцкае майстэрства", "мастацкая творчасць" і "дэкаратыўна-прыкладное мастацтва".


Марына Носава, БелаПАН