«Адзін народ, адзін правадыр». Гісторыя аднаго ўз’яднання

Аншлюс з нямецкай мовы азначае саюз, уз’яднанне. 85 гадоў таму пад дэвізам «Адзін народ, адна дзяржава, адзін фюрэр» адбыўся захоп Аўстрыі. Чаму пра гэта важна ведаць беларусам?

oldphotosoftheanschlussfrom75yearsago3da2_abvxt.jpg

Фота Хуга Егера

На працягу пэўнага часу аўстрыйскія прыхільнікі Гітлера з Аўстрыйскай нацыянал-сацыялістычнай партыі ставілі перад урадам сваёй краіны пытанне аб далучэння Аўстрыі да Германіі. На 13 сакавіка 1938 года быў запланаваны рэферэндум па гэтаму пытанню, але нацыяналісты зрабілі дзяржаўны пераварот і перадалі ўсю ўладу ў краіне Германіі. 12 сакавіка войскі Вермахта ўвайшлі на тэрыторыю Аўстрыі. 13 сакавіка таго ж года было аб’яўлена аб аншлюсе альбо з’яднанні Аўстрыі з Германіяй.

Аднак было вырашана правесці рэферэндум па пытанню падтрымкі аншлюсу насельніцтвам Аўстрыі. 10 красавіка 1938 года большасць аўстрыйскіх грамадзян станоўча адказалі на пытанне «Ці згаджаецеся Вы са з’яднаннем Аўстрыі і германскага Рэйха, якое адбылося 13 сакавіка 1938 г. і ці падтрымліваеце Вы сваім голасам нашага лідара Адольфа Гітлера». Як праходзіў гэты рэферэндум пад дуламі аўтаматаў і ва ўмовах калі некалькі соцень тысяч аўстрыйцаў, у асноўным, яўрэйскага паходжання, былі пазбаўлены права голасу? Безумоўна са шматлікімі паруэннямі. Цікава, што да тых, хто меў права голасу і не хадзіў на рэферэндум, прыходзілі дадому і настойліва “запрашалі” прыняць у ім удзел.

Аўстрыя, як асобная краіна, узнікла ў выніку паразы Аўстра-Венгерскай імперыі ў Першай сусветнай вайне. Памкненне Аўстрыі й Германіі да ўз’яднаньня было ў міжваенны пэрыяд сапраўды вельмі моцным. Але ў выніку прыходу нацыстаў да ўлады ў Германіі аўстрыйскае кіраўніцтва адмовілася ад ідэі аб’яднання. Гітлер жа наадварот, зрабіў гэтую ідэю прыярытэтнай у сваёй знешнай палітыцы. У кіраўніцтва Аўстрыі немцы пачалі прасоўваць сваіх агентаў і прыхільнікаў.

Берліну было важна пазбавіць аўстрыйскі ўрад не толькі замежнай, але і ўнутранай падтрымкі. З кожным годам ён узмацняў прапаганду, разлічаную на аўстрыйцаў. Нямецкія радыёстанцыі расказвалі, што мяжа паміж дзвюма нямецкімі краінамі штучная, гэта адзін народ, прадстаўнікі якога змагаліся на адным баку ў гады вайны, а іх асобнае існаванне выгаднае толькі ворагам — Францыі і Вялікабрытаніі. Таму трэба як мага хутчэй аб’яднацца, тым больш што Гітлер падняў сваю краіну з каленяў.

Ліквідацыі дзяржаўнасці Аўстрыі дапамагалі і тыя наіўныя аўстрыйскія палітыкі, якія верылі, што збліжэнне двух «братніх народаў» магчымае без паглынання меншай краіны моцным суседам. Нават прадстаўнікі ўрада любілі паўтараць, што аўстрыйцы — гэта «найлепшыя немцы» ці «самыя сапраўдныя немцы». Гэта размывала нацыянальную тоеснасць, з кожным годам праціўнікаў аншлюсу заставалася ўсё менш.

Эфектыўнасць нацысцкай прапаганды ўразіла нават самога Гітлера. Народжаны ў Аўстра-Венгрыі, ён уважаў аўстрыйскі патрыятызм моцнай ідэяй, з якой давядзецца лічыцца. Спачатку ён планаваў стварыць з суседкі краіну-марыянетку, але, калі пабачыў энтузіязм натоўпаў, што сустракалі нямецкія танкі, канчаткова вырашыў проста далучыць Аўстрыю да Германіі.

25 ліпеня 1934 году немцы спрабавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот. 154 эсэсаўцаў-аўстрыйцаў захапілі Канцылярыю канцлера Аўстрыі Энгельбэрта Дольфуса, у выніку чаго ён быў цяжка паранены й празь некалькі гадзінаў памёр. Дзейнасць Германіі абурыла кіраўніцтва Італіі на чале з Мусаліні, які актыўна падтрымліваў у той момант Аўстрыю й выступаў супраць Гітлера. Пазіцыя Мусаліні адцягнула аншлюс Аўстрыі на пэўны час. 

Спрыяльнай для планаў Гітлера стала палітыка краін Эўропы ў 1937 годзе, якія пачалі разглядаць аншлюс не як акт агрэсіі, але як палітыку ўміратварэння Гітлера. У лістападзе 1937 году англійскі міністр Галіфакс паведаміў Гітлеру, што Англія не мае нічога супраць прыдбання Германіяй Аўстрыі. А ўжо ў 1938 годзе прэм’ер-міністр Чэмбэрлен абвясціў, што малыя дзяржавы не могуць разліваць на абарону сваіх інтарэсаў з боку Лігі народаў і гэтым самым развязаў рукі Гітлеру. 

У лютым 1938 году канцлер Аўстрыі Шушніг падпісаў ультыматум, навязаны гітлераўцамі, фактычна перадаўшы кантроль над краінай немцам. 12 сакавіка нямецкія войскі ўвайшлі ў Аўстрыю, а 13 сакавіка 1938 году ў Вену прыехаў Гітлер, што і сталася афіцыйным момантам “уз’яднання”. Быў падпісаны спэцыяльны дэкрэт аб “Уз’яднанні Аўстрыі з Германскай імпэрыяй” і аб тым, што Аўстрыя ўваходзіць у склад Германіі як адна з зямель пад назвай Остмарк.

Аншлюс прынёс рэпрэсіі: толькі за першыя шэсць тыдняў пасля анексіі краіны былі арыштаваныя да 76 тысяч грамадзян (каля 1% насельніцтва). Далей тэрор толькі мацнеў — забівалі або арыштоўвалі многіх, ад яўрэяў да хрысціянскіх сацыялістаў. У той жа час многія аўстрыйцы верна служылі Германіі і ваявалі супраць яе ворагаў. Аўстрыйцы складалі большасць у многіх структурах СС.

Аўстрыя заплаціла за падтрымку Гітлера дарагую цану. Сотні тысяч аўстрыйцаў загінулі на франтах і пад бамбёжкамі. А пасля вайны Аўстрыя, як і Германія, прайшла балючую працэдуру дэнацыфікацыі. Аднак ёй пашанцавала не толькі вярнуць незалежнасць, але нават не трапіць у сацыялістычны лагер. У 1955 годзе войскі заходніх саюзнікаў і СССР пакінулі Аўстрыю, якая з тых часоў з’яўляецца нейтральнай дзяржавай і не ўваходзіць у ваенныя альянсы.

Незалежнасць Аўстрыі была адноўлена толькі ў 1945 годзе. Калі саюзнікі выйгралі вайну.

Наш чытач адразу убачыць шмат паралеляў з гісторыяй гэтага “уз’яднання” і сітуацыяй у Беларусі. Адзін народ, адзін правадыр, адна імперыя. Дыктатар і вайна. І пазіцыя Захаду. І яшчэ шмат чаго… Ці мела Аўстрыя шанц сарваць аншлюс? З іншага гістарычнага часу цяжка зразумець. Аднак несуменна тое, што праціўнікі нацыстаў былі раз’яднаныя. Камуністы былі ў меншасці і самі неслі пагрозу свабодзе. Сацыялісты ж і лібералы былі малалікія. Многія з іх не разумелі, што ёсць галоўнай пагрозай незалежнасці краіны. Працавала прапаганда, а Захад разлічваў спыніць Гітлера малой крывёю... 

Ці мела Аўстрыя шанец сарваць аншлюс? Пра гэта мы сёння можам толькі разважаць. Ці мае Беларусь шанц захаваць сваю незалежнасць? Гэта ўсё яшчэ залежыць ад нас.

Вуліца горада Лінц. На расцяжцы лозунг «Адзін Народ. Адна Імперыя. Адзін Правадыр». Фота Pinterest.com