Дзе насамрэч была «лінія Сталіна»
Пасля 22 чэрвеня 1941 года камандаванне Заходняга фронту імкнулася арганізаваць лінію абароны і спыніць наступленне вермахту. Лепей за ўсё для гэтага падыходзілі ўмацаваныя лініі на былой савецка-польскай мяжы.
Заслаўе прыкрывае Мінск
Нядаўна мне трапіўся дакумент, які варта ўзгадаць (у скарачэнні) у кантэксце апісання баявых дзеянняў на «старой» мяжы. Гутарка ідзе пра баявое данясенне камандзіра 44-га стралковага корпуса РСЧА, камдзіва Васіля Юшкевіча.
«Да 18.00 25.06.41 44-ты корпус, адпаведна з пастаўленай Вайсковым саветам фронту задачай, заняў абарону ў Мінскім УРы, маючы 64-ю стралковую дывізію ў абароне паласы Стайкі, Заслаўе, Краснае. 288-ы стралковы полк знаходзіўся на правым флангу і займаў фронт Баяры-Скнарэвічы; 30-ы стралковы полк абараняўся ў цэнтры на фронце Скнарэвічы, Хмелеўка, 159-ы стралковы полк абараняўся на фронце Хмелеўка, Краснае.
Увечары 25.06 невялікія падраздзяленні танкавых частак праціўніка атакавалі ўчастак 30-га палка, але былі адкінутыя, і праціўнік са стратамі адышоў у лес на паўночны ўсход ад Радашковіч. […]
25.06 невялікія высланыя выведвальныя атрады 64-й і 10-й стралковых дывізій праніклі ўглыб размяшчэння праціўніка, і ў раёне Шалухі, Дэкшняны, Путнікі наткнуліся на мота-тэхчасткі праціўніка. У выніку начнога бою выяўленае падраздзяленне было цалкам знішчана (відавочна, штаб вайсковага злучэння). Узятыя дакументы 27.06 былі перададзены ў штаб фронту.
Дакумент з Цэнтральнага архіва Мінабароны Расіі пра баі на Мінскім УРы
Раніцай 25.06 у 6.00 Камендант УРа (!) данёс мне, што
з боку Радашковіч на Заслаўе прарваліся танкі праціўніка. Далей, як пазней было
ўстаноўлена, неперарыўна, на працягу дня, танкі праціўніка невялікімі групамі
(5–10 танкаў), а часам і больш, працягвалі атакаваць 30-ы стралковы полк і 159-ы
стралковы полк, спалучаючы свае дзеянні з налётамі авіяцыі. […] Пяхота
праціўніка на працягу 26.06 перад фронтам 44-га стралковага корпуса амаль не
з’яўлялася. У ліквідацыі прарыву танкаў на працягу 26.06. прымала ўдзел уся
артылерыя корпуса, а пяхота дзейнічала гранатамі. […] 30-ы стралковы полк быў
атакаваны мотапяхотай праціўніка пры падтрымцы танкаў на фронце Касачы—Рогава,
дзе, маючы некаторы поспех, пацясніў частку 30-га стралковага палка на паўночны
ўсход і ў 8.30 заняў фронт Скнарэвічы — вышыня 273,1 — Казакова — Ашнарова. Арганізаванай
контратакай і нясучы значныя страты, полк аднавіў палажэнне. Праціўнік быў
адкінуты на фронт Воўкаўшчына — вышыня 266,1 —Збарычы.
Адзін з захопленых немцамі ДАКаў ля Заслаўя
На працягу ўсяго дня 30-ы стралковы полк некалькі разоў атакаваўся пяхотай праціўніка. […] Паміж 14 і 15.00 27.06 танкі праціўніка атакавалі Заслаўе. Авіяцыя яго запаліла. Рух танкаў праціўніка распаўсюдзіўся на Баравую і Ратамку. […] 28.06 невялікай групе танкаў праціўніка (восем танкаў) удалося прарвацца на ўсход, і ў 13.00 гэтыя танкі атакавалі камандны пункт 44-га стралковага корпуса. У выніку бою выведзены са строю 4 танкі, а два падбітыя. З нашага боку сем чалавек забітыя і 22 параненыя».
На працягу некалькіх дзён савецкія жаўнеры стрымлівалі наступленне немцаў на лініі Мінскага УРа.
Варта адзначыць, што не ўсе доўгатэрміновыя агнявыя кропкі (ДАК) былі падрыхтаваныя да бою. Аднак значная частка ДАКаў і артылерыйскіх паўкапаніраў аказалі супраціў наступаючым на Мінск падраздзяленням вермахта. Пра гэта сведчаць не толькі ўспаміны ўдзельнікаў баёў і мясцовых жыхароў, але і сляды абстрэлаў на знешніх сценах бетонных «крэпасцяў», якія па сёння стаяць у раёне Хмелеўка — Шубнік — Крылава.
На мяжы з Латвіяй і Польшчай
Не менш крывавыя баі ў ліпені 1941 года адбываліся і на лініі 61-га Полацкага ўмацаванага раёна (ПоУР). Будаўніцтва доўгачасовых умацаванняў там пачалося ў 1927–1928 гадах. Працягласць ПоУР складала 56 км, і ад 2 да 5 км углыб. Некаторыя ўмацаванні знаходзіліся на адлегласці ў 4 км ад «рыжскай» мяжы. ДАКі пачыналіся на поўнач ад вёскі Горкі на рацэ Дрысе і вёскі Баравуха-1, і ішлі да вёскі Гомель, якая знаходзілася паміж Полацкам і Ветрына.
Асноўныя аб’екты знаходзіліся на ўсходнім беразе ракі Ушача. У 1930 годзе было ўзведзена 47 збудаванняў на фарынаўскім накірунку, а ў 1932-м — пабудавана каля 250 ДАКаў. У 1938-м у Полацкім УРы было 263 кулямётныя агнявыя кропкі, разлічаныя на 452 кулямёты і 10 супрацьтанкавых кропак (СТАК) з вежамі ад танкаў Т-26. Абарончая паласа складалася з 11 батальённых раёнаў. Важным момантам была высокая шчыльнасць пабудовы агнявых кропак ПоУРа. Напрыклад, калі ў Кіеўскім УР на 85 км было 217 агнявых кропак, то пад Полацкам на 56 км было 202 бункеры.
Адзін са знішчаных немцамі савецкіх дакаў пад Полацкам
Большасць ДАКаў і артылерыйскіх паўкапаніраў, якія знаходзіліся пад Полацкам, маглі вытрымаць агонь 203-міліметровай гаўбіцы. Вёска Баравуха-1 знаходзілася ў цэнтры паўночнага сектара ПоУРа. Вакол дыслакаваліся 4 батальённыя і 3 ротныя раёны абароны. У 1935–1937 гадах вялося будаўніцтва вайсковага гарадка 17-й стралковай дывізіі. Цікавы момант: будаўніцтва і ўзбраенне ПоУРа курыравалі маршал Міхаіл Тухачэўскі і камандуючы Беларускай вайсковай акругай Еранім Убарэвіч. Пасля іх арышту ў 1937 годзе ўмацаванням ля Полацку сталі надаваць менш увагі.
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Умацаванні ля Полацка закансервавалі. Праз год вайсковыя часткі ПоУРа былі перададзеныя ў распараджэнне Гродзенскага УР, а для аховы бункераў ля Полацка пакінулі 10-ты асобны кулямётны батальён. У кастрычніку таго ж года Полацкі і Себежскі УРы былі аб’яднаныя. У іх склад уваходзілі 25-ты і 133-ці асобныя артылерыйска-кулямётныя і 156-ты асобны кулямётны батальёны.
Абарот здымку дзе напісана пра ДАК полацкага УР
Затрымаць немцаў
4 чэрвеня 1941 года была выпушчана пастанова Саўнаркама СССР «Аб умацаваных раёнах», у якой, акрамя іншага, адзначалася: «Утрымліваць пастаянныя гарнізоны ўмацаваных раёнаў першай лініі ў складзе 70% і ўмацаваных раёнаў другой лініі ў складзе 30% ад ваеннага часу». Непасрэдна перад вайной ДАКі пад Полацкам паспелі прывесці ў поўную баявую гатоўнасць.
У пачатку ліпеня 1941-га на пазіцыі ПоУРа наступалі танкі 19-й дывізіі вермахта. На гэты момант на рубяжы ракі Заходняя Дзвіна канцэнтраваліся часткі 174-й стралковай дывізіі 62-га корпуса 22-й арміі пад камандаваннем камбрыга Аляксея Зыгіна. У свой час ён быў камендантам Благавешчанскага ўмацаванага раёна на Далёкім Усходзе, і гэты досвед спатрэбіўся пад Полацкам. Паласа абароны дывізіі ўключала пазіцыі на рэках Дзісна і Ула, а ўвогуле часткі 22-й арміі павінны былі абараняць рубеж ад Краславы да Бешанковічаў.
Супраць шасці савецкіх стралковых дывізій наступалі два армейскіх корпусы і 3-я танкавая група генерала Германа Гота. 3 ліпеня 1941 года танкі пачалі наступленне на накірунках Даўгаўпілс — Полацк і Маладзечна — Полацк. Праз дзень 18-я матарызаваная дывізія Вермахта ўпёрлася ў савецкія ДАКі ў раёне Фарынава і Ветрына, а авангард нямецкай 19-й танкавай дывізіі выйшаў да Заходняй Дзвіны. Герман Гот адзначаў ва ўспамінах: «Камандаванне не разлічвала на моцны супраціў на Заходняй Дзвіне. Сур’ёзнай абароны састарэлых умацаванняў пад Полацкам не павінна было быць».
З дапамогай Штурмавых гармат "Шцюг" немцы знішчалі савецкія ДАКі
Аднак супраціў на лініі ПоУР быў настолькі жорсткі, што немцы былі вымушаны выклікаць на дапамогу 14-ю матарызаваную дывізію, якая знаходзілася пад Мінскам. З цяжкімі баямі Вермахт прайшоў савецкія ўмацаванні ля Ветрына, але зноў спыніўся ля Кутнян. Немцы спрабавалі знішчыць савецкія бункеры пад прыкрыццём дымавой заслоны.
У адной са справаздач штабу Заходняга фронту адзначалася: «Падчас блакіроўкі ДАКу №51 Полацкага УР праціўнік прымяніў дым, які прымусіў гарнізон ДАКу апрануць адгазнікі». І нават ва ўмовах задымлення чырвонаармейцы здолелі не даць штурмавым групам немцаў падабрацца да агнявых кропак. Шчыльны агонь з кулямётаў і гармат кожны раз прымушаў нямецкую мотапяхоту адыходзіць.
Нямецкі танк ля аднаго з савецкіх ДАКаў пад Полацкам
6 ліпеня 1941 года 18-я матарызаваная дывізія вермахта знішчыла чатыры савецкія агнявыя кропкі і ўклінілася ў абарону 22-й арміі. Камбрыг Зыгін контратакаваў немцаў і адкінуў праціўніка. 9 ліпеня баі ішлі на кірунку Баравуха-1. Тут гераічна змагаліся ДАКі ля населеных пунктаў Заручэня, Асяроткі і Махірава. У адным з нямецкіх данясенняў адзначалася: «Паветраная выведка выявіла не вядомую раней умацаваную лінію ад Баравухі да Яновы. Гутарка ідзе пра палявыя ўмацаванні, якія на поўнач і на поўдзень чыгуначнай лініі Полацк — Баравуха сур’ёзна ўзмоцнены глыбока эшаланаванымі ДАКамі».
12 ліпеня немцы ўвялі ў бой 57-ы матарызаваны корпус 3-й танкавай групы. Раніцай 15 ліпеня яны прарваліся да Полацка ў раёне Баравуха-2 і захапілі левабярэжную частку горада. Артылерыя 6-га нямецкага корпуса адкрыла шквальны агонь па агнявых кропках ПоУРа. Пазней камандаванне Вермахта кінула ў атаку свае штурмавыя групы, узброеныя агнямётамі. На працягу дня немцам удалося знішчыць некалькі дзясяткаў савецкіх ДАКаў, пры гэтым у палон узялі ўсяго некалькі цяжкапараненых чырвонаармейцаў. Астатнія загінулі ў сваіх бетонных крэпасцях.
Аляксей Зыгін
У ноч на 16 ліпеня рэшткі 174-й дывізіі РСЧА пачалі адыход у бок Невеля. Некаторыя савецкія ДАКі пад Полацкам у атачэнні працягвалі весці баі з наступаючымі немцамі да 19 ліпеня 1941 года. Генерал Герман Гот ва ўспамінах называў Полацкі УР «крэпасцю Полацк» і адзначаў: «Наступленне на Полацк шматкроць натыкалася на варожыя контратакі і неаднаразова спынялася». З цяжкімі баямі падраздзяленні 174-й стралковай дывізіі выйшлі з атачэння, а яе камандзіру Аляксею Зыгіну было нададзена званне генерал-маёра і ўручаны ордэн Леніна.