Расія рыхтуецца да адкрытай вайны ў Еўропе, лічаць спецслужбы Канады
Канадская служба выведкі і бяспекі (CSIS) лічыць, што Расія рыхтуецца да адкрытай вайны ў Еўропе. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы CSIS, апублікаванай на сайце службы.
![87_tn.jpg 87_tn.jpg](/img/v1/userfiles/images/87_tn.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У прыватнасці, прааналізаваўшы апошнія змены ва ўнутранай і знешняй палітыцы Расіі, эксперты адзначылі, што пачатак маштабнага пераўзбраення і мадэрнізацыі расійскай арміі паказвае на падрыхтоўку да вайны, паведамляе gordonua.com.
У канадскай выведцы лічаць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, хутчэй за ўсё, будзе і далей праводзіць экспансіўную палітыку, спрабуючы пашырыць свой уплыў за мяжой.
Пры гэтым эксперты адзначаюць, што адкрыццё новага фронту на Данбасе малаверагодна. На іх думку, Масква адкрые новы ваенны фронт і не будзе хаваць сваё дачыненне або пазбягаць адказнасці, як гэта было ў выпадку з Украінай.
Расія анексавала Крым пасля незаконнага рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года. Далучэнне паўвострава да Расіі не прызнаецца большасцю краін свету. У дадзены момант паміж мацерыковай Украінай і Крымам дзейнічае кантрольна-прапускны рэжым, а Кіеў дэ-факта не кантралюе паўвостраў.
Праз месяц на ўсходзе Украіны пачаўся ўзброены канфлікт. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны і прарасійскімі баевікамі, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей. Паводле ацэнак АБСЕ, колькасць ахвяр вайны на Данбасе ўзрасла да 10 тысяч чалавек.