Расія. У Пецярбургу разагналі традыцыйны начны роварны парад
Адзін чалавек уначы быў затрыманы паліцыяй, але неўзабаве адпушчаны без пратаколу і тлумачэнняў.
Традыцыйны начны велапрабег «Белыя ночы», які праходзіць у горадзе з 1965 года, быў разагнаны паліцыяй. Раней раварысты проста дамаўляліся паміж сабой і ажыццяўлялі велапрабег у адну з самых кароткіх начэй лета, але ў апошнія гады яны мусілі ўзгадняць яго з уладамі.
У гэтым годзе раварыстаў было больш за 1000, іх абурае не толькі разгон прабегу, але і забарона заставацца на ўзгодненай пляцоўцы каля Меднага Вершніка. Адзін чалавек ўначы быў затрыманы паліцыяй, але неўзабаве адпушчаны без пратаколу і тлумачэнняў.
Узгоднены велапрабег быў і на гэты раз, а разагналі яго, хутчэй за ўсё, з-за эканамічнага форуму, — кажа ганаровы старшыня клубу «Велапіцер» Ілля Гурэвіч.
— Яны заўсёды пакідаюць шчыліну, каб сказаць «ведаеце, вы атрымалі ўзгадненне ад 19 камітэтаў, а ад 20-га — не». Ужо ў самы першы раз, калі мы ўзгаднялі сваё мерапрыемства, пачуўся званок ад нейкага паліцэйскага начальніка, які пагражаў нам: «Выйдзеце за межы сваёй паляны, мы вас адмяцелім». Але раней нас проста пазбаўлялі суправаджэння — і мы былі не супраць, а вось разганяюць нас упершыню, і няма ніякай гарантыі, што ў будучыні гэта не паўторыцца — бо становіцца толькі горш.
Па словах Іллі Гурэвіча, раварысты сабраліся ў суботу позна ўвечары на Сенацкай плошчы ля помніка Пятру Першаму, у іх была ўзгодненая не толькі пляцоўка, але таксама сцэна і гукавая апаратура. Спачатку побач проста стаяла паліцэйская машына, але потым з'явіўся афіцэр паліцыі, які падаўся Гурэвічу неадэкватным, — ён падышоў, выключыў апаратуру і ў грубай форме загадаў усім разыходзіцца, не слухаючы довадаў пра тое, што людзі праводзяць цалкам законнае мерапрыемства. Раварыстам давялося разысціся невялікімі групамі.
Ён з'вяртае ўвагу на тое, што гэта тым больш незразумела, што раварысты таксама праводзяць і патрыятычныя мерапрыемствы, напрыклад, зімой у іх быў велапрабег па «Дарозе Жыцця», і ўсё роўна супрацоўнікі дарожнай паліцыі кінулі іх на волю лёсу, так што ім давялося сваімі сіламі забяспечваць бяспеку 76-гадовага ўдзельніка прабегу, які нарадзіўся ў блакадным горадзе.
На днях чальцы клюбу «Велапіцер» плануюць правесці сход і вырашыць, што ім рабіць далей. Яны лічаць, што дапамагчы ім можа максімальны розгалас начнога разгону.
www.svaboda.org