Эліза Ажэшка. Пачала пісаць у дзяцінстве, злавала грамадства, магла атрымаць літаратурнага Нобеля
6 чэрвеня 1841 года нарадзілася пані Эліза Ажэшка. Пісьменніца і публіцыстка, чые раманы перакладзены на 20 моў свету. Яны даюць багатую карціну грамадскага жыцця эпохі паўстання 1863-га і яго паразы, пануючых ідэй, перакананняў, дылем і катастроф.
«Каралева жывога слова» — так Элізу Ажэшка назвала вядомая літаратуразнаўца Валянціна Гапава. У сваёй творчасці яна закранала сацыяльную, нацыянальную і жаночую тэматыку. Таму Ажэшка параўноўвалі з французскай пісьменніцай фемінісцкіх поглядаў Жорж Санд. Сама ж Ажэшка прасоўвала ў творах пазіцыю незалежнай, свабоднай жанчыны, не скаванай умоўнасцямі, якая, нягледзячы на пануючыя ўзоры, жыла так, як хацела. Так яна адказвала грамадству на ўласныя выклікі і кпіны. Тое, што яна пісала, добра ведала па сваім досведзе.
Нарадзілася ў вёсцы пад Горадняй
Эліза Ажэшка — у дзявоцтве Паўлоўская — нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў Мількаўшчыне, якая знаходзілася каля мястэчка Скідзель, па дарозе з Горадні на Ліду. Хрост Эліза атрымала ў старым драўляным касцёле ў Каменцы. Сам храм не захаваўся: быў перабудаваны ў ХХ стагоддзі на гатычны манер.
Бацькам Элізы быў адвакат Бенедыкт Паўлоўскі, а маці — яго другая жонка Францішка, народжаная Каменская. Першай жонкай Бенедыкта Паўлоўскага была Тэрэса Барзецкая, сваячка Караля Барзецкага, маршалка шляхты Гродзенскага павета. Якраз у Караля Барзецкага бацька Элізы і купіў маёнтак з сядзібай у Мількаўшчыне, дзе нарадзілася Эліза.
Гадавалася сярод жанчын
Першыя гады дзяцінства Эліза правяла ў Мількаўшчыне. Калі Элізе было тры гады, памёр бацька. Тады маёмасць у Мількаўшчыне сям’я стала здаваць у арэнду, бо пасля смерці бацькі разам з маці, бабуляй Каменскай, сястрой і апекуном пасялілася ў Горадні. Маці называла Эльжбету — Эліза, адсюль і імя, якое яна потым ужывала ў творчасці. Бабуля ж называла дзяўчынку пяшчотна Зюня.
У родны дом Эліза вярталася толькі ў летнія месяцы.
Дарэчы, зараз у Мількаўшчыне захаваліся рэшткі маёнтка Паўлоўскіх: калодзеж і алея з двухсотгадовых клёнаў, названая «Алея Элізы». Прыкладна за кіламетр на ўсход ад суседняй вёскі Залесна знаходзяцца могілкі роду Паўлоўскіх, на якіх, між іншым, пахаваны бацька Элізы Бенедыкт, яго брат Ян, дачка Клеменціна і першая жонка Тэрэза.
Пачала пісаць з дзяцінства
Гэтаму спрыяла абстаноўка і атачэнне. Эліза паходзіла з дому, дзе высока цаніліся культура і інтэлект. Дома бацька сабраў каштоўную карцінную галерэю і бібліятэку ў некалькі тысяч тамоў.
Ужо ў дзяцінстве выявіўся яе пісьменніцкі талент. Эліза ахвотна падчас адпачынку ў Мількаўшчыне шпацыравала па лугах, палях і лясах, знаёмячыся з прыгажосцю мясцін, размешчаных над Нёманам. У сямігадовым узросце яна напісала апавяданне «Пахавальны звон», дзе апісала менавіта гэтыя ваколіцы.
Пансіён бенедыктынак
Першы раз Эліза пакінула наднёманскую зямлю ў адзінаццаць гадоў. Яна паехала са сваёй бабуляй у Варшаву, каб пачаць навучанне ў Вышэйшым жаночым інтэрнаце сясцёр бенедыктынак. Школа размяшчалася на Новамесцкай плошчы.
Адной з пансіёнак была Марыя Васілоўская, пазней — знакамітая пісьменніца Марыя Канапніцкая, з якой Эліза пасябравала, і сяброўства гэтае замацавалася на ўсё жыццё. Іх адносіны пабудаваліся на агульным захапленні літаратурай. Дзяўчаты пазнаёміліся са шматлікімі творамі Каханоўскага, Рэя, Скаргі, Красіцкага, Міцкевіча, Сыракомлі...
Замужжа з панам Ажэшкам
Пасля пяці гадоў знаходжання ў Варшаве Эліза вярнулася на родны Нёман. Лета яна праводзіла пад Горадняй, у маёнтку маці, а восень і зіму — у горадзе. Яна ўдзельнічала ў шматлікіх суседскіх сходах, і на адным з іх пазнаёмілася з далёкім стрыечным братам свайго айчыма Пятром Ажэшкам.
Эліза як адзіная спадчынніца Мількаўшчыны выдатна пасавала халасцяку, які растраціў свой маёнтак у маладосці. Так, на ўгаворы маці, яна пагадзілася ва ўзросце няпоўных сямнаццаці гадоў выйсці замуж за земскага шляхціца Пятра Ажэшку, які быў старэйшы за яе на 16 гадоў.
Вянчанне адбылося 21 студзеня 1858 года ў касцёле бернардзінцаў у Горадні, маладыя пасяліліся ў маёнтку Ажэшкаў у Людвінаве на Палессі.
Гэты шлюб нельга назваць удалым і шчаслівым. Эліза стамілася ад свецкага жыцця, якое яна апісвала як «бесклапотны карнавал». Яна выбрала сваю адукацыю, якую назвала «ўніверсітэтам»: чытала кнігі з бацькавай бібліятэкі. Як яна пазней казала, яе маральнае і разумовае сталенне пачалося ў 1860 годзе.
Эліза ўключалася ў грамадскае жыццё і грамадскую дыскусію аб сацыяльна-эканамічных рэформах, аб магчымасці і парадку надзялення сялян правамі. Яна была прыхільніцай дэмакратычных рашэнняў, хацела дапамагчы вёсцы, марыла аб лепшай долі тамтэйшых людзей. На гэтым фоне паміж сужэнцамі ўзнікалі разыходжанні ў поглядах і шматлікія непаразуменні. Яе дасягненнем стала стварэнне сельскай школы, якую яна зрабіла разам з братам мужа Фларыянам.
Бяда прыйшла з-за даносу пакрыўджанага вазніцы
У 1863 годзе выбухнула паўстанне…
Год перад выбухам паўстання Эліза правяла ў Варшаве. Пасля вяртання ў Людвінава яна падтрымала паўстанцаў. Яе муж скептычна паставіўся да гэтых дзеянняў, але пагадзіўся дапамагчы аднаму з кіраўнікоў паўстання — самаму Рамуальду Траўгуту, які два тыдні знясілены і хворы правёў у доме Ажэшак. Пазней Эліза адвезла яго ва ўласнай карэце да межаў Каралеўства Польскага.
Свае ўражанні і ўспаміны з таго перыяду яна пазней апісала ў навеле «Gloria victis».
Дапамога паўстанцам была забаронена царскімі ўладамі і мела цяжкія наступствы. Такія наступствы пацярпелі і Ажэшкі, бо незадаволены фурман паведаміў уладам пра знаходжанне Траўгута ва ўладаннях і іншыя формы дапамогі паўстанцам.
Пятра Ажэшку арыштавалі і выслалі ў Сібір, у Пермскую губерню, а маёмасць канфіскавалі. Эліза не пайшла за мужам, пераехала ў Мількаўшчыну і пачала дабівацца скасавання шлюбу.
Скандал!.. Кінула мужа, прадала маёнтак
Эліза Ажэшка шакіравала грамадскасць сваімі паводзінамі.
У элегантным свеце земскай шляхты жонкам не даравалі, калі яны пакідалі мужоў у няшчасці. Таксама шокам для свецкай супольнасці стала падача заявы аб скасаванні шлюбу.
Аднак Элізе было ўсё роўна, што гавораць і думаюць пра яе людзі. Гэта была маладая 24-гадовая жанчына з пэўнымі жыццёвымі планамі. Яна хацела рэалізаваць сябе ў літаратуры, а не марнаваць сваё маладое жыццё ў далёкай Расіі з мужам, якога не кахала. Барацьба за скасаванне шлюбу доўжылася два гады, на працягу якіх Эліза, занятая любоўнымі і літаратурнымі справамі, не звяртала ўвагі на фінансы, што пагражала ёй банкруцтвам.
Пад пагрозай фінансавай катастрофы Ажэшка па парадзе адваката Станіслава Нагорскага прадала на рынку свой родны маёнтак Мількаўшчына. Гэта забяспечыла ёй сродкі да існавання на доўгія гады.
Аднак гэтае рашэнне не прынесла ёй саюзнікаў сярод земскай шляхты, а наадварот. Патрыятычным і пачэсным стаўленнем лічылася барацьба за сямейную маёмасць да канца. Здача на таргі і жыццё без сродкаў — так не павінен паступаць годны шляхціц.
І тут Ажэшка не дагадзіла грамадству…
Вырашыла жыць і працаваць так, як хоча
У Горадні Эліза завяла працяглы раман са старэйшым жанатым мужчынам. Яна закахалася ў адваката Нагорскага, які кансультаваў яе па маёмасных справах. Што праўда, адвакат, старэйшы за яе на пятнаццаць гадоў, быў жанаты і не збіраўся ад гэтага шлюбу адмаўляцца.
Дзеля Нагорскага Эліза пасялілася ў Горадні, дзе закаханыя сустракаліся доўгія гады. Раман не ўдалося захаваць у сакрэце, што сур’ёзна паставіла пад пагрозу і без таго заплямленую рэпутацыю пісьменніцы.
Грамадства, да якога яна належала па нараджэнні, не магло дараваць ёй таго, што яна кінула мужа, сасланага за дапамогу паўстанцам, і тое, што, будучы жанчынай, вырашыла жыць і працаваць так, як хоча.
Пасля рамана даўжынёй у чвэрць стагоддзя ў 1894 годзе яна ўсё ж стала пані Нагорскай. Закаханыя ўзаконілі свае адносіны пасля смерці першай жонкі Станіслава Нагорскага, калі Элізе было 53 гады, а яе выбранніку 68. Разам яны пражылі ўсяго два гады, бо адвакат раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу падчас вечарыны з нагоды імянін Элізы.
Замест адкрыцця помніка — на вяселле сябра
Пісьменніца, якая ўжо стаяла на парозе 60-гадовага веку, паддалася абаянню маладога афіцэра Францішка Гадлеўскага, які быў на 25 гадоў маладзейшага за яе. Яны былі толькі сябрамі, тым больш што афіцэр быў заручаны і меў намер ажаніцца са сваёй выбранніцай.
Вяселле павінна было адбыцца ў Варшаве ў студзені 1899 года, а за два тыдні да гэтай падзеі планавалася адкрыццё помніка Адаму Міцкевічу. Пані Эліза была запрошаная на абодва мерапрыемствы, але ўсе чакалі, што яна з’явіцца на патрыятычным.
Між тым пісьменніца з’явілася толькі на вяселлі сябра, а на адкрыццё помніка Міцкевічу яна не трапіла. Хоць гэта было звязана з цяжкасцямі дарогі з Горадні ў Варшаву, але выклікала яшчэ адно абурэнне ў адрас Элізы.Пісалі, што «яе паўсюль няма, яна нічога не хоча рабіць для краіны, яна дрэнная полька!».
Сянкевіч ці Ажэшка?
Ажэшка была кандыдатам на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Яе кандыдатуру вылучыў тагачасны прафесар Берлінскага ўніверсітэта Аляксандр Брюкнер. Ажэшка мела падтрымку члена Нобелеўскага інстытута Шведскай акадэміі, знаўцы літаратуры славянскіх краін Альфрэда Янсена. Янсен цаніў яе творчасць у некаторых аспектах больш, чым Генрыка Сянкевіча, які таксама быў кандыдатам на гэтую прэмію.
Члены Нобелеўскага камітэта лічылі, што Ажэшка нароўні з Сянкевічам заслугоўвае прэміі, але Нобелеўская прэмія па літаратуры ў 1905 годзе была прысуджаная ўсё ж Генрыку Сянкевічу.
Смерць, пахаванне і… зноў скандал!
Нават пасля смерці Эліза стала аб’ектам маральнага скандалу.
Эліза Ажэшка памерла ў маі 1910 года ва ўзросце 69 гадоў. Прычынай смерці стала цяжкае захворванне сэрца. Святар адмовіўся адпяваць яе па-каталіцку, бо яна не хадзіла да касцёла, хоць сапраўднай прычынай адмовы называлі даўні раман з Нагорскім. Спатрэбілася ўмяшанне біскупа, пасля чаго яна была пахаваная па каталіцкай традыцыі на могілках у Горадні.
Эліза Ажэшкова-Нагорская, у дзявоцтве Паўлоўская, спачывае на Фарных могілках разам са сваім другім мужам Станіславам Нагорскім. На гэтых могілках таксама пахаваны маці пісьменніка і яе зводны брат Ян Відацкі.
Пахаванне Элізы Ажэшкі адбылося 23 мая 1910 года. Нягледзячы на намаганні царскіх улад не дапусціць, каб яна перарасла ў патрыятычную маніфестацыю, у ёй прынялі ўдзел больш за 15 тысяч чалавек. Чым не кампенсацыя прапушчанай цырымоніі адкрыцця помніку Міцкевічу?