Гадавіна. Паўстанне ў гета: памерлі няскораныя

70-я гадавіна паўстання ў Варшаўскім гета... У 10 гадзін раніцы ў Варшаве завылі сірэны і раззваніліся касцельныя званы ў знак памяці і ўшанавання гераізму габрэйскіх паўстанцаў.



ab3e2353_3a77_4e07_a913_e260eab9a750_w640_r1_s.jpg

Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі на мерапрыемствах з нагоды гадавіны паўстання ў Варшаўскім гета

Круглая гадавіна паўстання адзначаецца ў Варшаве на найвышэйшым узроўні. Урачыстасці пачаліся ўскладаннем кветак да Помніка Героям Гета, малітвай за памерлых — кадыш, прамовамі прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага і Варшавы — Ганны Гранкевіч-Вальц. У Музеі гісторыі польскіх габрэяў запланаваны адмысловы канцэрт. У Доме сустрэч з гісторыяй адбудзецца паказ фільму “ Фатограф мрояў”, прысвечаны Рышарду Гаровіцу, аднаму з наймалодшых габрэяў, якія перажылі Аўшвіц. У Габрэйскім тэатры у Варшаве адбудзецца спектакль “Ноч усяго жыцця” на аснове ўспамінаў Януша Корчака ў апошнюю ноч перад Халакостам.

Урачыстасці завершацца позна ўвечары светавой інсталяцыяй. Святло пражэктараў, усталяваных ля Музея гісторыі польскіх габрэяў і Музея Варшаўскага паўстання, перакрыжуюцца ў знак адзінства лёсу і абароны ад нацысцкага генацыду.

Паўстанне пад кіраўніцтвам Мардэхая Анелевіча і Паўла Фрэнкеля пачалося 19 красавіка 1943 года ў першы дзень габрэйскай Пасхі і ў пачатку Вялікага тыдня ў каталікоў. Слаба ўзброеныя паўстанцы з Габрэйскай баявой арганізацыі і Габрэйскага вайсковага саюзу вырашылі аказаць немцам узброены супраціў. Калі тыя прыступілі да канчатковай ліквідацыі гета, малыя групы паўстанцаў абстралялі іх, закідалі бутэлькамі з запальнымі рэчывамі, самаробнымі гранатамі і бомбамі. Не зважаючы на безнадзейнасць узброенай барацьбы, паўстанцы пратрывалі амаль месяц. 16 траўня генерал СС Юргэн Строоп абвясціў канец зачысткі гета і ў знак перамогі загадаў узарваць галоўную сінагогу. 6 тысяч габрэяў загінулі ў час баёў, яшчэ 7 тысяч нацысты забілі на тэрыторыі гета, гэтулькі ж выслалі ў лагер у Трэблінцы, а астатнія 36 тысяч чалавек — у Аўшвіц ды іншыя лагеры.

Тэрыторыя гета была літаральна зраўняная з зямлёю. З амаль паўмільёна габрэяў, згуртаваных у Варшаўскім гета, выратаваліся толькі каля 3 тысяч.

Паўстанне у Варшаўскім гета было першым актам узброенага супраціву габрэяў у акупаванай немцамі Еўропе. 15–16 жніўня 1943 года падобнае, хоць аднадзённае і менш маштабнае, адбылося ў Беластоку. Калі праходзім па вуліцы Мальмэда, варта памятаць, што да паўстання спрычыніўся Ісхак Мальмэд.

У часе хапуну габрэяў ён абліў салянай кіслатой нямецкага салдата. У адказ на жорсткія рэпрэсіі і высылку ў газавыя камеры невялікая група паўстанцаў на чале з Мардэхаем Тэнэнбаўмам і Даніэлем Машкевічам пачала адстрэльвацца. Частка паўстанцаў прарвалася у Кнышынскую Пушчу.

З больш як 60 тысяч беластоцкіх габрэяў ацалелі ўсяго некалькі сотняў.

Гэтак, як і паўстанне ў Варшаве, яно не ставіла перад сабою ваенных мэтаў. Яго сэнс выказаны ў заяве польскага Сейму: “У абарону чалавечай годнасці габрэйскія паўстанцы ўзялі ў рукі зброю. Барацьба была выявай пратэсту супраць абыякавасці на генацыд з боку свету, а таксама выявай гераічнага бунту... Падпольная польская дзяржава падтрымлівала паўстанне, пастаўляючы зброю і харчы і паведамляючы свет пра мужнасці і гераічнае змаганне,” — гаворыцца ў заяве польскага Сейму.

У акупаванай нацыстамі Еўропе агулам загінула 6 мільёнаў габрэяў. Аднак дзень 19 красавіка 1943 года захоўваецца ў памяці габрэяў як сімвалічная, эпахальная дата. Улічваючы безнадзейнасць супраціву — гэта быў роспачны акт выбару годнай смерці са зброяй у руках і помсты за генацыд супляменнікаў. Выбар смерці стоячы, а не на каленях. Паўстанцы страцілі жыццё, але абаранілі сваю і сваіх супляменнікаў годнасць.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя