«Я вымушана была ўзяць у свае рукі ўсё, што толькі было магчыма»
Весці рэй у справе змагання за родную краіну жанчыны пачалі не ўчора, і не ў 2020 годзе. Яшчэ ў далёкім ад нас ХІХ стагоддзі беларускі дзяліліся патаемным са сваімі дзённікамі. Пачытайце, што яны пісалі.
Мала хто назаве прозвішчы паплечніц Каліноўскага ці тых, хто стаяў поруч з братамі Луцкевічамі ў справе нацыянальнага адраджэння XX стагоддзя. Але некаторыя жанчыны, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях на беларускіх землях у розныя часы, пакінулі пасля сябе дзённікі. Праз запісы мы можам пабачыць тыя падзеі іх вачыма, а таксама праліць святло на некаторыя цёмныя раней кавалачкі гісторыі, піша Budzma.
Людвіка Ямант
Удзельніца паўстання 1863–1864 гадоў напрыканцы жыцця напісала ўспаміны пра падзеі тых часоў. Менавіта ў яе дзённіках сцвярджаецца, што ейная сястра Марыя была нявестай Кастуся Каліноўскага, з якім дзяўчаты былі асабіста знаёмыя. Людвіка ўваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні, удзельніцы якога займаліся распаўсюджаннем літаратуры і прэсы, рыхтавалі зброю і гатавалі ежу для паўстанцаў, клапаціліся пра зняволеных.
Яна пакінула пасля сябе некалькі сшыткаў рукапісаў на польскай мове, якія не перакладаліся на беларускую і захоўваюцца ў бібліятэцы ў Польшчы. У адным з іх яна распавядае, што за ўдзел у паўстанні была арыштавана іх сям’я, і тады расійскія ўлады паставілі ўмову: брат Людвікі Юзаф не будзе пакараны смерцю, толькі калі дзве жанчыны з сям’і пагодзяцца «на паражэнне ў правах». Гэта прынялі на сябе маці Схаластыка і старэйшая сястра Марыя (тая самая нявеста Каліноўскага), бо «для мужчыны, які ўсё жыццё займаў адпаведную пасаду, гэта было б вынесці складаней, чым для жанчыны, якая не ведае меж самаахвярнасці», як пісала яна ў дзённіках. Так жанчыны сям’і выратавалі брата і сына ад смерці і былі пазбаўлены часткі грамадзянскіх і палітычных правоў — сям’ю адправілі ў ссылку.
Людвіка таксама дакладна апісала, як паліцмайстар Саранчаў, які ў той час служыў у Вільні, дапамагаў паўстанцам. Аднойчы — нават выратаваў жыццё Кастусю Каліноўскаму, калі наўмысна не заўважыў, дзе ён хаваўся. Ямант распавядала, што ваенныя атачылі дом, дзе Каліноўскі спыніўся ў Вільні, адразу пасля ягонага прыезду.
«Не задумваючыся, маланкавым рухам расчыняе акно і як быў, у бялізне, з цяжкасцю выбіраецца на дах, пакрыты густым інеем, дзе, прыціскаючыся грудзьмі да чарапіцы, якая яго ўтрымлівае, мае перспектыву ў любую хвіліну ўпасці на галовы салдат... У той раз Канстанцін толькі цудам ацалеў, бо ў яго ўжо рукі акасцянелі, і, замярзаючы, ён губляў прытомнасць. Толькі яго маральная і фізічная сіла дапамаглі яму вытрымаць гэта страшнае выпрабаванне. Дзіўнае наканаванне лёсу!»
Таксама Людвіка Ямант падрабязна апісвала, як жанчыны ўдзельнічалі ў паўстанні:
«...Пасля адной з сутычак атрад Залескага, які хаваўся ў лясах, меў патрэбу, як звычайна ў такіх выпадках, у пастаўках наяўных грошай і папаўненні запасаў у лагеры. Такія пытанні звычайна вырашаліся намаганнямі аб’яднаных у групы жанчын, дзе кожная групка мела сваю кіраўніцу, звязаную, у залежнасці ад патрэб, з кім-небудзь з сябраў арганізацыі.
...Маючы абавязак пастаянна сачыць за патрэбамі зняволеных, мы даведаліся, што затрыманыя сяляне, якія знаходзіліся ў казармах так званага былога дома Зайкоўскага, пакутуюць праз адсутнасць чыстай бялізны і шмат якіх неабходных рэчаў. Мы з пані дамовіліся па чарзе дастаўляць туды ўсё, у чым яны маюць патрэбу. Мы пайшлі ўдзвюх, за намі служанка несла кош, запоўнены бялізнай, цукрам, гарбатай, тытунём і г. д. разам са спісам змесціва. Брама казармы знаходзілася ў той час пры Антокальскай дарозе. Вязні ўбачылі з акон, што мы іх выглядаем (пазней у такіх выпадках яны прысылалі падкупленага салдата, які забіраў кош, а пусты вяртаў нам)».
Магіла Людвікі Ямант на могілках «Росы»
Марыя Багушэвіч
Марыя Багушэвіч — публіцыстка і настаўніца, удзельніца польскага і беларускага рэвалюцыйнага руху супраць царскіх улад у канцы ХІХ стагоддзя. Яна нарадзілася ў Слуцкім павеце, а яе дзейнасць шчыльна звязана з партыяй «Пралетарыят» — першай польскай рабочай партыяй, якая мела ўплыў і на беларускія землі. Партыя мела на мэце пабудаваць сацыялізм.
Спачатку Багушэвіч узначальвала Таварыства Чырвонага Крыжа, якое дзейнічала пры партыі, а ў 1884 годзе, пасля масавых рэпрэсій і арыштаў сябраў «Пралетарыята», стала яго старшынёй. «У ліпені прайшлі тыя жудасныя масавыя арышты. Таму я вымушана была ўзяць у свае рукі ўсё, што толькі было магчыма... Цяжкая праца, амаль ліхаманкавая», — пісала яна ў дзённіках.
Марыя выдавала партыйную газету, мела шчыльныя сувязі з цэнтрамі рэвалюцыі ў іншых гарадах. Дзякуючы яе намаганням пасля моцнага ўдару расійскіх улад партыя аднавілася, перазапусціла дзейнасць большасці гурткоў на фабрыках Варшавы. У адрозненне ад большасці партыйцаў Марыя Багушэвіч была супраць тэрору. Яна таксама распрацоўвала планы ўцёкаў сяброў партыі, якія трапілі за краты. Жанчына насіла ім у Варшаўскую цытадэль прадукты і бялізну, аднак хутка сама апынулася там: у ноч з 29 на 30 верасня 1885 года яе арыштавалі расійскія ўлады, і каля двух гадоў яна правяла ў зняволенні. Пасля гэтага была выслана ў Сібір, але захварэла і памерла ў Краснаярску ў 1887 годзе ў перасыльнай турме.
У апошняй дарозе яна паспела занатаваць свае ўспаміны ў «Дзённіку», адрасаваўшы яго свайму таварышу па партыі, які ішоў наступным этапам у Сібір. «Дзённік» быў выдадзены толькі на польскай мове. У ім Марыя распавядае пра настроі і погляды яе пакалення, традыцыі і звычкі часу, аднак з мэтай бяспекі амаль не называе імёнаў і падрабязнасцей. Спісаныя ўспамінамі лісты яна зашывала ў спадніцу. Наогул асцерагаючыся пераследу, Марыя і ейныя таварышы знішчалі любыя доказы сваёй дзейнасці — менавіта таму цяпер пра іх амаль нічога невядома.
У тым ліку ў дзённіках яна апісвала некаторыя сустрэчы гурткоў:
«Тым часам увесь гэты гурток, што складаўся з 30–35 чалавек, збіраўся штосуботу ў мяне. Кожны з іх па чарзе рыхтаваў нешта накшталт дакладу: нешта арыгінальнае, які рэферат пра што-небудзь. Шмат часу займалі ажыўленыя спрэчкі, а потым мы спявалі да позняй ночы. Я неяк трохі прахапілася, хоць часткова. Спачатку схапілася за працу, хацела забыцца пра сябе. Праводзіла лекцыі дома і ў горадзе, займалася гаспадаркай, чытала і г. д.»
Напрыканцы жыцця Марыя Багушэвіч таксама шмат разважала пра свае прынцыпы і матывацыю ўдзелу ў рэвалюцыі:
«Няўжо ж той, хто аднойчы адчуў вострую неабходнасць дзеяння дзеля дасягнення высокіх мэт, можа замкнуцца ў цеснай абалонцы індывідуалізму? Бачыш цяпер, што для мяне дарога, якой я іду, узнікла сама сабой. Інакш і быць не магло... Мяне горача запэўнівалі, што нават самая энергічная грамадская дзейнасць не можа замяніць усяго жыцця — я гэтаму не верыла і не веру».
Юліяна Менке (Вітан-Дубейкаўская)
Гэта жанчына была нарачонай Івана Луцкевіча — аднаго з самых відных дзеячаў беларускага адраджэння ХХ стагоддзя. Аднак сказаць пра яе толькі гэта значыла б не сказаць нічога.
Яна была немкай з купецкай сям’і, два пакаленні якой жылі ў Вільні, але моцна спрычынілася да беларускага руху. Яна ведала нямецкую мову, таму дапамагала стасавацца беларускім дзеячам з нямецкай уладай падчас акупацыі Вільні наконт прасоўвання права беларусаў на самавызначэнне і адукацыю. Напрыклад, Юліяна начамі апантана сядзела за перакладамі дакументаў. Яны дамагаліся таго, каб у горадзе былі распачаты беларускія школы і гурткі, тэатр, выходзіла беларуская прэса. Акрамя гэтага, жанчына выкладала ў Віленскай Беларускай гімназіі нямецкую мову і педагогіку. Іван Луцкевіч памёр у яе на руках, пасля чаго яна працягнула беларускую справу. Праз пэўны час выйшла замуж за іншага беларускага дзеяча — Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Пасля смерці мужа Юліяна пераехала ў Германію, дзе напісала мемуары.
Кніжка «Мае ўспаміны» перакладзена на беларускую мову і дасяжная ў электронным варыянце. У ёй Вітан-Дубейкаўская апісвае падзеі, звязаныя з нацыянальным адраджэннем ХХ стагоддзя, сваю сям’ю і побыт таго часу, але большасцю яны звязаны з Іванам Луцкевічам. Яна распавядае, як Іван шкадаваў выдаткоўваць грошы на сябе і хутчэй набыў бы новы экспанат у Музей, чым ежу, пра вячэры ў доме яе бацькоў, пра шпацыры з Іванам па вулках Вільні, пра пастановы п’ес Францішка Аляхновіча, пра апошнія дні Луцкевіча. Адам Мальдзіс адзначаў, што з дзённікаў «можна даведацца мноства каштоўных звестак аб беларускім літаратурным жыцці пачатку ХХ стагоддзя».
У кнізе ёсць шмат апісанняў асобы Івана Луцкевіча, а таксама іх узаемаадносін з Юліянай:
«Гэтак і Іван. Яго беларуская справа — усё, потым ягоны шляхоцкі гонар, а затым ужо асабістае жыцьцё і шчасьце, гэта значыць і я. Ну так, ён чалавек ідэі, і як гэткага ж я яго й пакахала; ён ня ставіць сваё асабістае шчасьце на першым месцы, як я. Але лепш не чапаць гэтага балючага пытаньня, я ж яго не пераканаю й ня хочу быць непажаданай жонкай. Але ж мы кахаемся, дык наша любоў мусіць ператрываць усе няўзгоды часу, супакоіла я сама сябе».
Юліяна няшмат піша пра сваю працу — магчыма, праз сціпласць. Але ў дзённіку ёсць апісанне часткі яе спраў у Беларускай гімназіі:
«У гімназіі праца шла б зусім добра, каб нас не данімаў бальшавіцкі камісарыят сваймі рэформамі ды зьменамі ў праграмах. Як прадстаўнікі гімназіі ў Камісарыят асьветы былі выбраныя тры асобы, у ліку якіх была і я. І вось мы мелі прыемнасьць раз на тыдзень бываць у камісара асьветы, таварыша Бярэзіна, мусіць, раней нейкага Бэркэ із бундаўцаў, які, як нэафіт-камуністы, хацеў паказаць сваю камуністычную прававернасьць і нас за кожным разам усё больш лаяў як белагвардзейскую рэакцыйную банду, якая засела ў Беларускай Гімназіі, гразіў між нас зрабіць чыстку, даваў свае інструкцыі, якія ў той час былі невыканальныя. Да мяне ён меў асаблівую антыпатыю, таму што я бараніла інтарэсы вучыцеляў і навуковую праграму гімназіі й ня пела хвалу камунізму. У гімназіі я прасіла звольніць мяне нарэшце ад гэтага прадстаўніцтва, казала, што нэрвы мае не вытрымоўваюць, і яшчэ чаго добрага зрэжуся з Бярэзіным, але не знаходзіліся ахвотнікі мяне замяніць, і дырэктар казаў мне:
— Вы ўмееце бараніць нашыя справы, да вас як да жанчыны, затым немкі, ня так прычэпяцца».
Як сведка тых падзей Юліяна апісвае сустрэчы і працу беларусаў у тыя часы:
«...Нашы ўкраінскія госьці, таксама Антон і Іван казалі прамовы палітычнага зьместу: што вялікае змаганьне на франтох прывядзе да развалу старога парадку і што ўсе сілы паняволеных народаў мусяць быць напружаныя, каб стварыць новы, лепшы лад, дзе кожны народ куе сваё самастойнае жыцьцё й жыве ў братняй згодзе з суседзямі, і падкрэсьлілі дружбу ўкраінскага народу зь беларускім.
...Магу сказаць з спакойным сумленьнем, што ўсе злосныя гутаркі людзей, непрыязных братом Луцкевічам, што быццам яны за працу ў газэце «Гоман» атрымлівалі грошы або наагул бралі грашовыя дапамогі ад нямецкіх акупацыйных уладаў — пустая брахня. Дай Божа, каб усе грамадзкія дзеячы мелі гэтак чыстыя рукі, як тады браты Луцкевічы.
За нямецкую акупацыю 1915–1919 гадоў Іван Луцкевіч нямала страціў здароўя сваймі пошукамі антыкаў і продажай іх — гэта быў адзіны даход Луцкевічаў, якія жылі вельмі скромна».
Вядома, гэта не ўсе дзённікі, у якіх беларускі апісваюць свой удзел у нацыянальна-вызваленчым руху і прагу да волі. Нам у спадчыну засталіся ўспаміны Ларысы Геніюш, Зоські Верас, Камілы Марцінкевіч, Паўліны Мядзёлкі, Алаізы Пашкевіч і Палуты Бадуновай. Чытаючы іх, можна не толькі больш зразумець сваю гісторыю, але і адшукаць шмат паралелей з сучаснасцю. І часам усведамлення глыбокіх каранёў нашай рэчаіснасці дастаткова, каб знайсці ў гэтым падтрымку і сваімі ўчынкамі напісаць новыя дзённікі беларускага жаночага супраціву.